Дрыгавічы
Дрыгавічы́[1] (гістар. другувіты, драгувіты, дрогувіты[2]): усходнеславянскае племя (саюз плямёнаў), паўднёвага ці, магчыма, заходняга[3] паходжання, магчыма, патомкі зарубінецкіх плямёнаў.
У час 6—7 ст. масава рассяляліся з поўдня на поўнач, асноўная іх частка асела на землях між Зах. Дзвіной на поўначы і балоцістымі прасторамі на Пд ад Прыпяці[4] на поўдні; між левым берагам Дняпра на Пн ад упадзення ў яго Прыпяці на ўсходзе і ўмоўнай лініяй у былых Бельскім і Беластоцкім паветах на У ад мазавецкага г. Візна на захадзе. На сваіх паўночнай і заходняй межах заселеныя імі землі ўзаемна перамешваліся з землямі крывічоў.
Паводле займаных рачных сістэм, адрозніваюцца дрыгавічы прыпяцкія, бярэзіна-друцкія, нёманскія, дзвінскія.
Паводле гіст. дакументаў, дрыгавічы жылі таксама ў Македоніі (у вакол. г. Сялуна), у Фракіі (на р. Драгавіц, між Салонікамі і Вярэяй), на землях палабскіх славянаў.
Дрыгавічы, відаць, досыць рана мелі князёў (македонскія дрыгавічы — 685[5]). На беларускіх землях мелі ўласнае дзяржаўнае ўтварэнне не пазней за 10 ст.[6]; на гэтай аснове склалася Тураўскае княства. Таксама да дрыгавіцкіх належалі Гарадзенская і Берасцейская землі; ужо ў 11-12 ст. раёны Брэста і Гродна адзначаліся суцэльна ўсходнеславянскім насельніцтвам[7].
Да ліку дрыгавіцкіх гарадоў, згодна з летапісамі, належалі Тураў, Слуцк і Клецк. Верагодна, такімі былі таксама Мазыр, Брагін (Брягин), Рэчыца, Рагачоў, магчыма, г. Дубровіца ў сучаснай Ровенскай вобласці.[8]
Дрыгавічы з'яўляюцца адной з асноўных крыніц утварэння беларускай народнасці (Гл. таксама: крывічы, радзімічы, балты).
Гл. таксама: Славяне, Вялікае перасяленне народаў, Славянская каланізацыя Беларусі.
Зноскі
- ↑ Магчыма, што больш правільная форма назвы — драгавічы. Ермаловіч...
- ↑ Відаць, патронім ад імя Дрыгавіт. Ермаловіч...
- ↑ Ермаловіч, С. 22.
- ↑ Прыблізна па мяжы былых Мінскай і Валынскай губерній. [Ерм1990] С. 23.
- ↑ Ермаловіч, С. 43.
- ↑ Грынблат, С.62.
- ↑ Грынблат, С.71.
- ↑ Грынблат...
- Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. — Мн.: Маст. літ., 1990. ISBN 5-340-00614-X.
- Гринблатт. Белорусы. 1968.