Евангелле Напрастольнае

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

“Евангелле Напрастольнае” - помнік старажытнабеларускага кнігадрукавання. Выдадзена П. Мсціслаўцам у 1575 г. у Вільні на царкоўнаславянскай мове.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Надрукавана фарматам у аркуш буйным шрыфтам, які спалучае рысы паўустава рускіх і беларускіх рукапісаў. “Евангелле напрастольнае” – асобны тып кнігі, своеасаблівы фаліянт з гравіраваным франтыспісам (выявы евангелістаў Іаана, Лукі, Матфея, Марка; мяркуюць, што ксілаграфіі з выявамі евангелістаў зрабіў Мсціславец), якія выкананы ў маньерысцкім стылі і вызначаюцца дэкаратыўнасцю. У трактоўцы фону, што складаецца з архіэктурных дэталей, раслінных матываў, стылізаваных выяў жывёл і іншае, спалучаны рысы готыкі і рэнесансу. Змешчана таксама 11 заставак і 4 ініцыялы. Застаўкі нагадваюць так званы старадрукарскі арнамент (адлюстраванні акантавага ліста, кедравых шышак, граната і іншае), іх узор выкананы чорнымі лініямі па белым фоне. Выкананыя на высокім для таго часу ўзроўні тэхнікі гравіравання дрэварыты, застаўкі, ініцыялы, а таксама шрыфт з’явіліся ўзорам для шматлікіх выданняў беларускіх, рускіх і украінскіх друкарняў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6), С. 368.