Данііл, прарок

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
«Прарок Данііл». Мікеланджэла Буанароці, Роспіс скляпення Сіксцінскай капэлы
Данііл у рову з ільвамі

Данііл (іўр.: דָּנִיּאֵל, стар.-грэч.: Δανιήλ) — адзін з чатырох вялікіх прарокаў, які яшчэ ў маладосці быў вывезены ў Вавілон у час першага захопу Іерусаліма Навухаданосарам II. Там пры двары гэтага цара ён выхаваўся ў халдзейскім духу і, паводле вавілонскага звычаю, быў перайменаваны ў Валтасара. За час навучання Данііл праявіў выключныя поспехі і здольнасці і быў прызначаны старшынёй вавілонскіх мудрацоў, што дало яму магчымасць адыгрываць важную ролю пры двары Навухаданосара і яго пераемнікаў на стальцы. Пасля падзення Вавілона ён карыстаўся выключнай павагай у намесніка персідскага цара Кіра II ў Вавілоне мідыйца Дарыя, які зрабіў яго адным са сваіх бліжэйшых памочнікаў. Такое выключнае становішча прыдворнага служкі Данііла выклікала зайздрасць туземных князёў, якія дамагаліся знішчэння яго, дзеля чаго прыдумвалі розныя прычыны. Але ва ўсіх неверагодных здарэннях яго, сцвярджаецца ў Бібліі, выратоўваў сам бог. Валодаючы вялікай сілай уздзеяння на цара Дарыя, Данііл правёў апошнія гады свайго жыцця ў прароцкіх сузіраннях будучых лёсаў свайго іудзейскага народа і, паводле біблейскага падання, нават вылічыў час вызвалення іудзеяў з вавілонскага палону, які адбыўся ў часы панавання Кіра ў 536 да н.э. У той жа год састарэлы прарок Данііл і памёр у Вавілоне.[1]

Зноскі

  1. Скарына Ф. Творы:… С. 156.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А.Ф. Коршунава, паказальнікі А.Ф. Коршунава, В.А. Чамярыцкага. —Мн.: Навука і тэхніка, 1990. —207 с.: іл. С.156. ISBN 5-343-00151-3.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]