Заратуштра
Зарату́штра (авест. Zaraθuštra, Зарату́стра (у еўрапейскай традыцыі); на фарсі "زرتشت" — Zartošt, Зарто́шт; старажытнагрэч. "Ζωροάστρης", Зараа́стрэс)[1] — прарок і рэфарматар старажытнаіранскай рэлігіі. Згодна з паданнем, заснавальнік зараастрызму.
Час жыцця Заратуштры застаецца прадметам спрэчак. Паводле іранскай традыцыі, ён жыў за 258 гадоў да Аляксандра Македонскага, які ў 333—330 да н.э. заваяваў Персідскую імперыю, перамогшы яе ўладара Дарыя III. Аднак, на думку некаторых навукоўцаў, гэтая дата 590 да н.э. запозненая, а словы "да Аляксандра" былі скажэннем пачатковага "да Дарыя", дзе пад Дарыем разумеўся цар Дарый I Вялікі (522—486 да н.э.), а ня Дарый III Кодаман (336—330 да н.э.), якога перамог Аляксандр. Сыходзячы з гэтага меркавання, даследнікі атрымоўваюць для Заратуштры дату каля 750 да н.э., якая суадносіцца з тым, што для грэкаў IV і V стагоддзяў да н. э. Заратуштра быў фігурай настолькі старажытнай, што яны маглі адносіць час яго жыцця за 6000 гадоў да Платона, — магчыма, блытаючы час яго сапраўднага нараджэння і час з'яўлення яго духавага папярэдніка-двайніка, які паводле зораастрызму, ёсць у кожнага чалавека.
Святая кніга Зараастрызму — Авеста, аднак, паводле шэрагу азнакаў, толькі пэўную частку яе можна прыпісваць Заратуштры. Гэтую частку складаюць Гаты, малітвы ў складзе Авесты. Гаты — адзіная аўтэнтычная крыніца звестак пра Заратуштру. Галоўнай вонкавай падзеяй яго жыцця было зварочанне да веры нейкага "князя Віштаспы" (грэцк. Гістаспа), якога па шэрагу прычынаў немагчыма атаясаміць з яго цёзкам, бацькам Дарыя. У Гатах усё ўказвае на паўночны ўсход Ірану як на радзіму Заратуштры, далёкую ад кантактаў з цывілізацыямі Вавілона і Заходняга Ірану, населенага персамі і мідыйцамі. Відаць, Заратуштра жыў і прапаведваў у Харэзме (тэрыторыя сучасных Таджыкістану і Ўзбекістану), у ніжнім цячэнні Окса (Аму-Дар’і).
Легенда пра Заратуштру натхніла на еўрапейскай глебе нямецкага пісьменніка-філосафа Фрыдрыха Ніцшэ на стварэнне твора "Так казаў Заратустра".
У Сеціве [правіць]
- Часопіс "Грани эпохи" (руск.)
Зноскі
- ↑ Энцыклапедыя "Рэлігія"(руск.)
Літаратура [правіць]
- Бойс М. «Зороастрийцы. Верования и обычаи». Перевод с английского и примечания И. М. Стеблин-Каменского. Послесл. Э. А. Грантовского. М., Главная редакция восточной литературы издательства «Наука», 1988, 303 с. С. 69-70.
