Еўразія

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Еўразія на карце

Еўразія – самы вялікі мацярык Зямлі. У Еўразію ўваходзяць дзве часткі свету: Еўропа і Азія. Плошча – 54,9 млн. км², з астравамі – 57,7 млн. км².

Тэрмін увёў у ХІХ ст. аўстрыйскі геолаг Э.Зюс, абгрунтаваўшы яго адсутнасцю выразнай структурнай мяжы паміж Еўропай і Азіяй.

Геаграфічнае становішча[правіць | правіць зыходнік]

Мяжа Еўразіі на поўначы праходзіць за палярным кругам, а на поўдні апускаецца да экватара, вялікая і працягласць кантынента з захаду на ўсход (16 тыс. км). Велізарныя памеры Еўразіі абумовілі разнастайнасць і кантраснасць яе прыроды. Мацярык ляжыць ва ўсіх кліматычных паясах, ва ўсіх прыродных зонах. Еўразія абмываецца водамі ўсіх акіянаў, берагавая лінія мацерыка моцна раздзеленая.

Унутраная будова і рэльеф[правіць | правіць зыходнік]

Заходне-Сібірская раўніна ў Томскай вобласці

Паверхня Еўразіі мае складаную будову. Шырокія раўніны і горныя паясы размешчаны не так, як на іншых мацерыках, дзе горы знаходзяцца на ўскраінах мацерыкоў. Горы ў Еўразіі размешчаныя і ў глыбіні мацерыка, яны як бы злучаюць паміж сабой вялікія раўніны. Вылучаюцца два велізарных горных паясы. Адзін (Ціхаакіянскі) цягнецца з поўначы на поўдзень па ўсходзе кантынента. Ён утвораны на межах літасферных пліт, дзе адбываюцца інтэнсіўныя рухі зямной кары. Іншы горны пояс (Альпійска-Гімалайскі) размешчаны на поўдні і працягнуўся ад Атлантычнага акіяна да Ціхага. Менавіта гэты пояс умоўна злучае дзве паласы раўнін. На поўнач ад яго ляжаць Усходне-Еўрапейская, Заходне-Сібірская, Туранская раўніны, Казахскі драбнасопачнік, Сярэднесібірскае пласкагор'е і Вялікая Кітайская раўніна. На поўдзень — пласкагор'і Аравійскае і Дэкан, Месапатамская і Інда-Гангская нізіны.

Рэльеф Еўразіі фарміраваўся вакол некалькіх літасферных пліт, якія злучаліся складкаватымі паясамі рознага ўзросту. Еўразія падобная на некалькі злучаных у адзінае цэлае кантынентаў. Тут часта бываюць землетрасенні, адбываюцца вывяржэнні вулканаў. Акрамя ўнутраных працэсаў вялікі ўплыў на рэльеф аказалі і вонкавыя працэсы: старажытнае злядненне, праца цякучых вод, вятры, працэсы выветрывання, асабліва інтэнсіўныя ў абласцях з кантынентальным кліматам.

Складаная будова зямной кары — чыннік, што абумоўлівае разнастайнасціь карысных выкапняў Еўразіі. У старажытных разбураных горах і на раўнінах з выхадамі магматычных парод або блізкім іх заляганнем звязаны радовішчы руд чорных і каляровых металаў. Руды каляровых металаў ёсць і ў горах сярэдняга ўзросту. Напрыклад, радовішчы волава і вальфраму цягнуцца паласой па ўсходняй частцы мацерыка, утвораючы так званы алавяна-вальфрамавы пояс. У прагінах зямной кары блізу гор, у асадкавых чахлах платформ (на сушы і на марскім шэльфе) знойдзены буйныя радовішчы нафты і прыроднага газу. Шмат радовішчаў каменнага вугалю.

Клімат[правіць | правіць зыходнік]

Асноўны артукул Клімат Еўразіі

У Еўразіі прадстаўленыя амаль усе тыпы кліматаў. Акрамя геаграфічнай шыраты, ад якой залежыць колькасць сонечнай радыяцыі, клімат вызначаюць велізарныя памеры кантынента, яго рэльеф. Вялікі ўплыў аказвае Атлантычны акіян з яго цёплай плынню ля берагоў Еўропы і пануючым заходнім пераносам умеранага марскога паветра.

Найбольшыя плошчы займае ўмераны пояс, бо менавіта ва ўмераных шыротах Еўразія найбольш выцягнутая з захаду на ўсход. Кліматычныя ўмовы ў гэтым поясе розныя. На захадзе клімат марскі, пры прасоўванні ў глыб мацерыка ён змяняецца да кантынентальнага і рэзка кантынентальнага ў Сібіры, а на ўсходзе пояса — да мусоннага з цёплым вільготным летам і халоднай, сухой зімой.

Тры кліматычныя вобласці вылучаюць у субтрапічным поясе. На захадзе пояса клімат міжземнаморскі з сухім гарачым летам пры панаванні трапічнага паветра і цёплай, вільготнай зімою. На нагор'ях Пярэдняй Азіі і ў шэрагу раёнаў Цэнтральнай Азіі клімат субтрапічны кантынентальны з адносна халоднай зімой (з тэмпературамі ніжэй 0 °С) і вельмі сухім летам. На ўсходзе пояса клімат мусонны.

Адмысловыя кліматычныя ўмовы ствараюцца ля паўднёвага тропіка. На захадзе трапічнага пояса (Аравійскі паўвостраў, Месапатамская нізіна, поўдзень Іранскага нагор'я і басейн ніжняга цячэння Інда) увесь год пануюць кантынентальныя трапічныя паветраныя масы, сухія і гарачыя. На ўсходзе пояса фармуецца субэкватарыяльны клімат з мусоннай цыркуляцыяй.

Унутраныя воды[правіць | правіць зыходнік]

Мацярык багаты павярхоўнымі і падземнымі водамі. З яго тэрыторыі буйныя рэкі цякуць ва ўсе акіяны. Азёры кантынента вылучаюцца памерамі і глыбінямі. Размеркаванне рэк на мацерыку вызначаецца рэльефам і кліматам, найбольш густая рачная сетка на яго ўскраінах. Малаводныя тэрыторыі, аддаленыя і ізаляваныя ад акіянаў, займаюць значную плошчу. Басейны ўнутранага сцёку складаюць каля 1/2 плошчы мацерыка. Вялікія запасы падземных вод выяўленыя пад Заходне-Сібірскай раўнінай. Палізу высокіх гор, суседніх з катлавінамі, у засушлівых раёнах грунтавыя воды выходзяць у выглядзе ключоў. У такіх месцах у Сярэдняй і Цэнтральнай Азіі ўтварыліся аазісы. Шмат прэсных вод захоўваюць мацерыковыя ледавікі (покрыўныя - на арктычных астравах, горныя — на мацерыку).

Рака Янцзы

Рэкі Паўночнага Ледавітага акіяна (Пячора, Об, Енісей, Лена і інш.) маюць змяшанае жыўленне з перавагай снегавога і надоўга замярзаюць. Шматлікія рэкі, якія ўпадаюць у Атлантычны акіян, не замярзаюць, жыўленне ў іх у асноўным дажджавое, у горах - ледавіковае, яны паўнаводныя ўвесь год. Найбольш буйныя рэкі гэтага басейна — Дунай, Рэйн, Эльба і інш. Рэкі басейна Ціхага акіяна маюць змяшанае жыўленне, у якім значную ролю адыгрываюць дажджы, якія прыносяцца летнімі мусонамі з акіяна. Тут цякуць самая буйная рака Еўразіі — Янцзы, і такія рэкі, як Амур, Хуанхэ, Меконг. У Індыйскі акіян нясуць свае воды Ганг з Брахмапутрай, Інд, Тыгр і Еўфрат. Першыя тры з іх пачынаюцца ў Гімалаях, затым цякуць па раўнінах, арашаючы іх. Рэжым рэк звязаны з раставаннем льдоў і снягоў у горах і мусонамі.

Азёры Еўразіі маюць рознае паходжанне. Каспійскае і Аральскае азёры-моры з'яўляюцца астаткамі марскога басейна, які страціў сувязь з акіянам. У тэктанічных разломах размешчаныя шматлікія азёры Скандынавіі і найглыбейшае возера планеты — Байкал, Некаторыя азёры маюць змешанае тэктанічнае і ледніковае паходжанне. Шмат горных азёр у Альпах (Жэнеўскае, Бодэнскае і інш.).

На вялікай тэрыторыі Паўночнай Еўразіі распаўсюджана шматгадовая мерзлата. Мёрзлы пласт горных парод, які ўтрымлівае лёд, мае таўшчыню ад некалькіх метраў у заходняй частцы субарктычнага пояса да 1500 м на ўсходзе.

Прыродныя зоны[правіць | правіць зыходнік]

На поўначы кантынента зоны цягнуцца суцэльнай паласой, а паўднёвей ад тайгі змяняюцца не толькі з поўначы на поўдзень, але і з захаду на ўсход, што тлумачыцца адрозненнямі ў колькасці ападкаў, якая памяншаецца ад ускраін мацерыка да ўнутраных абласцей. У прыродзе зон арктычных пустыняў, тундры і лесотундры ў Еўразіі шмат агульнага з падобнымі зонамі Паўночнай Амерыкі. Аднак у Еўразіі гэтыя зоны не заходзяць так далёка на поўдзень, як у Паўночнай Амерыцы.

Хваёвы лес у Нарвегіі

Прыродныя зоны ўмеранага пояса даволі разнастайныя. Зона хваёвых лясоў (тайга) працягнулася ад Атлантычнага да Ціхага акіяна. Кліматычныя ўмовы ў зоне змяняюцца пры руху з захаду на ўсход, таму розніцца і відавы склад дрэў. На захадзе пераважаюць хвоя і елка на падзолістых глебах Заходняй Сібіры ва ўмовах моцнай забалочанасці растуць піхта і сібірскі кедр (кедравая сасна), ва Усходняй Сібіры на мярзлотна-таёжных глебах распаўсюджана лістоўніца, а ля ўзбярэжжа Ціхага акіяна — цёмнахваёвая тайга з даурскай лістоўніцы, піхты, карэйскага кедра. У тайзе шмат каштоўных пушных звяроў (собаль, гарнастай, куніца), з буйных жывёл — ласі, бурыя мядзведзі, рысі; шмат птушак.

Зона змешаных і шырокалістных лясоў прадстаўлена толькі на захадзе і ўсходзе ўмеранага пояса. Змешаныя лясы растуць на дзярнова-падзолістых, а таксама бурых і шэрых лясных глебах. Для еўрапейскіх шырокалістных лясоў найбольш характэрны дуб і бук, клён і ліпа, граб і вяз. На ўсходзе зоны ва ўмовах мусоннага клімату растуць манчжурскі арэх, амурскі аксаміт, дуб, ліпа, у падлеску шмат вечназялёных хмызнякоў, сустракаюцца зараслі бамбука. Натуральных лясоў захавалася вельмі мала. У Еўропе яны саступілі месца другасным лясам і штучным насаджэнням, у якіх пераважаюць хваёвыя дрэвы, а ў Азіі — раллі. Шматлікія жывёлы знішчаныя або сталі рэдкімі і знаходзяцца пад аховай.

Мангольскі стэп

Лесастэпы і стэпы размешчаны ў цэнтральных частках мацерыка, дзе памяншаецца колькасць ападкаў і павялічваецца выпаральнасць. Стэпы — бязлесныя прасторы з травяністай расліннасцю, пад якой утвораюцца ўрадлівыя чарназёмныя глебы, з жывёл пераважаюць грызуны. Стэпы і лесастэпы амаль цалкам разараныя, і толькі ў запаведніках прадстаўленыя іх натуральныя ландшафты. У Гобі захаваліся ўчасткі сухіх стэпаў, выкарыстоўваныя пад пашы. Паўупустыні і пустыні ўмеранага пояса ляжаць у цэнтральных частках кантынента, дзе вельмі мала ападкаў, гарачае лета і халодная зіма. Расліннасць (палын, салянка, саксаул, пясчаная асака) разрэджаная, ёсць участкі пустыняў з сыпкімі пяскамі. У глебах шмат мінеральных солей і мала арганічных рэчываў. Сярод жывёл пераважаюць паўзуны, грызуны і капытныя.

У заходняй частцы субтрапічнага пояса знаходзіцца зона цвёрдалістных лясоў і хмызнякоў. Дзякуючы мяккай і вільготнай зіме расліны тут вегетуюць круглы год, аднак недахоп вільгаці ў перыяд найбольш інтэнсіўнага сонечнага выпраменьвання прывёў да з'яўлення ў раслін прылад, якія паменшаюць выпарэнне. У мінулым тут раслі лясы з вечназялёнага каменнага дуба, лаўра, мірта, дзікіх маслін, сунічнага дрэва. Гэтая расліннасць амаль паўсюдна знішчаная, бо тут здаўна займаюцца земляробствам. Для зоны характэрныя карычневыя і чырвонаколерныя глебы, якія валодаюць урадлівасцю і прыдатныя для вырошчвання субтрапічных культур. На ўсходзе пояса размешчана зона субтрапічных муссонных лясоў. Лясы складаюцца з парод лаўралістных, камфоравых дрэў, магнолій, зараснікаў бамбука, якія растуць на жоўтозёмных і чырвоназёмных глебах. Дзікіх жывёл амаль не захавалася. У субтрапічных пустынях на нагор'ях Пярэдняй Азіі і поўдні Сярэдняй Азіі асабліва шмат эфемераў, якія за перыяд кароткіх вясновых дажджоў паспяваюць прайсці ўвесь цыкл развіцця. З жывёл тут жывуць антылопы, гіены, лісіцы і інш.

Пустыня на Аравійскім паўвостраве

Прырода зоны трапічных пустыняў шмат у чым нагадвае прыроду пустыняў Паўночнай Афрыкі. У субэкватарыяльным поясе на раўнінах і ў міжгорных катлавінах фармуюцца саваны, а на ўзбярэжжах Індастана, Індакітая і на схілах гор, звернутых да акіяна, — пераменна-вільготныя лясы. У саванах сярод травы растуць акацыя, пальма, індыйскі баньян (род фікуса, адно дрэва можа імітаваць цэлы гай). У лясах нараўне з лістападнымі ёсць вечназялёныя віды. Распаўсюджаныя расліны, якія даюць каштоўную драўніну (цік, сал), растуць пальмы, бамбук. Багаты і жывёльны свет: малпы, сланы, тыгры, буйвалы, насарогі, антылопы, алені і інш.

Зона экватарыяльных лясоў размешчана ў асноўным на астравах і пакуль не так моцна зменена антрапагеннай дзейнасцю, як іншыя зоны. Нараўне з агульнымі прыкметамі, характэрнымі для гэтых лясоў, размешчаных на іншых мацерыках, тут шмат дрэў з каштоўнай драўнінай (жалезнае, чорнае, чырвонае дрэва), раслін, што даюць вострыя прыправы: карыцу, перац, гваздзіку. У лясах жыве адзін з відаў чалавекападобных малп — арангутанг, шматлікія гібоны, паўмалпы лоры; насарог, дзікі бык.

Вобласці вышыннай пояснасці займаюць значную частку тэрыторыі Еўразіі. Гімалаі — класічны прыклад вышыннай поясносці, тут прадстаўленыя ўсё вышынныя паясы. У гарах Еўразіі праходзіць верхняя мяжа распаўсюджвання расліннасці на Зямлі — 6200 м.

Рэгіёны свету
LocationAmericas.png Амерыка Паўночная · Карыбы · Лацінская · Цэнтральная · Паўднёвая
Location of Europe.svg Еўропа Паўночная · Заходняя · Цэнтральная · Усходняя · Паўднёвая
LocationAsia.png Азія Заходняя  · Цэнтральная · Усходняя · Паўднёвая · Паўднёва-Усходняя ·
Блізкі Усход · Сярэдні Усход · Далёкі Усход
LocationAfrica.png Афрыка Паўночная · Заходняя · Цэнтральная · Усходняя · Паўднёвая
LocationOceania.png Акіянія Аўстралія · Новая Зеландыя · Меланезія · Мікранезія · Палінезія

LocationPolarRegions.png Палярныя вобласці Арктыка · Антарктыка
LocationOceans.png Акіяны Атлантычны · Індыйскі · Паўночны · Ціхі  · Паўднёвы