Даўншыфтынг

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Даўншыфтынг (англ.: downshifting, літаральна «перамяшчэнне ўніз») — адмова ад кар’еры, якая прыносіць шмат грошаў з аднаго боку і шмат стрэсу з другога, на карысць працы з меншым заробкам і меншым узроўнем стрэсу[1]. Адмова ад спроб зрабіць кар’еру на карысць спакою, вольнага часу і т.п. існуе з часоў старажытнасці, але асабліва відавочнай гэта з’ява стала ў апошнія дзесяцігоддзі ў прамыслова развітых краінах.

Адносіны да даўншыфтынгу ў грамадстве[правіць | правіць зыходнік]

Адносіны да даўншыфтынгу ў грамадстве бываюць рознымі. Але найчасцей непаразуменне даўншыфтары выклікаюць у культурах з моцнымі традыцыямі працавітасці, напрыклад у Беларусі і Японіі, а таксама ў краінах, дзе ідэя зрабіць кар’еру, дасягнуць пэўнага палажэння ў грамадстве і зарабіць як мага больш грошаў стала практычна нацыянальнай, напрыклад у ЗША. Сам тэрмін «даўншыфтынг» перадае некаторы негатыўны сэнс: чалавек ідзе не да лепшага (угару), а да горшага (уніз).

У той жа час усё больш кампаній ва ўсім свеце, асабліва ў краінах з развітай эканомікай, прадстаўляюць магчымасць спецыялістам працаваць няпоўны рабочы дзень ці мець гібкі графік, ці працаваць дома, што дапамагае ўтрымліваць даўншыфтараў на рабоце ў гэтых кампаніях, і прывабліваць новыя кадры з ліку «некар’ерыстаў». Так рэклама сеткі рэстаранаў Макдональдс у Мінску прапануе работу з няпоўным днём і гібкім графікам для студэнтаў разам з магчымасцю працаваць поўны рабочы дзень.

Праблемы імкнення грамадства ўвогуле да празмернага спажывання тавараў і паслуг, работы звышурочна і тое, што сям'я перастае быць прыярытэтам для ўсё большай колькасці людзей турбуюць не толькі даўншыфтараў, але і становяцца прадметам некаторых палітычных дэбатаў і заклікаў. Такім чынам, можна лічыць што ўспрыманне даўншыфтынгу ў грамадстве не заўжды адназначна негатыўнае.

Пазіцыя даўншыфтараў і прычыны, якія пабуджаюць людзей адмовіцца ад кар’еры[правіць | правіць зыходнік]

У сваю чаргу даўншыфтары прытрымліваюцца думкі, што можна зарабіць дастаткова на жыццё без залішняга стрэсу, які выклікае напружаная работа дзеля атрымання дадатковых грошаў на жыццё ў сталіцы, будаўніцтва дому ў горадзе, набыцця прэстыжнага аўтамабіля. Пры гэтым у чалавека застаецца вольны час на тое, што яму падабаецца. Адзін мужчына ў Тайландзе распавядаў аб сваім пошуку бліскучай кар’еры ў сталіцы краіны: ён прыехаў у Бангкок каб жыць лепш, але быў вымушаны працаваць больш і есці менш якасную ежу і не меў уласнага дому, а калі вярнуся ў родную вёску, без праблем пабудаваў дом, працуе ўсяго 15 хвілін штодзень каб забяспечыць свае патрэбы і мае досыць часу на чытанне кніг[2]. Яшчэ адзін служачы ў Нігерыі ў пачатку 1990-х гг. выбіраў паміж кар’ерай і магчымасцю пераехаць у іншую частку сваёй краіны каб удзельнічаць у добраахвотным рэлігійным служэнні і, падлічыўшы што за 40 гадоў працы ён нават не заробіць на аўтамабіль, вырашыў звольніцца і стаць рэлігійным валанцёрам[3].

У некаторых выпадках даўншыфтынг можа быць праявай унутранай эміграцыі: адмовы рабіць кар’еру ў пэўнай краіне пры нязгодзе з існуючым палітычным рэжымам альбо нейкімі тэндэнцыямі ў грамадстве. Так, у СССР у 1960-70-х гг. некаторыя дворнікі і качагары мелі вышэйшую адукацыю ці нават навуковыя званні, а ў канцы 1960-х гг. шэраг маладых амерыканцаў з матэрыяльна забяспечаных сем’яў, пераважна хіпі, адмаўляліся ісці на працу ў дзяржаўныя ўстановы і камерцыйныя прадпрыемствы, пераязджалі ў сельскую мясцовасць і працавалі на зямлі ці паасобку, ці невялікімі абшчынамі.

Некаторыя даўншыфтары сёння пераязджаюць у сельскую мясцовасць па прычыне высокай экалагічнай свядомасці і жадання штосьці зрабіць каб захаваць чыстым навакольнае асяроддзе[4]. Некаторыя іншыя адмаўляюцца ад бліскучай ці не вельмі кар’еры ў багатых краінах і пераязджаюць у бедныя дзеля выканання адукацыйных, рэлігійных ці гуманітарных місій.

Ад даўншыфтынгу трэба адрозніваць адмову працаваць увогуле па прычыне ляноты ці жадання працаваць на пэўных умовах (толькі ў пэўнай галіне вытворчасці ці абслугоўвання, толькі на пэўнай пасадзе, толькі за пэўную заробную плату) пры адсутнасці магчымасцяў знайсці работу, адпаведную гэтым умовам. Таксама праблематычна адносіць да даўншыфтараў тых, хто згаджаецца працаваць за меншы заробак, у горшых умовах, з паніжэннем у званні ці пасадзе па прычынам практычна незалежным ад яго/яе (высокая канкурэнцыя за рабочыя месцы, пакаранне з боку кіраўніцтва альбо нават, як апісана ў Салжаніцына, боязь масавых рэпрэсій, якія закранаюць пэўныя прафесіі больш чым іншыя[5].

Зноскі

  1. WordWeb. Offline Dictionary (CD)
  2. Жизнь очень простая! Почему мы постоянно ее усложняем? (артыкул і відэа на сайце Lifehacker.ru)
  3. Jehovah’s Witnesses Yearbook 1993. Published by Watchtower Bible and Tracts Society Inc., p. 43
  4. The Ultimate Growth Business; Many corporate refugees think green acres are the place to be. How do they make the transition? October 12, 2012 «Wall Street Journal»
  5. Персанаж аповесці «Ракавы корпус» Аляксей Філіпавіч Шулубін ішоў ўніз па кар’ернай лесвіцы ад вучонага да простага бібліятэкара па прычыне масавых рэпрэсій, падчас якіх многія яго калегі падвергліся турэмнаму зняволенню, чаго ён здолеў пазбегнуць (Гл.: Солженицын А. И. Раковый корпус, глава Идолы рынка. // Солженицын А. И. Избраное. — Мн.: ООО «Сэр-Вит», 2001. — 752с., с.654-655)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]