Заалагічны музей Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта
Заалагічны музей Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта | |
---|---|
Профіль | прыродазнаўчы |
Заснаваны | 1921 |
Месцазнаходжанне | 220080, Беларусь, г. Мінск, вул. Курчатава, 10. |
Адкрыты | Музей працуе штодня з 9-00 да 17-00, акрамя суботы і нядзелі. Дні для іншых наведвальнікаў: серада і чацвер. |
Заалагічны музей Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта — адзіны натуральна-гістарычны музей падобнага профіля Беларусі. Тут захаваліся дарэвалюцыйныя заалагічныя аб'екты, маюцца ўнікальныя экспанаты, сабраныя выпускнікамі біялагічнага факультэта і супрацоўнікамі музея ў розных экспедыцыях і паездках.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Заалагічны музей біялагічнага факультэта БДУ быў створаны ў 1921 г. па ініцыятыве загадчыка кафедры заалогіі прафесара А. У. Фядзюшына.
Калекцыя[правіць | правіць зыходнік]
У цяперашні час калекцыйны фонд музея з'яўляецца самым буйным у рэспубліцы зборам заалагічных аб'ектаў (чучал, кладак птушак, прэпаратаў, остэалагічнага матэрыялу і іншых як хрыбетнікаў, так і беспазваночных жывёл), агульным лікам больш за 102 тыс. адзінак захоўвання. Навуковыя калекцыі музея захоўваюцца ў спецыяльных сучасных памяшканнях агульнай плошчай 980 м2. У складзе заалагічных калекцый знаходзіцца 260 відаў, занесеных у Чырвоныя кнігі краін СНД і свету.
За апошняе дзесяцігоддзе экспазіцыйны фонд папоўніўся такімі рэдкімі відамі, як чырвоны воўк, вандроўны альбатрос, страусы, гіяцынтавыя ара, шымпанзэ, а таксама шматлікімі трапічнымі насякомымі і шэрагам іншых экспанатаў, якія ў натуральна-гістарычных музеях Беларусі адсутнічаюць. Акрамя таго, музей мае значную колькасць даўно зніклых выкапняў жывёл, напрыклад, фрагменты шкілета выкапнёвага слана (адзінай знаходкі ў Беларусі), выяўленыя ў 2006 г. пры будаўніцтве Мінскага метрапалітэна. Таксама тут сканцэнтраваны серыі новых для навукі відаў, захоўваюцца унікальныя заалагічныя экспанаты XIX-XX ст. А таксама ўнікальныя альбіносы і храмісты з ненатуральнай афарбоўкай покрываў. Асноўны фонд музея штогод папаўняецца новымі паступленнямі, сярэднегадавы тэмп росту складае 1100 адзінак захоўвання.
Папулярызатарская дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]
На працягу ўсяго перыяду існавання Заалагічны музей праводзіць вялікую працу па папулярызацыі ідэй аховы прыроды і як цэнтр асветы ў экалагічнай сферы. Музей карыстаецца заслужанай папулярнасцю сярод насельніцтва не толькі жыхароў горада, але і гасцей сталіцы. Штогод яго наведваюць каля 10 тыс. чалавек. Сярод наведвальнікаў не толькі навучэнцы і студэнты, але і навуковыя супрацоўнікі шэрагу замежных краін.