Сцюарты

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Дынастыя Сцюартаў)

Сцю́арты (першапачаткова шатл. гэл.: Stiùbhairt, англ.: Steward, Stewart, з XVI стагоддзя ўсталявалася афранцужанае напісанне англ.: Stuart) — дынастыя каралёў Шатландыі (у 1371—1651, 1660—1707 гг.), Англіі (у 1603—1649, 1660—1694, 1702—1707 гг.), Ірландыі (у 1603—1649, 1660—1694, 1702—1714 гг.) і Вялікабрытаніі (у 1707—1714 гг.).

Радавы герб

У Шатландыі[правіць | правіць зыходнік]

Першым вядомым прадстаўніком роду Сцюартаў быў патомны сенешаль Алан Фіц-Флаад пры двары валадара Доля. Ён прыбыў у Брытанію неўзабаве пасля Нармандскага заваявання ў XI стагоддзі. У сувязі з чым меркаванні даследчыкаў адносна яго паходжання разыходзяцца — ён мог быць як брэтонцам, так і нармандцам. Алан быў прыхільнікам англійскага караля з Нармандскага дому Генрыха I, які дараваў яму зямельныя ўладанні ў Шропшыры. Адзін з яго сыноў, Уолтэр Фіц-Алан (памёр у 1177) у перыяд феадальнай анархіі ў Англіі падтрымліваў імператрыцу Мацільду і зблізіўся з шатландскім каралём Давідам I. Каля 1136 года Уолтэр перабраўся ў Шатландыю, дзе атрымаў шырокія ўладанні ў Рэнфрушыры, пажыццёвае пэрства і спадчынную пасаду Вярхоўнага сцюарда (аканома) шатландскага каралеўскага двара. Ад назвы пасады і пайшло фамільнае імя Сцюартаў.

Шосты лорд-сцюарт Уолтэр Сцюарт (1293—1326) ажаніўся з Маджары, дачкой караля Роберта I Бруса. Іх сын Роберт II атрымаў у спадчыну шатландскую карону пасля смерці свайго бяздзетнага дзядзькі Давіда II з дынастыі Брусаў. Яго пераемнікамі былі Роберт III, Якаў I, Якаў II, Якаў III, Якаў IV і Якаў V.

У Англіі[правіць | правіць зыходнік]

Дачка Якава V, Марыя Сцюарт, прэтэндавала на англійскі трон, быўшы праўнучкай Генрыха VII. Яе сын, Якаў VI, са спыненнем дынастыі Цюдараў у 1603 стаў каралём Англіі пад імем Якава I, аб’яднаўшы такім чынам англійскі і шатландскі прастолы (хоць афіцыйная унія адбылася толькі ў 1707 годзе).

Яго пераемнікі, каралі Англіі і Шатландыі — Карл I (пакараны смерцю 1649), Карл II (закліканы 1660), Якаў II, ён жа Якаў VII як кароль Шатландыі (выгнаны 1688), Марыя II, якая валадарыла сумесна з мужам Вільгельмам Аранскім, таксама сваяком Сцюартаў, і сястра Марыі Ганна, пры якой было створана адзінае каралеўства Вялікабрытанія (1707). Пасля смерці Ганны ў 1714 годзе яе пераемнікам на брытанскім прастоле, паводле закона, які адхіляў каталікоў ад права на пераход у спадчыну прастола, стаў пратэстанцкі курфюрст Гановера Георг I, унук дачкі Якава I (VI), які заснаваў новую Гановерскую дынастыю.

Тым часам сын Якава II, які жыў у эміграцыі на кантыненце, быў прызнаны Францыяй, Іспаніяй і Папам каралём пад імем Якава III, але яго спробы авалодаць прастолам скончыліся няўдачай (гл. таксама Якабіты). Дом Сцюартаў згас ў 1807 г. са смерцю ўнука Якава II, кардынала Генрыха Бенедыкта.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]