Дзяк

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці

ДЗЯК (грэч.: διακονος / diakonos — служэбнік), службовая асоба на Русі, у ВКЛ і Маскоўскай дзяржаве.

На Русі дзякі былі асабістымі слугамі князя, часта нават людзьмі нявольнымі, займаліся справаводствам пры княскім двары, іншым разам улікам у княжацкім скарбе, выконвалі дробныя адміністрацыйныя даручэнні князя ці больш высокіх службовых асоб. Напрыклад, Хроніка Лівоніі ў 1203 згадвае полацкага дзяка Стэфана, з паведамлення вынікае, што ён быў дробным службоўцам. Найменне - дзяк, стала агульнараспаўсюджаным толькі ў 14 ст., да гэтага часу дзеля азначэння гэткіх службовых асоб ўжывалася найменне пісар.

Дзякі ў Вялікім княстве Літоўскім[правіць | правіць зыходнік]

У ВКЛ дзяк, як раней на Русі, застаўся дробнай службовай асобай з аналагічнымі абавязкамі. Спачатку дзяка, па старой рускай традыціі, раз-пораз таксама звалі пісарам, але пасля пісарамі сталі зваць больш высокіх службовых асоб Канцылярыі ВКЛ. Дзякі засталіся адной з ніжэйшых канцылярскіх пасад, ніжэй за іх былі толькі дваране і слугі канцылярскія. Дзякі займаліся перапіскай чарнавікоў і да таго падобнымі справамі, ездзілі з дробнымі даручэннямі паноў-рады і гаспадарскімі лістамі. Часта выконвалі абавязкі аналагічныя абавязкам дваран, таму іншым разам і самі зваліся дваранамі. Дзякі якія служылі непасрэдна ў Канцылярыі зваліся дзякамі гаспадарскімі, але былі і дзякі які служылі канцлеру, падканцлеру і пісарам. Былі таксама дзякі якія служылі ў канцылярыях мітрапалітаў, біскуп і іншых асоб.

Дзякі ў Маскоўскай дзяржаве[правіць | правіць зыходнік]

На рускіх землях — у Маскоўскім княстве, пазней - у Рускай цэнтралізаванай дзяржаве дзячаства развівалася іншым шляхам. У пачатку рускай гісторыі дзякі з'яўляюцца ў вельмі несамавітым становішчы, быўшы асабістымі слугамі князя, прытым вельмі часта нявольнымі; яны захоўваюць княжую казну і вядуць пісьмовыя справы князя. У такой ролі існуюць дзякі ў XIII і XIV стагоддзях. Само слова «дзяк» становіцца агульнараспаўсюджаным толькі ў XIV стагоддзі; да таго часу ўжываецца яго рускі сінонім — пісар. Да з'яўлення дзякаў аналагічныя функцыі выконвалі мятальнікі (мяцельнікі).

Супрацьстаянне маскоўскіх уладароў з іншымі князямі і баярскім станам, вымусіла іх шукаць падтрымку ў стане дробных службоўцаў, што прычынілася да ўзвышэння дзякаў - пісьменных, але бедных і цалкам залежных ад волі князя. Ужо пры Іване III дзякі, паводле Судзебніка (1497), на шэрагу з баярамі займаюцца судаводствам. З утварэннем прыказаў дзякі робяцца іх чальцамі ў якасці намеснікаў баяр, а пасля самі ўжо ўзначальваюць прыказы. У 16 ст. дзякі ўжо маюць важкую ролю не толькі дзяржаўным апараце, але і ў мясцовым кіраванні. Дзякі з'яўляюцца таварышамі намеснікаў, і фактычна займаюцца ўсімі справамі намесніцтваў Маскоўскай дзяржавы, акрамя вайсковых - яны засяроджваюць выключна ў сваіх руках фінансавае кіраванне.

Тыя дзякі якія нездолелі прабіцца на вярхі тагачаснага маскоўскага грамадства, а засталіся дробнымі справаводцамі, былі аддзеленыя ад дзячаства і сталі звацца падзячымі. Да стану падзяччых набліжаліся дзякі земскія - яны з'явіліся з арганізацыяй Іванам IV земскіх устаноў.

Буйны крокам ва ўзвышэнні дзякаў было пранікненне іх у Гасудараву Думу, гэта было вынікам узначалення імі Прыказаў - з'явіўся тытул думны дзяк. Самы гэты тытул упершыню ўжываецца ў дачыненні да Андрэя і Васілія Шчалкалавых, якія мянуюцца дзякамі Вялікага Гаспадара блізкія Думы. Думные дзякі звычайна бывалі разам з тым і начальнікамі чатырох найважных прыказаў - Разраднага, Пасольскага, Паместнага і Казанскага дварца. Лік іх не заставаўся нязменным - на працягу 17 ст. ён вагаўся ад 3 да 8. У думе дзякі не толькі былі сакратарамі, але і карысталіся роўным з іншымі чальцамі правам голасу ў рашэнні спраў, хоць не сядзелі, а стаялі на паседжаннях.

Узвышэнне значнасці дзякаў выклікала напады на іх з боку баярскай партыі, тым не менш узвышэнне дзякаў працягвалася, і ў 17 ст. яны складалі калі не самы бачны, то самы магутны элемент у шэрагах маскоўскай адміністрацыі, удзельнічаючы ва ўсіх важных справах, часам нават у якасці начальнікаў над баярамі (напрыклад у Прыказе Таемных спраў). У канцы 17 ст. ўсіх дзякаў у Маскоўскай дзяржаве лічылася каля 100, служба іх узнагароджвалася грашыма, прычым памер жалавання не быў строга вызначаны, і маёнткамі, дзякі маглі валодаць і вотчынамі. Але нягледзячы на ўсю важнасць пасады, з ёю па-ранейшаму злучалася паняцце аб адсутнасці радавітасці - у месніцкіх запісах, нават другой паловы 17 ст., супернікі часам дакаралі адзін аднаго дзячаствам як пасадай вельмі нізкай.