Забарона літоўскага друку

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Забарона літоўскага друку (літ.: spaudos draudimas) — забарона друку на літоўскай мове лацінкай у 1864—1904 гг. у Расійскай імперыі. Выданні па-літоўску, але з выкарыстаннем кірыліцы, дазваляліся і імі нават афіцыйныя расійскія ўлады заахвочвалі карыстацца. Падобная канцэпцыя з'явілася пасля паразы Студзеньскага паўстання 1863—1864 гадоў, прыняла форму адміністрацыйнай забароны ў 1864 г., і не змянілася да 24 красавіка 1904 г. Расійскія суды скасавалі два абвінавачванні на забарону друку ў 1902 і 1903 г., таксама паражэнне ў руска-японскай вайне 1904—1905 гадоў прывяло да перагляду і паслаблення расійскай палітыкі ў адносінах да нацыянальных меншасцяў[1].

Было незаконна друкаваць, імпартаваць, распаўсюджваць ці валодаць любымі публікацыямі на літоўскай мове лацінкай[2]. Царскія чыноўнікі спадзяваліся, што гэта мера зменшыць польскі ўплыў на літоўцаў і вярне іх да меркаваных «старажытных гістарычных сувязяў» з Расіяй. Аднак літоўцы арганізавалі друк па-за межамі Расійскай імперыі, галоўным чынам — у «Малой Літве» (Усходняя Прусія) і ў Злучаных Штатах Амерыкі. Літоўскі рух кніганошаў кантрабандна перапраўляў нелегальныя кнігі і перыядычныя выданні з Усходняй Прусіі ў Ковенскую губерню Расійскай імперыі. Колькасць гэткіх публікацый узрастала, нягледзячы на суровыя меры і строгія санкцыі ў адносінах да ўдзельнікаў гэтага руху. Забарона на друк стварыла добра арганізаваную апазіцыю польскамоўнаму культурнаму ўплыву.

Літоўскі друк перад забаронай[правіць | правіць зыходнік]

Паводле літоўскага бібліёграфа Вацловаса Біржышкі, з 1800 па 1864 г. на літоўскай мове з выкарыстаннем лацінскага шрыфта было надрукавана 926 назваў кніг, прычым большасць іх была надрукавана ў Вільні[3]. Паводле іншых даследчыкаў і крыніц, не было такіх маштабаў друку на літоўскай мове, тым больш у Вільні, а маштаб быў значна больш сціплы і канцэнтраваўся на Жамойці, г.зн. у Ковенскай губерні — галоўным чынам, у мястэчку Ворні пад кіраўніцтвам жамойцкага біскупа Матэюса Валанчуса і на жамойцкай гаворцы[4]. На Віленшчыне ж пераважаў друк на польскай мове (у тым ліку, рэлігійнай каталіцкай літаратуры)[5].

Арфаграфія літоўскай мовы на лацінцы была нестандартызаванай; гэты факт выкарыстоўвалі рускія чыноўнікі як абгрунтаванне пераходу на кірыліцу[6].

Гісторыя забароны літоўскага друку[правіць | правіць зыходнік]

Адзін з першых афіцыйных указаў Аляксандра ІІ на літоўскай мове, але кірылічным алфавітам
Указ Мураўёва аб забароне друкаваць літоўскія кнігі «польскімі літарамі»

Пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гадоў ў Паўночна-Заходнім краі Расійскай імперыі, віленскі генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў забараніў у 1864 г. друкаваць на літоўскай мове лацінскім шрыфтам буквары, афіцыйныя выданні, кнігі для чытання. Замест гэтага ўводзілася «гражданка» — літоўскае пісьмо кірылічнымі літарамі, распрацаванае Іванам Пятровічам Карнілавым.

Паводле ацэнак гісторыкаў XX ст., расійскі ўрад сваёй палітыкай забароны друку на літоўскай мове лацініцай імкнуўся спыніць паланізацыю літоўцаў, а таксама садзейнічаць этнічнай асіміляцыі літоўцаў з рускімі[7]. Сучасныя літоўскія і рускія даследчыкі (у прыватнасці Дарыус Сталюнас і Міхаіл Далбілаў) паказалі, што хоць некаторыя мерапрыемствы расійскага ўрада адносна літоўцаў у 1795—1917 гг. і мелі пэўны асіміляцыйны (русіфікатарскі) характар — галоўным чынам, культурнай асіміляцыі (пераходу на «рускія літары», г.зн. кірыліцу), але ніколі не ставілі мэт поўнай асіміляцыі літоўцаў, а мелі, хутчэй, задачы адарваць літоўцаў ад «польскага ўплыву» і тым паслабіць пазіцыі мясцовага польскамоўнага дваранства[8]. Дарыус Сталюнас паказаў, што ў вачах расійскага ўрада і грамадства этнічная асіміляцыя («абрусенне») літоўцаў магла адбыцца толькі ў тым выпадку, калі б літоўцы перайшлі з каталіцызма ў праваслаўе, бо ў тыя часы ў Расійскай імперыі галоўнай этнавызначальнай прыкметай лічылася веравызнанне: каб лічыцца рускім, трэба было спавядаць праваслаўе[9]. А расійскі ўрад ніколі не ставіў задачы пераводу літоўцаў у праваслаўе і ўвогуле мала цікавіўся літоўцамі як народам[8][10]. Сталюнас і Далбілаў паказалі, што асноўную ўвагу ў паўночна-заходніх губернях у 1864—1914 гг. расійскі ўрад надаваў пераводу беларусаў і палякаў з каталіцтва ў праваслаўе, прычым для «асоб польскага паходжання» нават пераход у праваслаўе не быў дастатковым крытэрыем іх «рускасці» — трэба было яшчэ размаўляць на рускай мове[11].

Пераемнік Мураўёва, віленскі генерал-губернатар Канстанцін Пятровіч Каўфман, у 1865 г. пашырыў забарону — спецыяльным тайным цыркулярам № 96 ад 6(18) верасня 1865 г. ён абавязаў губернатараў Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай, Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў забараніць друк, увоз і распаўсюджанне ўсіх літоўскіх выданняў, ажыццёўленых лацінскім і «польскім» шрыфтам. Гэту забарону сваім цыркулярам № 141 ад 23 верасня (5 кастрычніка) 1865 г. падмацаваў міністр унутраных спраў Пётр Валуеў. Да таго ж расійскі імператар Аляксандр ІІ у вуснай форме загадаў забараніць літоўскі друк лацінкай. Аднак гэта рашэнне цара не было апублікавана ў зборы законаў Расійскай імперыі, таму фармальна не мела юрыдычнай моцы. Пазней гэты факт быў выкарыстаны барацьбітамі за мажлівасць друку на літоўскай мове лацінкай.

У 1872 г. забарона была распаўсюджана і на друкаваныя гатычным шрыфтам літоўскія кнігі, якія ў асноўным выкарыстоўваліся літоўцамі-лютэранамі[12].

Літоўскія кірылічныя выданні[правіць | правіць зыходнік]

Літоўскі малітоўнік, аддрукаваны кірыліцай
Той жа малітоўнік, надрукаваны незадоўга да забароны

Руская адміністрацыя з самага пачатку ўзяла ў свае рукі справу выдання літоўскіх кніг з выкарыстаннем рускага шрыфта. Былі ўстаноўлены катэгорыі літоўскіх выданняў, іх колькасць і прызначэнне. Чыноўнікі спадзяваліся, што патрэбы літоўцаў абмяжуюцца букварамі, календарамі і самымі асноўнымі кнігамі рэлігійнага зместу. Усе гэтыя выданні павінны былі рэдагавацца так, каб не пярэчыць вучэнню праваслаўнай царквы.

Казённыя «літоўскія» друкаваныя выданні былі нешматлікімі і вылучаліся разнастайнасцю. За 40 гадоў было выпушчана 55 выданняў, калі ж улічыць паўторы і выпраўленні, то атрымаецца толькі 63 друкаваных выданні[13].

Амаль палову ўсіх згаданых выданняў улады выпусцілі ў першыя дзесяць гадоў дзеяння забароны. Больш за 3/4 выданняў склалі буквары, календары і рэлігійныя кнігі.

Аднак, нягледзячы на ўсе намаганні, распаўсюдзіць казённыя кнігі не ўдавалася. Некаторым выключэннем у гэтым плане сталі буквары, абавязковыя ў пачатковых школах Ковенскай губерні. Іншыя ж выданні было цяжка раздаць нават задарма. Ужо ў 1869 г. Ковенская дырэкцыя народных вучылішчаў скардзілася, што прысланыя на склады школ разнастайныя казённыя літоўскія кнігі не карыстаюцца попытам. Адзін настаўнік з Сувалкаўскай губерні сцвярджаў, што яго вучні выхваляліся тым, што пякуць бліны ў печцы, распаленай падараванымі катэхізісамі і малітоўнікамі. Па словах гэтага настаўніка, сяляне лічылі сваімі толькі кнігі, выдадзеныя «старым» шрыфтам, а кірылічныя называлі «паліцэйскімі».

Выдаваць літоўскія кнігі кірыліцай прыватным асобам не дазвалялася, адзіным выключэннем стаў падручнік для краўцоў, выпушчаны ў Мітаве.

Супраціўленне[правіць | правіць зыходнік]

Нелегальныя неперыядычныя публікацыі[14]
Перыяд Колькасць выданняў
1865—1874 345
1875—1884 501
1885—1894 1,076
1895—1904 2,031
Усяго 3,953

Літоўскія лацінкавыя кнігі друкавалася ў Усходняй Прусіі (на тэрыторыі г.зв. Малой Літвы) і ў ЗША. Усяго ў 1865—1904 гг. лацінскім і гатычным шрыфтам былі надрукаваныя 3 953 выданні (без уліку перыёдыкі). Толькі ў Малой Літве свет пабачылі 2 687 выданняў, 1 830 з іх ствараліся для распаўсюджвання ў Расіі. У ЗША літоўскія эмігранты пачалі друкаваць свае кнігі з 1874 г. Да 1904 г. было выпушчана 712 кніг. Іх найбольшая колькасць выйшла ў гарадах Пенсільваніі, Нью-Ёрку, Брукліне і Чыкага. Тры лацінкавыя кніжкі былі недагледжаны цэнзурай і выйшлі на тэрыторыі самой Літвы (у 1879 і 1900 г.). Пасля атрымання дазволу некалькі літоўскіх кніг было надрукавана ў Расіі — у гэтых выпадках неабходнасць публікацыі матывавалася навуковымі патрэбамі.

Немалая колькасць літоўскіх выданняў гэтага часу выходзіла з фальшывымі дадзенымі. Справа ў тым, што літоўскія рэлігійныя кнігі, выдадзеныя да 1864 г. не забараняліся, таму ў Тыльзіце, Рагнеце і іншых месцах друкавалі выданні без указання сапраўднага прозвішча аўтара, пазначэння сапраўднага выдаўца, месца і года выдання. Таксама фальсіфікаваліся і паўтараліся ранейшая згода дзяржаўнай ці касцёльнай цэнзуры.

Колькасць публікацый на літоўскай мове расла з года на год. За ўвесь перыяд забароны 63,3% выданняў, надрукаваных ва Усходняй Прусіі і прызначаных для распаўсюджвання ў Літве было выдадзена ў 1891—1904 гг. Змянілася і тэматыка выдаваных кніжак. У першыя дзесяцігоддзі пасля паўстання дамінавала рэлігійная і дыдактычная літаратура. затое ў 1890-я гг. з'яўлялася ўсё болей мастацкай, папулярнай навуковай і палітычнай літаратуры. У канцы XIX — пачатку XX стст. літоўская прэса, як і ўвесь літоўскі вызваленчы рух, падзялілася на некалькі накірункаў — каталіцкую, дэмакратычна-ліберальную і сацыялістычную. Аднак сярод кніжак, выдадзеных у часы забароны 29% складалі малітоўнікі, 11 — календары і 10 — лемантары (буквары).

Усяго ў гады забароны было надрукавана каля 6 000 000 асобнікаў розных выданняў (сярэдні тыраж буквара складаў 10 000 экз., календара — 8 000, малітоўніка — 7 500. Папулярная свецкая кніга друкавалася накладам ў 2 500 экз[15].

Наступствы[правіць | правіць зыходнік]

Пракламацыя літоўскіх сацыял-дэмакратаў пасля адмены забароны, назва азначае Друк дазволены! (1904)

Пасля таго, як забарона была ліквідавана, трэба было заснаваць друкарні, разам з усім дапаможным абсталяваннем. Першы выпуск літоўскай газеты, якая выйшла пасля забароны, Vilniaus žinios, адбыўся 23 снежня 1904 г.

Вялікі Віленскі сейм, які адбыўся ў кастрычніку 1905 г., цяпер мог выдаваць свае паведамленні і публікацыі па-літоўску.

Друкарні Марціна Кухты, Салямонаса Банайціса і Таварыства Святога Казіміра ў Коўне выдалі большасць публікацый у перыяд ад адмены забароны на друк і да аднаўлення літоўскай незалежнасці ў 1918 г. Прадпрымальнік Пятрас Вілейшыс усталяваў друкарню ва ўласным палацы. У гэты час на літоўскай мове лацінскім шрыфтам у Літве і па-за яе межамі было выдадзена 4 734 кніг. Пасля ўсталявання незалежнай Літвы колькасць публікацый значна вырасла: 16 721 назваў кніг было надрукавана з 1918 да 1939 г. Паміж 1925 і 1939 г. прыкладна 800—900 назваў кніг выходзіла кожны год.

У 1905 г., пасля адмены забароны, адзін з найбольш вядомых літоўскіх кніганошаў Ёзас Масюліс (Juozas Masiulis), адкрыў сваю ўласную кніжную краму ў Паневяжысе. Гэта крамя ўсё яшчэ працуе, як і сетка кнігарняў, якія працуюць у Літве, выкарыстоўваючы яго імя.

Падтрымка прадстаўнікамі іншых народаў[правіць | правіць зыходнік]

Аб'ява пра забарону ўжываць літоўскую мову

Дапамога, аказаная літоўцам ў іх барацьбе з забаронай на друк кірыліцай, насіла розны характар і была выклікана рознымі матывамі, што не ў апошнюю чаргу было звязана з тым, да якіх сацыяльных груп адносіліся людзі, што дапамагалі барацьбе. Так, напрыклад, прадстаўнікі інтэлігенцыі расцэньвалі супраціў літоўцаў, кіруючыся пры гэтым ідэаламі і прынцыпамі дэмакратыі. Аднак гэта катэгорыя ўстрымлівалася ад непасрэднай дзейнасці па нелегальным распаўсюджванні літоўскай літаратуры. Яны імкнуліся дамамагчы літоўцам настолькі, насолькі гэта дазвалялі дзяржаўныя законы, а таксама супярэчнасці ў распараджэннях уладаў. Аднак падобная тактыка дазваляла дастаткова эфектыўна разбураць забарону на літоўскі друк, таму падобныя намаганні можна ацаніць вельмі станоўча.

Тыя ж, хто паходзіў з больш нізкіх сацыяльных слаёў, далучаліся да літоўскага руху супраціўлення, перапраўляючы літоўскія выданні праз мяжу, хавалі іх у сябе ў хаце і распаўсюджвалі сярод літоўцаў. Шмат з іх пацярпелі за сваю дзейнасць.

Калі ж разглядаць тых, хто падтрымліваў літоўцаў, па нацыянальнай прыналежнасці, то рускія адносіліся амаль выключна да першай групы, бо каланісты і чыноўнікі з Расіі падтрымлівалі ў прынцыпе царскую палітыку. У якасці выключэння называецца прыклад аднаго мясцовага рускага — Іосіфа Лук'янава, якога ў студзені 1897 г. засталі ў вёсцы Барклайняй Панявежскага павета Ковенскай губерні ў той момант, калі ён навучаў 12 літоўскіх дзетак. Падчас ператруса былі знойдзеныя тры літоўскія кнігі і адзін рускі лемантар (буквар). Мець літоўскія кнігі і навучаць у нелегальнай школе таксама лічылася злачынствам.

Кантынгент асоб, што сімпатызавалі правам літоўскага народа складалі навукоўцы буйнейшых расійскіх універсітэтаў і Расійскай акадэміі навук. Праблему безсэнсоўнасці забароны на літоўскі друк лацінкай уздымала і частка рускай ліберальнай прэсы.

Вялікай дапамогай у барацьбе літоўцаў з забаронай на друк і моўныя абмежаванні былі навуковыя работы вядомых рускіх мовазнаўцаў і іх лекцыі ва ўніверсітэтах. Перш за ўсё трэба прыпомніць імёны акадэмікаў Філіпа Фартунатава, Фёдара Карша, Аляксея Шахматава і Уладзіміра Ламанскага.

З рускімі навукоўцамі, якія абаранялі права літоўцаў на свой алфавіт, былі цесна звязаныя і некаторыя палякі: лінгвісты Ян Бадуэн дэ Куртэнэ і Віктар Пажазінскі. Трохі ўбаку ад кола расійскіх навукоўцаў трымаліся мовазнаўца Ян Карловіч і археолаг Людвік Кшывіцкі, аднак іх дзейнасць таксама садзейнічала барацьбе з забаронай на друк. Дапамагалі літоўцам і польскія пісьменнікі Юзаф Ігнацы Крашэўскі і Марыя Радзевіч.

Былі і палякі, якія дапамагалі літоўскаму народу нелегальна. У асноўным гэта былі рэвалюцыянера-сацыялісты. Сярод іх быў і вядомы у будучым кіраўнік савецкіх карных органаў Фелікс Дзяржынскі. Працуючы ў 1897 г. у Коўна, ён на металазаводзе братоў Тыльмансаў даваў рабочым-літоўцам чытаць «выданні на літоўска-жмудскай мове».

На віленскай кватэры члена ЛСДП Франца Карчмарчыка, ураджэнца Келецкай губерні, у 1899 г. было знойдзена 900 брашур на літоўскай, рускай і польскай мовах. Палякам, хутчэй за ўсё, быў і ўраджэнец Плоцкай губерні Юзаф Чэржаста, затрыманы ў 1883 г. у Вількамірскім павеце Ковенскай губерні з 32 забароненымі кнігамі, у тым ліку сям'ю — літоўскімі.

Беларускія газеты пра літоўскі друк[правіць | правіць зыходнік]

У 1914 г. урачыста адзначаўся 10-гадовы юбілей скасавання забароны на літоўскі друк лацінскім і літарамі. З гэтай нагоды першая беларуская газета «Наша ніва» змясціла вялікі артыкул:

Левыя коскі Сёлета уся Літва сьвяткуе 10 летнюю гадаўшчыну легалізаціі літоўскага друку ў Расеі. Друкаваць па літоўску кніжкі было забаронена у 1865 годзе і ад гэтаго часу да 24 красавіка 1904 году у Расеі не было надрукавана ніводнай кніжкі па літоўску лацінскімі літэрамі.

Лацінскіе літэры адыгралі вялікую ролю ў разбуджэнні літоўскай національнай сьвядомасьці. Як вядома, літвіны прынялі хрысціянства праз Польшчу, а разам з хрысціянствам, заходняга рымскага звычаю, - праз тую ж Польшчу, - прыняло і лацінскіе літэры у набожных і касцельных кніжках. Да 1865 году у літоўскай мове не было блізка ніякіх кніжэк сьвецкаго зьместу:-былі толькі кніжкі духоўные, друкаваные па літоўску лацінскімі, а раней ,-так як і палякоў,-готыцкімі літэрамі. У 1865 годзе, пасля польскаго паўстання, атпушчэно было с казны, дзеля абрусення літвіноў, 200 000 р. на друкаваньне літоўскіх кніжэк рускімі літэрамі. З гэтаго капіталу выдана было усяго толькі 40 000 р. на друкаваьне катэхізмоў і малітвеньнікоў літоўскіх рускімі літэрамі, а рэшта капіталу асталося ня выкарыстаным. малітвеннікі, катэхізмы раздаваліся дарма дзецям па школах і ўсім, хто хацеў. Але забарона выклікала у літоўскім народзе національную сьвядомасьць і ён пачаў сам, як умеў, бараніцца. Раздаваные дарма "новые" літоўскіе кніжкі селяне палілі і дзецям забаранялі прынасіць іх дамоў. Старые літоўскіе кнігі, друкаваные лацінскімі літэрамі, хаваліся па хатах як скарб, бо паліція адбірала іх, - і праз гэта набіралі яны цаны у вачах літоўскаго селяніна і было што раз болей людзей, каторые хацелі мець забароненые "свае літоўскіе малітвеннікі". З колькі галоў пасьля забароны у тэй часьці Літвы, што пад Прусіей, у гор. Тыльжы, пачалі друкаваць літоўскіе малітвеннікі і іншые кніжкі для расейскай Літвы. Друкарскія машыны выкідалі дзесяткі тысяч літоўскіх кніжэк у Прусіі і кніжкі гэтые, контрабандай, расходзіліся па ўсей расейскай Літве. Каля 1900 году не было хаты у Літве. дзе не было бы літоўскаго забароненаго малітвенніка. Бывалі здарэньня. што паліція перэнімала на дарозі ў касцёл людзей, перэтрасала іх і атбірала "нелегальные малітвеннікі", бывала што і абступала касцёл і на сьвентары атбірала. У канцы стала ясна і правіцельству. што забароны тут не памогуць, бо за граніцай с кожным годам множыліся друкі і часопісі, і расходзіліся шырока па ўсёй Літве. І вось за год перэд абвешчэньнем маніфэсту аб свабодах, была знята забарона з літоўскіх друкоў. Літвінам было пазволена друкаваць якімі яны самі захочуць літэрамі.

Такім парадкам сёлетняя гадаўшчына дозвалу на лацінскіе літэры у літоўскіх друках, яўляецца разам і 50 летняй гадаўшчынай змаганьня за гэты друк і за адраджэньня Літвы.

За апошніх дзесяць гадоў літвіны у Расеі здалелі выдаць каля 5 мільёноў экзэмпляроў кніжэк і сарганізаваць больш 25 газэт. Апрача гэтаго, забарона літоўскаго друку прымусіла літвіноў вучыцца граматы пакрыёму, па хатах і цяпер па граматнасьці Ковенская губэрня займае першае мейсца ў Расеі[16].

Правыя коскі

Падобную інфармацыю змясціла на сваіх старонках і каталіцкая газета «Беларус»[17].

Зноскі

  1. Lithuanian Resistance. Spaudos.lt, перадрук з Encyclopedia Lituanica, Boston, 1970—1978. Праверана 2009-03-17
  2. Lithuania 1863—1893: Tsarist Russification And The Beginnings Of The Modern Lithuanian National Movement Архівавана 12 снежня 2016.. Lituanus, Fall 1996. Праверана 2009-03-17
  3. Book, in the Lithuanian Language. The Lithuanian Word, перадрук з Encyclopedia Lituanica, 1970—1978. Праверана 2009-03-17
  4. История Литовской ССР / А. Таутавичюс, Ю. Юргинис, М. Ючас и др... С. 201—203; Stosunki litewsko-polskie w Djecezji Wileńskiej i nadużycia Partji Wszechpolskiej. Memorjał duchowieństwa litewskiego. — Wilno, 1913. — С. 16—20.
  5. Stosunki litewsko-polskie w Djecezji Wileńskiej i nadużycia Partji Wszechpolskiej. Memorjał duchowieństwa litewskiego. — Wilno : Druk. J. Zawadzkiego, 1913. — С. 16—20.
  6. Official Cyrillic Alphabet for Lithuanian (1864—1904) and its Relation to the Clandestine Standardization of Lithuanian in Latin Script. University of Illinois at Chicago, Giedrus Subačius, 2005. Праверана 2009-03-17
  7. Сталюнас, Д. Взгляд на политику Российской империи в литовской историографии... С. 534—545.
  8. а б Западные окраины Российской империи / Л.А. Бережная [и др.] ; науч. ред. М. Долбилов, А. Миллер... С. 245—252.
  9. Сталюнас, Д. Взгляд на политику Российской империи в литовской историографии... С. 547—548; Долбилов, М.Д. Русский край... С. 16, 163, 750.
  10. Гэтак жа расійскі ўрад ніколі не ставіў задачы пераводу латышоў у праваслаўе і ўвогуле мала цікавіўся латышамі як народам, а толькі даваў загады распрацаваць кірылічны алфавіт для латышскай мовы. Гл.: Западные окраины Российской империи / Л.А. Бережная [и др.] ; науч. ред. М. Долбилов, А. Миллер... С. 249.
  11. Сталюнас, Д. Взгляд на политику Российской империи в литовской историографии... С. 548; Западные окраины Российской империи / Л.А. Бережная [и др.] ; науч. ред. М. Долбилов, А. Миллер... С. 227—244; Долбилов, М.Д. Русский край... С. 16, 163, 750.
  12. Борьба литовского народа за свободу печати в 1864—1904 гг. Вильнюс: Литовский национальный музей, 2004. С. 3 — 4
  13. Борьба литовского народа за свободу печати в 1864—1904 гг. Вильнюс: Литовский национальный музей, 2004. С. 5
  14. Kamuntavičius, Rūstis (2001). Lietuvos istorija 11–12 klasėms. Vilnius: Vaga. p. 321. {{cite book}}: Невядомы параметр |coauthors= ігнараваны (прапануецца |author=) (даведка); Шаблон цытавання мае пусты невядомы параметр: |1= (даведка)
  15. Aleksanravičus E., Kulakauskas A. Pod władzą caròw. Litwa w XIX wieku. Krakòw: Universitas, 2003. S. 311—312
  16. Власт. 10 летні юбілей літоўскаго друку // Наша Ніва, 1914, 1 мая. (Факс. выд. Вып. 5. -Мн.: Тэхналогія, 2009)
  17. B. P-ko. 10 hadowy jubilej litouskaho druku // Biełarus, 1914, № 19

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Борьба литовского народа за свободу печати в 1864—1904 гг. Вильнюс: Литовский национальный музей, 2004.
  • Долбилов, М.Д. Русский край, чужая вера: Этноконфессиональная политика империи в Литве и Белоруссии при Александре II / М.Д. Долбилов. — М. : Новое литературное обозрение, 2010. — 1000 с.
  • Сталюнас, Д. Взгляд на политику Российской империи в литовской историографии / Д. Сталюнас // Западные окраины Российской империи / Л.А. Бережная [и др.] ; науч. ред. М. Долбилов, А. Миллер. — М. : Новое литературное обозрение, 2006. — 608 с.
  • Западные окраины Российской империи / Л.А. Бережная [и др.] ; науч. ред. М. Долбилов, А. Миллер. — М. : Новое литературное обозрение, 2006. — 608 с.
  • История Литовской ССР / А. Таутавичюс, Ю. Юргинис, М. Ючас и др.; Ред. колл. Б. Вайткявичюс (отв. ред.) [и др.]. — Вильнюс : Мокслас, 1978. — 676 с.
  • Aleksanravičus E., Kulakauskas A. Pod władzą caròw. Litwa w XIX wieku. Krakòw: Universitas, 2003.
  • Kaluškevičius B., Misius K. Lietuvos knygnešiai ir daraktoriai 1864—1904. Vilnius: Demedžio leidykla, 2004.
  • Stosunki litewsko-polskie w Djecezji Wileńskiej i nadużycia Partji Wszechpolskiej. Memorjał duchowieństwa litewskiego. — Wilno : Druk. J. Zawadzkiego, 1913. — 66 s.