Жалезны век на Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Жалезныя нажы. Позні жалезны век. Знойдзены на тэрыторыі Беларусі.

Жалезны век — трэці перыяд у гісторыі чалавецтва (пасля каменнага і бронзавага вякоў). На тэрыторыі Беларусі пачаўся ў VIIVI ст. да н. э., калі плямёны, што жылі тут, навучыліся здабываць жалеза і вырабляць з яго прылады працы, зброю, упрыгожанні. Працягваўся да канца V ст. н. э.

Агульныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Жалеза выплаўлялі з балотнай руды ў невялікіх паўшарападобных печах-домніцах. У працэсе археалагічных даследаванняў на гарадзішчах каля вёсак Лабэншчына Мінскага, Свідна Лагойскага, Канькі Віцебскага раёнаў выяўлены амаль цэлыя печы-домніцы, каля вёсак Урагава Верхнядзвінскага і Новы Болецк Гарадоцкага раёнаў — майстэрні, у якіх апрацоўвалі жалеза.

3 вынаходствам жалеза галоўным заняткам старажытных плямён станавілася ляднае (падсечнае) земляробства, а з яго развіццём павысілася гаспадарчае значэнне жывёлагадоўлі. Паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва паступова ператвараліся ў дапаможны занятак. Развівалася рамяство — апрацоўка дрэва і косці, бронзаліцейная справа, прадзіва, ткацтва, пляценне, ганчарства. Людзі пачалі будаваць больш складаныя жылыя і гаспадарчыя пабудовы.

Археалагічныя культуры на тэрыторыі Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

У 7—3 ст. да н. э. тэрыторыю сучасных Гомельскай, Магілёўскай, поўдня Мінскай і Брэсцкай абласцей займалі плямёны мілаградскай культуры. Яны выраблялі жалезныя прылады працы і зброю, бронзавыя ўпрыгожанні, карысталіся кругладонным гладкасценным посудам, верхнюю частку якога арнаментавалі ямкамі і насечкамі. Своеасаблівая рыса гэтай культуры — гліняныя фігуркі жывёл, якія, відаць, мелі культавае прызначэнне.

На захадзе Брэсцкай вобласці, дзе ў пачатку жалезнага веку жылі позналужыцкія плямёны, у 4—2 ст. да н. э. з тэрыторыі Польшчы пашырыліся плямёны паморскай культуры (усходнепаморскай культуры). Іх помнікі — неўмацаваныя паселішчы і бескурганныя могільнікі з 4 відамі пахаванняў: абкладзеныя камянямі, урнавыя, падклёшавыя (урна накрыта вялікім гаршком — «клёшам») і ямныя. Большасць даследчыкаў лічыць паморскую культуру славянскай.

На тэрыторыі сучасных Гомельскай, Магілёўскай, большай часткі Брэсцкай і поўдня Мінскай абласцей, дзе раней жылі плямёны мілаградскай і паморскай культур, у 3 ст. да н. э. склалася зарубінецкая культура. Яе насельніцтва карысталася сякерамі-кельтамі, сярпамі, лістападобнымі наканечнікамі коп'яў, дроцікамі скіфскага і кельцкага тыпаў, вырабляла грубаляпны і глянцаваны посуд, падтрымлівала сувязі са скіфамі, сарматамі, кельтамі, гарадамі Паўночнага Прычарнамор'я і інш. На думку многіх даследчыкаў, гэта культура таксама належала славянам.

Падвеска-лунніца з выемкавай чырвонай эмаллю. І — ІІІ ст. Бронза, эмаль. Кіеўская культура. Селішча Адаменка, Быхаўскі раён, Магілёўская вобласць. Археалагічныя раскопкі Л. Д. Побаля.

У 2-й чвэрці 1-га тысячагоддзя н. э. у Верхнім і Сярэднім Падняпроўі з'явіліся плямёны кіеўскай культуры (Адаменка, Новы Быхаў, Тайманава, Чырвоная Зорка Быхаўскага раёна). У яе генезісе некаторыя даследчыкі адзначаюць важнае значэнне зарубінецкіх старажытнасцей і нават вылучаюць яе ў позні этап зарубінецкай культуры або ў самастойную позназарубінецкую культуру.

На тэрыторыі Паўднёвай Беларусі ў 5—7 ст. жылі плямёны калочынскай культуры (Калочын Рэчыцкага, Шчаткава Бабруйскага, Нісімкавічы Чачэрскага раёнаў).

Фібула падковападобная з выемкавай чырвонай эмаллю. І — ІІІ ст. Бронза, эмаль. Культура штрыхаванай керамікі. Гарадзішча Малышкі, Вілейскі раён, Мінская вобласць. Археалагічныя раскопкі А. Р. Мітрафанава.

У 7—6 ст. да н. э. — 4—5 ст. н. э. тэрыторыю Цэнтральнай Беларусі насялялі плямёны культуры штрыхаванай керамікі. Яны выраблялі жалезныя прылады працы і зброю, бронзавыя ўпрыгожанні, карысталіся слоікападобнымі пасудзінамі і вастрарэбрымі гаршкамі са штрыхаванай паверхняй.

Фібула з выемкавай чырвонай і аранжавай эмаллю. І — ІІІ ст. Бронза, эмаль. Лукомль, Чашніцкі раён, Віцебская вобласць. Археалагічныя раскопкі Г. В. Штыхава.

На тэрыторыі Паўночнай Беларусі ў 8 ст. да н. э. — 4 ст. н. э. жылі плямёны днепра-дзвінскай культуры, якія на раннім этапе выраблялі прылады працы і ўпрыгожанні з каменю і косці, на познім — з жалеза і бронзы, а таксама гладкасценныя слабапрафіляваныя і слоікападобныя пасудзіны.

У 2-й пал. 2 — канцы 4 ст. н. э. у заходнія раёны Беларускага Палесся праніклі плямёны вельбарскай культуры (Брэсцкі бескурганны могільнік).

3 6 ст. на поўдні Беларусі рассяліліся плямёны пражскай культуры (культура тыпу Карчак), якія выраблялі высокія слабапрафіляваныя ляпныя гаршкі з максімальна расшыраным тулавам у верхняй частцы, звужанымі горлам і дном, апушчаным плечуком, кароткай прамой або ледзь адагнутай шыйкай.

Рэканструкцыя інгумацыі жалезнага века ў музеі гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта

У 8—9 ст. посуд набыў больш развітую прафіляваную форму: адагнутую шыйку, прыўзнятыя плечукі, больш пукатае тулава, шмат пасудзін арнаментавана (культура тыпу Лукі Райкавецкай). У цэнтральнай частцы і на поўдні тэрыторыі Беларусі, а таксама ў суседніх раёнах Верхняга Падняпроўя ў 3-й чвэрці 1-га тысячагоддзя н. э. пашырыліся помнікі банцараўскай культуры, для якой характэрны слабапрафіляваныя ляпныя пласкадонныя гаршкі з крыху адагнутым венчыкам, слабавыражанай шыйкай, моцна апушчаным плечуком, злёгку пукатым тулавам, а таксама круглабокія цыліндраканічныя і міскападобныя пасудзіны.

У 6—9 ст. у славян, якія насялялі тэрыторыю Беларусі, адбываўся пераход ад першабытнаабшчыннага ладу да феадальнага.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкал.: В. В. Гетаў [і інш.]. — Мн.: БелЭн, 1993.
  • Жалезны век // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 305. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]