Дзень H

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Лагатып Дня H

Дзень H альбо Dagen H (ад шведск.: Högertrafik — правабаковы рух) — дата пераходу Швецыі з левабаковага на правабаковы аўтамабільны рух 3 верасня 1967 года.

Перадумовы[правіць | правіць зыходнік]

Да таго часу Швецыя заставалася апошняй краінай у кантынентальнай Еўропе, якая выкарыстоўвала левабаковы рух. Усе суседнія скандынаўскія краіны (Данія, Фінляндыя, Нарвегія) карысталіся правабаковым рухам, што стварала шмат нязручнасцей пры перамяшчэнні праз мяжу, асабліва на працяглай і не заўжды абазначанай у вясковай мясцовасці мяжы з Нарвегіяй. Апроч гэтага, большая частка шведскіх аўтамабіляў была абсталявана левым рулём.

Прыхільнікі пераходу да правабаковага руху, якія былі падтрыманыя шэрагам экспертаў, лічылі, што гэта прывядзе да зніжэння аварыйнасці на дарогах. У прыватнасці, выкарыстанне левага руля дае кіроўцу лепшы агляд сустрэчнай паласы руху і мусіць садзейнічаць памяншэнню лабавых сутыкненняў.

Падрыхтоўка[правіць | правіць зыходнік]

Аднак, на рэферэндуме 1955 года адносна пытання змянення боку руху 85% удзельнікаў выказаліся супраць.

Тым не менш, у 1963 годзе шведскі парламент утварыў дзяржаўную камісію па пераходзе да правабаковага руху (Statens Högertrafikkomission), якая мусіла распрацаваць і ўвесці ў жыццё комплекс захадаў для забеспячэння такога пераходу.

Была зроблена значная праца: неабходна было ўсталяваць новыя дарожныя знакі і святлафоры на іншым баку дарогі, правесці пераканфігураванне шматлікіх скрыжаванняў, на вуліцах з аднабаковым рухам — перанесці на іншы бок аўтобусныя прыпынкі; усе аўтамабілі мусілі правесці адпаведную наладку фараў. Адначасова была падрыхтавана новая дарожная разметка белага колеру замест жоўтай, якая выкарыстоўвалася раней.

Асобную праблему складаў грамадскі транспарт: шведскія аўтобусы мелі правы руль і дзверы з левага боку. Падчас падрыхтоўкі да змянення боку руху шведскія аўтамабільныя капманіі выпусцілі 8000 «пераходных» мадэляў аўтобусаў, якія мелі дзверы з абодвух бакоў.

Вялікая ўвага надавалася і інфармацыі для насельніцтва. Быў выпушчаны адмысловы 30-старонкавы інфармацыйны буклет, быў распрацаваны і шырока распаўсюджаны (уключна з выявамі на жаночай бялізне) адмысловы лагатып. Па радыё транслявалася інфармацыйная песня «Трымай управа, Свенсан» («Håll dig till höger, Svensson»).

Пераход[правіць | правіць зыходнік]

Цэнтр Стакгольма ў дзень пераходу на правабаковы рух

Дзень H быў прызначаны на 5:00 у нядзелю, 3 верасня 1967 года. У гэты дзень з 1 гадзіны ночы да 6 раніцы быў забаронены (за выняткам экстрэнных выпадкаў) рух прыватнага транспарту. У Стакгольме забарона доўжылася з 10 раніцы суботы да 15 гадзін нядзелі. У Дзень H у 4:50 раніцы ўсе транспартныя сродкі мусілі спыніцца і змяніць бок дарогі; працягнуць рух дазвалялася ў 5:00. На першы час пасля пераходу быў уведзены адмысловы рэжым абмежавання хуткасці.

Наступствы[правіць | правіць зыходнік]

У цэлым, пераход на правабаковы рух прайшоў спакойна. Не быў зарэгістраваны ніводны выпадак дарожна-транспартнага здарэння, якое было б напрамую звязана з пераходам. У першыя месяцы пасля Дня H назіралася значнае зніжэнне ўзроўня аварыйнасці. Аднак ацаніць уплыў пераходу на колькасць здарэнняў на дарозе складана: калі кіроўцы засвоілі новыя правілы руху, яны сталі менш уважлівымі, і колькасць здарэнняў зноў пачала павялічвацца.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]