Дом Абрампольскага

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Дом Абрампольскага
Дом па вуліцы Савецкай, 17
Дом па вуліцы Савецкай, 17
53°53′47″ пн. ш. 27°32′55″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Мінск
Тып будынка даходны дом
Архітэктурны стыль мадэрн
Архітэктар Станіслаў Гайдукевіч
Дата заснавання 1912
Дата пабудовы 1912 год
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 713Г000231шыфр 713Г000231
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Дом Абрампо́льскага — колішні даходны дом у стылі мадэрн у Мінску, размешчаны на пл. Незалежнасці па адрасе вул. Савецкая, 17. Частка гістарычнай забудовы колішняй Захар’еўскай вуліцы. Выкарыстоўваецца пад адміністрацыйныя ўстановы. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першапачатковы праект
Эмануіл Абрампольскі, 1901 г.

Дом Эмануіла Абрампольскага, дырэктара аднаго з мінскіх банкаў, пабудаваны ў 1912 годзе паводле праекта беларускага архітэктара Станіслава Гайдукевіча (гэта яго першы праект пасля заканчэння Пецярбургскай акадэміі мастацтваў). Стары адрас — Захар’еўская, 33 (на рагу з Трубнай)[2] Сем пакояў першага паверха здымала княгіня Марыя Магдалена Радзівіл, вядомая мецэнатка беларускага нацыянальнага руху. Верхнія пакоі займаў сам Абрампольскі з сям’ёй[3].

У 1917 годзе дом быў канфіскаваны бальшавіцкімі ўладамі. У 1920-я гады ў доме месціліся кватэры супрацоўнікаў беларускага аддзялення АДПУ (Аб’яднанае дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне), пазней — НКУС. Таксама тут жылі прадстаўнікі найвышэйшага дзяржаўнага, партыйнага і гаспадарчага кіраўніцтва БССР. У адной з кватэр у 1919—1931 гадах жыў наркам земляробства і сакратар Менскага гаркама КПБ(б) Адам Славінскі. За гэтым часам дом неафіцыйна звалі Першы Дом Саветаў[3]. У 1930-я гады ў доме жылі і былі арыштаваныя Дзмітрый Прышчэпаў, Аскар Сапрыцкі, Максім Ляўкоў[4].

У жніўні 1924 года ў адной з кватэр гэтага дома арыштаваны Барыс Савінкаў[3].

За Другой сусветнай вайной, у 1941—1942 гадах у будынку месціліся канспіратыўная кватэра савецкага падполля. Пасля Другой сусветнай вайны кіраўніцтва БССР пасялілася ў адмыслова пабудаваных для іх дамах, а дом Абрампольскага аддалі прадстаўнікам савецкай інтэлігенцыі[3]. У 1948—1955 гадах тут жыў навуковец-геадэзіст, акадэмік Васіль Папоў[5].

Сёння будынак займае УКБ Мінгарвыканкама, месціцца рэстаран.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Уваходны партал
Комплекс дамоў Абрампольскага і Уніхоўскага

Даходны дом Абрампольскага і дом Уніхоўскага злучаны паміж сабой тарцамі і ўтвараюць адзіны фронт забудовы.

Дом Абрампольскага мураваны прамавугольны ў плане трохпавярховы будынак з трапецападобнай мансардай пад вальмавым дахам[6]. Сіметрычную кампазіцыю галоўнага фасада парушае зрэзаны заходні вугал, завершаны невысокім атыкам з лацінскімі літарамі (дата пабудовы). Пластыку галоўнага фасада ўзбагачаюць ляпныя віньеткі, гірлянды, балконы з металічнай агароджай. Уваходы з боку галоўнага і дваровага фасадаў. Галоўны ўваход вылучаны казырком на дзвюх калонках і высокім паўцыркульным аконным праёмам над ім[6]. Дваровы фасад зроблены мінімалістычна, без усялякіх дэталяў[6].

Архітэктура дома сфарміравалася пад безумоўным уплывам стылю арт-нуво, што адбілася ў пластычнасці яго фасада (скошаны вугал, трапецападобная мансарда), у строгім рытме разнастайных аконных праёмаў з балконамі, у стрыманым дэкаратыўным аздабленні[6].

Планіроўка будынка змененая. Планіровачным ядром ёсць лесвічны вузел, вакол якога раней месціліся кватэры.

Памятныя дошкі[правіць | правіць зыходнік]

  • Памятная дошка Адаму Славінскаму, які жыў у доме ў 1919—1931 гадах.
  • Памятная дошка пра канспіратыўную кватэру мінскіх падпольшчыкаў у 1941—1942 гадах, якую ўтрымліваў Рыгор Фалевіч.
  • Памятная дошка геадэзісту Васілю Васілевічу Папову, які жыў у доме ў 1948—1955 гадах.
  • 23 чэрвеня 2017 года на доме была размешчана памятная дошка, якая сведчыць пра знаходжанне ў 1922 годзе ў будынку Аддзела аховы рэвалюцыйнай законнасці Народнага камісарыята юстыцыі БССР.

Зноскі

  1. Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
  2. Шыбека З. В. Минскъ сто гадоў таму. — Мінск: Беларусь, 2007. — С. 255. — 304 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-01-0729-9.
  3. а б в г Дом Абрампольского в Минске (руск.). by.holiday.by. Праверана 19 жніўня 2014.
  4. Ходзін С. 2014, с. 141.
  5. Вуліца Савецкая, 17. Мінск.by. Праверана 19 жніўня 2014.
  6. а б в г Лазука Б.А. Беларуская архітэктура XIX — пачатку XX стагоддзя // Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX — пачатку XX стагоддзя. — Беларусь, 2011. — С. 337-338. — 430 с. — ISBN 978-985-01-0880-7.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]