Дзеразападобныя

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Дзеразападобныя
Decisive 835105881.jpg
Баранец звычайны
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Lycopodiophyta D.H.Scott, 1909

Wikispecies-logo.svg
Сістэматыка
на Віківідах
Commons-logo.svg
Выявы
на ВікіСховішчы
ITIS   500002
NCBI   3242
EOL   4165

Дзеразападобныя (Lycopodiophyta) — аддзел вышэйшых споравых раслін.

Прадстаўлены як раўнаспоравымі, так і разнаспоравымі мікрафільнымі раслінамі. Гэта характэрныя прыкметы аддзела.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Найбольш прымітыўная і старажытная з вышэйшых раслін сістэматычная група. У цяперашні час гэты аддзел прадстаўлены невялікай колькасцю родаў і відаў.

Сучасныя дзеразападобныя — раўна- (дзярэзы і інш.) і разнаспоравыя (селягінелы, палушніхі) шматгадовазялёныя травяністыя расліны, рэдка паўкусты (сярод выкапнёвых былі і дрэвы — лепідадэндраны і сігілярыі).

Пашырэнне[правіць | правіць зыходнік]

Вядомыя з сілуру, як дробныя травяністыя, так і дрэвападобныя формы. Вышэйшага развіцця дасягнулі ў карбоне.

Уключаюць 2 класы: дзеразовыя і палушнікавыя, 8 родаў і каля 1300 відаў.

Пашыраны па ўсім зямным шары, асабліва ў трапічных і субтрапічных лясах. На Беларусі 7 відаў з родаў баранец, дзераза, дзярэзка, дыфазіястр і палушнік. Растуць у яловых, хваёвых, радзей у мяшаных і лісцевых лясах, на балотах, у азёрах.

Асаблівасці біялогіі[правіць | правіць зыходнік]

Развіццё з чаргаваннем пакаленняў — спарафіту (бясполае) і гаметафіту (палавое). Спарафіт мае дадатковыя карані, сцяблы і лісце (філоіды). Лісце вузкае, дробнае, простае, сядзячае, чаргаванае або супраціўнае, размешчанае па спіралі, зрэдку сабранае ў кальчакі. Размнажаюцца спорамі. Са споры развіваецца гаметафіт (зарастак) — падземны або надземны, зялёны або бясколерны сапратрофны, утвараюцца мужчынскія і жаночыя гаметангіі — антэрыдый і архегоній. Потым адбываецца палавы працэс, у выніку якога фарміруецца спарафіт.

Гаметафіты раўнаспоравых сучасных дзеразападобных маюць памер ад 2 да 20 мм. Вядуць мікатрофны спосаб жыцця. Паспяваюць на працягу 1-15 гадоў. Гаметафіты разнаспоравых дзеразападобных аднаполыя, развіваюцца на працягу некалькіх тыдняў за кошт спажыўных рэчываў, якія ўтрымліваюцца ў споры. Жаночы гаметафіт утвараецца пры прарастанні мегаспоры, разрывае яе абалонку, выпукваецца вонкі, клеткі яго зелянеюць, утвараюцца рызоіды. Ён вядзе самастойнае жыццё. На ім развіваецца некалькі архегоніяў з яйцаклеткамі. Мікраспора пры прарастанні ўтварае моцна рэдукаваны мужчынскі гаметафіт з антэрыдыем. У антэрыдыю фарміруюцца двухжгуцікавыя сперматазоіды. Апладненне адбываецца ў кропельна-вадкім асяроддзі.

Выкарыстанне[правіць | правіць зыходнік]

Лекавыя, фарбавальныя (даюць жоўтую і зялёную фарбы) і дэкаратыўныя расліны.

Некаторыя віды ядавітыя.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Дзеразападобныя, хвошчападобныя, папарацепадобныя, голанасенныя, пакрытанасенныя / В. І. Парфёнаў і інш. — Мінск: Народная асвета, 1980. — 142, [2] с. — (Наша прырода).
  • Вынаеў Г. Дзеразападобныя // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — 576 с.: іл.
  • Сапегін Л. Батаніка. Сістэматыка вышэйшых раслін: вучэбны дапаможнік для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі па біялагічных спецыяльнасцях. — Гомель: ГДУ, 2012. — 337 с. ISBN 978-985-439-644-6