Дзіцячая бібліятэка імя М. Астроўскага

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Цэнтральная дзіцячая бібліятэка імя М. Астроўскага — дзіцячая бібліятэка, якая ўваходзіць у Цэнтралізаваную сістэму дзіцячых бібліятэк г. Мінска. Штогод абслугоўвае больш за 18 тысяч карыстальнікаў.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Гісторыя Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі пачынаецца з 1924 года. Гэтая дата пацвярджаецца дакументамі, знойдзенымі ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. Размяшчалася на вуліцы Леніна. З 1936 года пераехала на вуліцу Камсамольская, там цяпер знаходзіцца клуб імя Дзяржынскага. У 1939 годзе пастановай ЦВК БССР бібліятэцы было прысвоена імя Мікалая Астроўскага. У гады Вялікай Айчыннай вайны бібліятэка і яе фонд цалкам знішчаны.

Паваенная дзейнасць бібліятэкі пачалася з 1946 года. Выканаўчы камітэт Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных ў 1946 годзе прыняў рашэнне № 2224 аб адкрыцці дзіцячай бібліятэкі і ёй было выдзелена памяшканне ў ацалелым доме № 6 па вуліцы Астроўскага (цяпер вуліцы Ракаўская). У 1946 годзе ў адрас бібліятэкі прыбыла з Лондана бандэроль, на канверце надпіс: «Расія, Мінск , дзіцячая бібліятэка імя Астроўскага». З канверта дасталі кнігу Гарбунова «Гісторыя БССР», на тытульным лісце якой стаяў штамп авальнай формы і на ім надпіс: «Мінская дзіцячая бібліятэка імя Астроўскага», інв. № 12244. Як меркаваў першы пасляваенны дырэктар бібліятэкі Ханун Гарэнка, гэты факт сведчыць, што такая бібліятэка існавала ў Мінску да Вялікай Айчыннай вайны, і што гітлераўцы вывезлі з бібліятэкі шмат кніг у Германію. Напэўна, гэтая кніга была захоплена ў ліку іншых трафеяў англійскімі часткамі. А пасля вайны сумленны англічанін згодна з штампу на кнізе адправіў яе па адрасе.

У першыя пасляваенныя гады калектыў бібліятэкі паспяхова займаўся пытаннямі камплектавання фонду. Некаторая колькасць кніг атрымалі з Дзяржаўнай бібліятэкі БССР, вялікую партыю кніг закупілі ў Ленінградзе. Толькі за адзін год набылі звыш 10000 асобнікаў кніг, абслужылі 2455 чытачоў: штодзённая наведвальнасць у чытальнай зале складала 120-150 дзяцей. Папулярнасць бібліятэкі хутка расла. Яна стала першым у горадзе цэнтрам культуры і адпачынку для дзяцей і юнацтва, актыўна праводзіліся масавыя мерапрыемствы па прапагандзе дзіцячай і юнацкай літаратуры: сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі, чытацкія канферэнцыі, ранішнікі і дыспуты.

Амаль адразу паўстала задача набліжэння кнігі да месца жыхарства і адпачынку дзяцей. Быў створаны перасоўны фонд, на базе якога фармаваліся пункты выдачы ў школах, дзіцячых садках, піянерскіх лагерах, парках, кінатэатрах, на дзіцячай чыгунцы. У 1955 годзе фонд бібліятэкі ўжо складаў 43 тыс. асобнікаў. З вялікай цяжкасцю і дзякуючы велізарным намаганням дырэктара Х. Гарэнка ў 1958 годзе бібліятэка пераехала ў новае памяшканне па вуліцы Пашкевіч, 9/2 агульнай плошчай 320 кв.м. з двума чытальнымі заламі і двума абанементамі. У 1958 чытачамі бібліятэкі сталі 5311 дзяцей. У тым жа годзе ўпершыню пачалі дыферэнцыяванае абслугоўванне чытачоў. Дзейнасць Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі становіцца прыкметнай не толькі ў сталіцы, але і ў рэспубліцы. Бібліятэку наведваюць амерыканская дэлегацыя работнікаў культуры, албанская дэлегацыя, група бібліятэчных работнікаў Эстоніі і Літвы, Тулы і Калугі, Разані і Смаленска, Валгаграда і Кірава, Грузіі і Украіны.

У 1960 годзе бібліятэка адна з першых у рэспубліцы арганізавала абслугоўванне чытачоў з дапамогай адкрытага доступу да кніжнага фонду. Дзякуючы высокапрафесійнай дзейнасці і актыўнага ўдзелу супрацоўнікаў у грамадскім жыцці ў 1964 годзе Цэнтральная дзіцячая бібліятэка стала «Бібліятэкай выдатнай працы».

У 1979 годзе была створана Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк г. Мінска на чале з Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкай. Сістэму ўзначаліла сістэму Ліна Міхайлаўна Сачко - першы і адзіны бібліятэкар Беларусі, узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны. Больш за 15 гадоў таму бібліятэка ўпершыню правяла Дні культуры замежных краін, наладзіла цесныя кантакты з пасольствамі і да гэтага часу ажыццяўляе разнастайныя сумесныя праекты.

Сучаснасць[правіць | правіць зыходнік]

У сваёй структуры бібліятэка мае аддзелы: маркетынгу, даведкава-бібліяграфічны аддзел, аддзел камплектавання, апрацоўкі і аддзел аўтаматызацыі.

З'яўляецца цэнтральнай бібліятэкай у Цэнтралізаванай сістэме дзіцячых бібліятэк г. Мінска для ўсіх дзіцячых бібліятэк-філіялаў

Праект 2008 года — адкрыццё інтэрактыўнай выставы «Карлсан на даху» з Пасольствам Швецыі і Шведскім інстытутам у Стакгольме. Працуючы над праектам «Дзеці. Грамадства. Чытанне», у 2007 годзе ўпершыню праведзены фестываль дзіцячага чытання і тэатралізаванае шэсце беларускіх літаратурных герояў па вуліцах Мінска. У тым жа годзе арганізаваны конкурс «Лепшыя беларускія пісьменнікі вачыма чытачоў — дзяцей».[1]

Бібліятэка падтрымліве партнёрскія сувязі з цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі Маскоўскага раёна “Ранак”, Маскоўскім аддзелам культуры, Упраўленнем адукацыі Маскоўскага раёна. Таксама каардынуе работу з бібліятэкамі і педагагічнымі калектывамі сярэдніх школ і гімназій раёна.

У бібліятэцы створаны нефармальны адукацыйны цэнтр "Лесвіца"[2], у якім работа ідзе па некалькім напрамкам:

  • Нямецкая мова для маленькіх і цікаўных «Мова “з нуля” – весела і проста!» (раз на тыдзень)
  • Аб'яднанне «RU-off»: teach-in (дыспут-семінар для падлеткаў раз на тыдзень
  • Мафія-клуб - раз у месяц
  • «Бібліятэкі йдуць!»: заняткі з элементамі трэнінгу для бібліятэкараў
  • Дні сямейнага чытання (па суботах)

У 2013 годзе бібліятэка далучылася да "Фэст экскурсаводаў"[3], які праходзіў у Беларусі ў 5 раз.

У бібліятэцы існуе палічка буккросінга.

Месца знаходжання[правіць | правіць зыходнік]

Рэспубліка Беларусь, г. Мінск, праспект газеты "Праўда", 20

Зноскі

  1. http://childlib.by/history/ Архівавана 27 жніўня 2013. Сайт Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк г. Мінска
  2. http://blog.childlib.by/category/lestnitsa/ Архівавана 3 снежня 2013. Блог дзіцячых бібліятэк г. Мінска
  3. http://childlibcentral-minsk.blogspot.com/2013/05/blog-post.html Блог Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі імя М.Астроўскага

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]