Джон Кларк

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Джон Кларк
англ.: John Clark
Дата нараджэння не пазней за 1775
Месца нараджэння
Дата смерці не раней за 1826
Працы і дасягненні
Працаваў у гарадах Гомель
Архітэктурны стыль класіцызм
Найважнейшыя пабудовы Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Джон Кларк[1] (англ.: John Clark, або Clarke) — беларускі архітэктар і будаўнік[2] брытанскага паходжання, прадстаўнік архітэктуры класіцызму. У 1799—1826 гадах жыў і працаваў у Гомелі. Пад яго кіраўніцтвам быў рэканструяваны гомельскі палац Румянцавых — Паскевічаў, пабудаваны гомельскі Петрапаўлаўскі сабор і створана практычна ўся гомельская архітэктура 1-й паловы XIX ст. Адзін з нямногіх дойлідаў, якія тым часам стала працавалі на тэрыторыі Беларусі[3].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Прыехаў у Гомель каля 1799 года па запрашэнні графа М. П. Румянцава, які атрымаў у спадчыну Гомельскі палац. Румянцаў абраў Гомель як асноўную рэзідэнцыю, таму задумаў перабудову палаца, а таксама перабудову і добраўпарадкаванне горада. Ён запрасіў Д. Кларка, імаверна, непасрэдна з Вялікабрытаніі. Запрасіць іншаземнага майстра Румянцаву было няцяжка, бо як расійскі пасланнік у Франкфурце-на-Майне (Германія) ён выконваў абавязак «шукаць і адбіраць для працы» ў Расійскай імперыі іншаземцаў з тэхнічнымі ведамі.

Архітэктараў з Вялікабрытаніі запрашалі з мэтай засвоіць з іх дапамогай найноўшыя тэндэнцыі, што былі прасякнуты сапраўдным разуменнем антычнасці і духам творчасці заснавальніка класіцызму А. Паладыа, і атрымалі развіццё ў Англіі. З сабой Д. Кларк прывёз чарцяжы буйных англійскіх архітэктараў, прадстаўнікоў паладзіянства, у прыватнасці, Р. Адама  (англ.).

Архітэктар жыў і працаваў у Гомелі больш за трыццаць гадоў, меў сям’ю. Свой досвед перадаваў дойлідам Івану Дзьячкову і Івану Аднасумаву. Пасля пераходу маёнтка да князёў Паскевічаў у горадзе жыла ўдава архітэктара.[4]

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Будынак духоўнага вучылішча[правіць | правіць зыходнік]

Будынак былога духоўнага вучылішча.

Пабудаваны пад кіраўніцтвам Д. Кларка ў 1799—1819 гадах як летні дом М. П. Румянцава. У адрозненне ад Гомельскага палаца, які прадназначаўся перш за ўсё для прыёмаў і ўрачыстых мерапрыемстваў, гэты дом выкарыстоўваўся для паўсядзённага пражывання[5]. Складаўся з 3-х аб’ёмаў, пастаўленых на адной лініі: 2-павярховы драўляны прамавугольны ў плане корпус і злучаныя з ім галерэі 2-павярховых флігеляў. На першым паверсе корпуса знаходзіліся 2 парадныя залі, на другім — жылыя пакоі. Галоўны фасад быў вылучаны рызалітам з шасцікалонным порцікам дарычнага ордэра і аздоблены балконам. Вокны першага паверху афармляліся паўкруглымі нішамі. Рызаліт, прасценкі першага паверха корпуса і сцены флігеляў былі апрацаваны гарызантальнай рустоўкай.

У другой палове XIX ст. дом быў перабудаваны і ўяўляе з сябе мураваны 2-павярховы П-падобны ў плане будынак (бакавыя крылы прыбудаваны ў 1960-я гады). З 1880-х гадоў у будынку размяшчалася Гомельскае духоўнае вучылішча, цяпер — адзін з карпусоў медыцынскага ўніверсітэта.

Пашырэнне палацавага комплексу[правіць | правіць зыходнік]

На пачатак XIX ст. гомельскі палац уяўляў сабой той будынак, які цяпер з’яўляецца яго галоўным корпусам (узведзены ў 1777—1796 гадах пад кіраўніцтвам архітэктараў Я. М. Аляксеева і Д. Р. Катлярэўскага). Прыкладна з 1801 года Д. Кларк кіраваў архітэктурна-будаўнічымі работамі ў палацы. У галоўным корпусе былі выкананы аднаўленчыя працы і ўладкавана трэцяя лесвіца, праведзена планіроўка месца вакол яго.

Па абодва бакі ад галоўнага корпуса Д. Кларк пабудаваў два двухпавярховыя флігелі. Яны размяшчаліся сіметрычна галоўнаму корпусу, мелі прамавугольную ў плане форму і з боку галоўнага фасада і ракі былі ўпрыгожаны чатырохкалоннымі порцікамі іанічнага ордэра, якія шчыльна прыстаўлены да сцяны. Невялікія аб’ёмы флігеляў і іх лаканічная архітэктурная апрацоўка падкрэслівалі значэнне галоўнага корпуса. У 1805 годзе адзін флігель ужо быў пабудаваны, будаўніцтва другога флігеля завяршылася ў 1818 годзе. У галоўным корпусе некаторыя працы па аздабленні пакояў (пазалотныя, жывапісныя) працягваліся яшчэ ў пачатку 1820-х гадоў.

Такім чынам, адбыўся другі этап будаўніцтва палаца. Палац набыў развітую, звернутую да галоўнай плошчы горада кампазіцыю.[6]

У далейшым, пры новым уладальніку палаца князе І. Ф. Паскевічы, у 1837—1851 гадах пад кіраўніцтвам архітэктара А. Ідзкоўскага левы ад цэнтральнага ўваходу флігель быў перабудаваны і павялічаны да трох паверхаў, а правы разабраны і на яго падмурку ўзведзена трох’ярусная вежа з павільёнам, на якой у 1850 г. быў надбудаваны чацвёрты ярус. Таксама былі пабудаваны галерэі, якія звязалі флігель і вежу з галоўным корпусам.

Мікалаеўская царква[правіць | правіць зыходнік]

Мікалаеўская царква. 2012 г.

Пабудавана пад кіраўніцтвам Д. Кларка ў 1805 годзе[7] на поўдні былой в. Валатава Гомельскага павета на сродкі П. М. Румянцава на месцы старой драўлянай царквы. Размешчана на беразе пратокі Валатава (старое рэчышча р. Сож). У 2-й палове XIX ст. часткова перабудавана. Складаецца з 3-х аб'ёмаў. Да асноўнага квадратнага ў плане аб'ёму з усходу прымыкае 4-гранная апсіда, з захадубабінец з трохяруснай вежай-званіцай. Цяпер знаходзіцца ў межах Цэнтральнага раёна г. Гомеля, на паўночна-усходняй ускраіне горада (вул. Бранская, 1)[8].

Петрапаўлаўскі сабор[правіць | правіць зыходнік]

Петрапаўлаўскі сабор. Бакавы фасад.

У 1808—1824 гадах пад кіраўніцтвам Д. Кларка ў Гомелі па ініцыятыве і на сродкі П. М. Румянцава быў пабудаваны Свята-Петрапаўлаўскі сабор (цяпер кафедральны). Ён знаходзіцца непадалёку ад палаца. Будынак мае цэнтрычную кампазіцыю, у плане — выцягнуты крыж з развітым трансептам, кароткім сярэднім нефам і невялікімі рызніцамі абапал алтарнай часткі. Сяродкрыжжа завершана паўсферычным купалам (вышыня каля 25 м) на высокім светлавым барабане. У афармленні фасадаў выкарыстаны асноўныя класіцыстычныя элементы дэкору[9]. Чатыры дарычныя 6-калонныя порцікі па тарцах і рады паўкалон бакавых фасадаў, увянчаныя трыгліфным фрызам, надаюць пабудове манументальнасць.[10] У некаторых рысах храм нагадвае Сабор св. Паўла ў Лондане[11] (выцягнуты крыжова-купальны план, форма купала, высокі барабан і інш.), архітэктурны стыль якога вызначаецца як «барочны класіцызм».

Ланкастэрская школа[правіць | правіць зыходнік]

Будынак былой Ланкастэрскай школы. 2018 г.

У 1818 годзе пры ўдзеле Д. Кларка архітэктарам І. П. Дзьячковым, які працаваў пад яго кіраўніцтвам[7], быў узведзены будынак Ланкастэрскай школы, першай у Расійскай Імперыі. Мураваны 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак быў галоўным у комплексе пачатковай школы, арганізаванай па ініцыятыве М. П. Румянцава, дзе выкладанне вялося па сістэме ўзаемнага навучання, распрацаванай англійскім педагогам Дж. Ланкастэрам. Сярэдняя частка галоўнага фасада вылучана 8-калонным порцікам іанічнага ордэра, завершаным трохвугольным франтонам. Бакавыя часткі галоўнага фасада мелі невялікія рызаліты, сцены якіх на 1-м паверсе былі руставаныя. Вокны першага паверху знаходзіліся ў неглыбокіх нішах з паўцыркульнымі завяршэннямі. Уваходы з тарцоў будынку падкрэсліваліся чатырохкалоннымі порцікамі тасканскага ордэра, што падтрымлівалі балконы. У сярэдняй частцы будынку знаходзіўся вестыбюль з лесвіцамі на другі паверх. Па баках вестыбюля размяшчаліся вялікія залі для заняткаў, якія мелі пасярэдзіне рад калон. Уваходы з тарцоў будынку мелі сенцы з лесвіцамі на другі паверх. Акрамя галоўнага будынку, у комплекс школы ўваходзілі 4 двухпавярховыя флігелі для пражывання настаўнікаў і вучняў (першы паверх мураваны, другі — драўляны), а таксама драўляныя пабудовы для лазні, свірана і стайні. Зараз у будынку знаходзіцца корпус абутковага вытворчага аб’яднання (вул. Савецкая, 39).

Іншыя творы[правіць | правіць зыходнік]

Джон Кларк таксама пабудаваў бальніцу (1819, не захавалася) і касцёл (1818, не захаваўся).

Не захаваліся[правіць | правіць зыходнік]

Значэнне творчасці[правіць | правіць зыходнік]

М. П. Румянцаў высока цаніў дойліда. Падчас рэканструкцыі гомельскага палаца ён пісаў у маёнтак: «Скажыце Кларку, што я ім бязмерна задаволены, што збіраюся да яго пісаць і даслаць яму самага лепшага агліцкага сукна на фрак»[7].

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Гомельскі палац, выгляд з боку плошчы. Мастак М. Залескі, 1840-я гг. У цэнтры — галоўны корпус (архіт. Я. Аляксееў, Д. Катлярэўскі, Д. Кларк), з левага боку — флігель (Д. Кларк, А. Ідзкоўскі), з правага — вежа (А. Ідзкоўскі).

Зноскі

  1. Сустракаецца памылковае імя Джордж.
  2. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 8: Канто — Кулі. — С. 320. ISBN 985-11-0144-3 (т. 8), ISBN 985-11-0035-8.
  3. Марозаў, В. Ф. Палац у Гомелі = Дворец в Гомеле: Гіст. архіт. нарыс. — Мінск : Полымя, 1991. — С. 37. ISBN 5-345-00448-X. (бел.) (руск.)
  4. а б Марозаў, В. Ф. Палац у Гомелі = Дворец в Гомеле: Гіст. архіт. нарыс. — Мінск : Полымя, 1991. — С. 38. ISBN 5-345-00448-X. (бел.) (руск.)
  5. Марозаў, В. Ф. Палац у Гомелі = Дворец в Гомеле: Гіст. архіт. нарыс. — Мінск : Полымя, 1991. — С. 44. ISBN 5-345-00448-X. (бел.) (руск.)
  6. Дворцово-парковый ансамбль г. Гомель (кадастр)(недаступная спасылка). Национальное агентство по туризму. Архівавана з першакрыніцы 15 сакавіка 2014. Праверана 15 сакавіка 2014.
  7. а б в г д Марозаў, В. Ф. Палац у Гомелі = Дворец в Гомеле: Гіст. архіт. нарыс. — Мінск : Полымя, 1991. — С. 40. ISBN 5-345-00448-X. (бел.) (руск.)
  8. Гомель. Атлас туриста. / Справоч. изд. Ред. Ю. М. Нестеровская. — Минск : РУП «Белкартография», 2019. — С. 15.
  9. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — С. 347—348. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).
  10. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гомельская вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мінск : Беларус. Сав. Энцыклапедыя, 1985. — С. 70.
  11. Маслюков, Т. В. Рукой подать до ценности всемирного значения // Домострой. Рекламно-информационная еженедельная газета. — 2004. — № 39. — С. 8.
  12. Гомельчане воссоздали разрушенный костёл и пожарное депо на площади Ленина (фото) Архівавана 5 красавіка 2017. (руск.)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]