Журавіны звычайныя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Журавіны звычайныя

Журавіны звычайныя з пладамі на балоце ў атачэнні моху Sphagnum rubellum. Ніжняя Саксонія, Германія.
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Vaccinium oxycoccos L., 1753

Сінонімы
Гл. тэкст
Арэал
выява

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  505635
NCBI  516948
EOL  484408
GRIN  t:1234
IPNI  261956-2
TPL  kew-2457265

Журавіны звычайныя (Vaccinium oxycoccos) — вечназялёная расліна роду ягаднік (Vaccinium) сямейства верасовыя (Ericaceae). Рэлікт ледавіковага перыяду[3].

Батанічнае апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Журавіны звычайныя. Батанічная ілюстрацыя Адольфа Іпея  (англ.) з кнігі Vervolg op de Afbeeldingen der Artsenij-gewassen met derzelver Nederduitsche en Latijnsche beschrijvingen, 1813
Кветка журавін звычайных буйным планам

Вечназялёны слабаразгалінаваны кусцік, які сцелецца і дасягае 15-30 см вышынёй. Парасткі тонкія, цёмна-бурыя з узыходзячымі кветаноснымі галінкамі. Маладыя галінкі апушаныя.

Лісце 5-16 мм даўжынёй, 2-6 мм у шырыню, чаргаванае, яйкападобнае або даўгаватае, завостранае, скурыстае, з кароткімі чарашкамі, пласцінка зверху бліскучая, цёмна-зялёная з загорнутымі ўніз суцэльнымі бакамі, знізу светла-зялёная, амаль белая ад васковага налёту[4].

Кветкі па адной-чатыры, паніклыя, размешчаныя на канцах леташніх парасткаў[4]. Кветаножкі доўгія, апушаныя з двума завостранымі прыкветкамі. Чашачка з чатырма круглявымі, расніцавымі па краі чашалісцікамі, спачатку зялёная, пазней чырвоная. Вяночак 5-7 мм даўжынёй, 1,5-2 мм шырынёй, калясопадобны, з ружова-чырвонымі загнутымі звонку даўгавата-ланцэтнымі долямі. Тычачак восем, а кароткімі пашыранымі густаваласістымі ніткамі, песцік адзін, завязь ніжняя.

Плод — цёмна-чырвоная сакавітая ядомая ягада[4] 8-18 мм у дыяметры. Ягады вар'іруюць па форме ад шарападобных да грушападобных, шматнасенныя, зімуюць. Насенне 1-2 мм даўжынёй, яйкападобна-выцягнутае, на верхавіне серпападобнае з буйнасеткавай лупінай.

Распаўсюджанне і экалогія[правіць | правіць зыходнік]

Растуць журавіны ў забалочаных хваёвых і мяшаных лясах, на алігатрофных і мезатрофных балотах[4]. Святлалюбная расліна. Аддае перавагу вільготным і халодным мясцінах. Цвіце ў маі-чэрвені, плады спеюць у верасні.

Шырока распаўсюджаны ў паўночных і сярэдніх раёнах еўрапейскай часткі Расіі, ва ўсіх абласцях Беларусі, у Сібіры і на Далёкім Усходзе[4].

Ва Украіне распаўсюджаны ў заходнім правабярэжным Палессі, паўночна-ўсходняй частцы левабярэжнага лесастэпу, зрэдку ў Карпатах і Прыкарпацці  (руск.). Нарыхтоўка магчымая ў Валынскай, Ровенскай, Жытомірскай, Чарнігаўскай абласцях і ў Карпатах.

Часам расліны гэтага віду ўтвараюць шырокія зараснікі на сфагнавых і тарфяных балотах[5][6].

Сістэматыка[правіць | правіць зыходнік]

Сістэматыка верасовых з'яўляецца складанай і шмат разоў пераглядалася. Некаторымі даследчыкамі, у тым ліку і савецкімі, з сямейства верасовыя (Ericaceae) вылучалася сямейства Vacciniaceae, да якой адносілі род ягаднік (Vaccinium)[7]. З гэтага ж роду вылучаўся ў асобны род Журавіны (Oxycoccus), да якога адносілі від журавіны звычайныя[8][9].

Цяпер звычайна гэты таксон разглядаецца альбо як адзін з двух падродаў роду Ягаднік (Vaccinium subgen. Oxycoccus), альбо як адна з больш чым трыццаці секцый гэтага ж роду (Vaccinium sect. Oxycoccus). У рускамоўнай літаратуры таксон Oxycoccus дагэтуль нярэдка разглядаецца як самастойны род[5].

Сінонімы[правіць | правіць зыходнік]

  • [syn. Oxycoccus hagerupii Á.Löve & D.Löve (1961)]
  • [syn. Oxycoccus oxycoccos (L.) MacMill. (1892)]
  • [syn. Oxycoccus palustris Pers. (1805) — Журавіны балотныя]
  • [syn. Oxycoccus quadripetalus (Oxycoccus quadripetala) Gilib. (1782) — Журавіны чатырохпялёсткавыя]
  • [syn. Vaccinium hagerupii (Á.Löve & D.Löve) Ahokas (1971)]
  • [syn. Vaccinium palustre Salisb. (1796) — Журавіны балотныя]

Блізкі від[правіць | правіць зыходнік]

Па марфалагічных прыкметах да журавін звычайных блізкія Oxycoccus microcarpa. Адрозніваюцца ад папярэдняга віду дробным (2-3 мм даўжынёй) завостраным лісцем і дробнымі ягадамі (4-6 мм у дыяметры) зрэдку расце разам з журавінамі звычайнымі. Мае патрэбу ў ахове.

Прымяненне[правіць | правіць зыходнік]

Харчовая, вітамінавая, лекавая расліна[4].

У кулінарыі[правіць | правіць зыходнік]

Ягады ўжываюць у ежу як свежымі, так і перапрацаванымі ў выглядзе сокаў, сіропаў, экстракту, лікёраў, налівак, вінаў, варэння, жэле, мармеладу, начынняў, вырабаў тыпу «журавіны ў цукры». Пекцінавыя рэчывы, якія змяшчаюцца ў ягадах, валодаюць выдатнымі ўласцівасцямі ўтвараць жэле і прадастаўляць кандытарскім вырабам з іх высокую якасць[4].

У медыцыне[правіць | правіць зыходнік]

Ягады журавін утрымліваюць цукры (3-4 %), лімонную, хінную, бензойная кіслоты (3,25 %), азоцістыя рэчывы, мінеральныя солі, ёд, дубільныя і фарбавальныя рэчывы; вітамін С (10-32 мг%)[4].

Ягады журавін утрымліваюць урсолавую кіслату, якую ў апошні час здабываюць з адходаў пасля падрыхтоўкі экстракту. У адходах змест гэтай кіслаты дасягае 6 %. Урсолавая кіслата мае гармонападобнае дзеянне і прапануецца для лячэння хваробы Адысона  (руск.), акрамя таго, яна спрыяе пашырэнню каранарных сасудаў сэрца.

Ягады пакрытыя васковым налётам, які прадухіляе іх загніванне, а дзякуючы бензойнай кіслаце яны могуць захоўвацца працяглы перыяд (каля 10 месяцаў) у свежым выглядзе.

Адходы вытворчасці экстракту, сокаў, вінаў з журавін выкарыстоўваюцца для атрымання высакаякаснага пекціну[4] і фарбавальнікаў.

Дзякуючы ўтрыманню вітаміна С ягады журавін з'яўляюцца выдатным супрацьцынготным сродкам.

У народнай медыцыне ягады журавін ужываюць пры гіпертаніі і пры паніжанай кіслотнасці страўнікавага соку[4]. Сок і экстракт з ягад п'юць як супрацьліхаманкавы і вітамінавы сродак. Лісце выкарыстоўваюць пры асфіксіі, ягады і лісце — пры анеміі і парушэнні абмену рэчываў.

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
  3. Дитяча енциклопедія: Живий світ України / О. Ф. Цеханська, Д. Г. Стрєлков — Харків: «Ранок», 2007—128с., іл.
  4. а б в г д е ё ж з і Митюков А. Д., Налетько Н. Л., Шамрук С. Г. Клюква болотная // Дикорастущие плоды, ягоды и их применение. — Мн: Ураджай, 1975. — С. 64-66. — 200 с. — 130 000 экз.
  5. а б Иллюстрированный определитель растений Ленинградской области / Под ред. А. Л. Буданцева и Г. П. Яковлева.. — М.: Товарищество научных изданий КМК, 2006. — С. 178, 180—181. — 799 с. — 700 экз. — ISBN 5-87317-260-9.
  6. Кожевников Ю. П. Семейство вересковые… (гл. раздел Літаратура).
  7. Інтродукція найважливіших ягідних рослин з родини Vacciniaceae Lindl. в Україні
  8. Биология. Современная иллюстрированная энциклопедия." Гл. ред. А. П. Горкин; М.: Росмэн, 2006.
  9. «Биологический энциклопедический словарь.» Гл. ред. М. С. Гиляров; Редкол.: А. А. Бабаев, Г. Г. Винберг, Г. А. Заварзин и др. — 2-е изд., исправл. — М.: Сов. Энциклопедия, 1986.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]