Джаната парты

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці

Джа́ната па́рты (Народная партыя), палітычная партыя Індыі ў 1977-1980. Створана ў выніку аб'яднання партый Бхаратыя джана сангх, Бхаратыя лок дал, Сацыялістычнай партыі, Кангрэса за дэмакратыю і Індыйскага нацыянальнага кангрэса (арганізацыі), з мэтай адхіліць ад ўлады прэм'ер-міністра, кіраўніка партыі Індыйскага нацыянальнага кангрэса Індзіру Гандзі, якую яны абвінавачвалі ў аўтарытарызме, непатызме і карупцыі.

Апаненты І.Гандзі згуртаваліся вакол аднаго з ветэранаў барацьбы за незалежнасць Джая Пракаш Нараяна. Выкарыстанне ўрадам надзвычайнага становішча ў барацьбе з шырокай апазіцыяй надало апошняй больш папулярнасці, паколькі па форме палітычнае супрацьстаянне нагадвала адносна нядаўнюю барацьбу індыйцаў за незалежнасць.

Джаната парты перамагла на парламенцкіх выбарах 1977, стаўшы першай партыяй, якая нанесла паражэнне Індыйскаму нацыянальнаму кангрэсу. Сфарміраваны ёй урад аднавіў дыпламатычныя адносіны з КНР (хаця прагрэс у двухбаковых адносінах пачаўся яшчэ пры папярэднім урадзе І.Гандзі), палепшыў стасункі з Пакістанам і адстойваў на сусветнай арэне індыйскую ядзерную палітыку. Быў створаны трыбунал для расследавання злоўжыванняў падчас надзвычайнага становішча, якому, аднак, не ўдалося прыцягнуць да адказнасці І.Гандзі.

Аб'ядноўваючы ідэалагічна розныя палітычныя сілы Джаната парты аказалася недастаткова трывалай арганізацыяй, не здолела папярэдзіць павелічэнне дэзарганізацыі і неэфектыўнасці ў кіраванні, а таксама праяўленняў карупцыі сярод яе членаў. У 1980 яна прайграла парламенцкія выбары новай партыі Індыйскі нацыянальны кангрэс (Індзіра) і перанесла некалькі расколаў у 1980-я.

Члены Джаната парты, якія прыйшлі ў яе з Бхаратыя джана сангх, пазней стварылі Бхаратыя джаната парты і Джаната дал. Сёння рэшткі былой Джаната парты, якія афіцыйна захавалі гэтую назву, іграюць нязначную ролю ў індыйскай палітыцы і не прадстаўлены ў федэральным парламенце. У рэгіянальнай палітыцы партыя звычайна выступае ў альянсе з Бхаратыя джаната парты.

Палітычная спадчына Джаната парты заключаецца ў прыкладзе ўзначалення народнага руху супраць аўтарытарнага ўрада, у абарону дэмакратыі і фундаментальных свабод. Партыя стала сімвалам для тых палітыкаў і палітычных партый, якія выступаюць супраць Індыйскага нацыянальнага кангрэса, якім па сёняшні дзень кіруе сям'я Нэру-Гандзі. Вопыт Джаната парты выкарыстоўваўся кааліцыйнымі структурамі індыйскай палітычнай сістэмы ў перыяд з другой паловы 1990-х да сярэдзіны 2000-х.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Сайт партыі