Залатая ліхаманка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Залатая ліхаманка (англ.: gold rush) — неарганізаваная масавая здабыча золата на новых радовішчах, характарызуецца стыхійным наплывам старацеляў і драпежніцкімі метадамі здабычы.

Новыя радовішчы золата з магчымасцю здабычы золата шліхавым метадам прыцягваюць увагу вялікай колькасці людзей, якія сцякаюцца ў рэгіён, ствараючы лагеры старацеляў. Такі наплыў стымулюе развіццё эканомікі рэгіёну, якому трэба рэагаваць на патрэбы ў прадуктах харчавання, таварах, жыллі, абсталяванні. Аднак, адносна лёгкая здабыча золата спыняецца праз некалькі гадоў і саступае месца механізаваным метадам, якія даступныя толькі кампаніям.

Залатыя ліхаманкі пачаліся ў сярэдзіне XIX стагоддзя і працягваюцца ў розных кропках зямнога шара да гэтага часу. Асноўнымі лічацца каліфарнійская (1849), аўстралійская (1851), паўднёваафрыканская (1886), клондайкская (1896) і аляскінская (1898) залатыя ліхаманкі.