Заходне-Еўрапейская платформа

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Заходне-Еўрапейская маладая платформа — платформавая вобласць галоўным чынам з палеазойскім складкавым фундаментам і мезазойска-кайназойскім (месцамі верхняпермскім) чахлом, якая знаходзіцца ў Заходняй і Сярэдняй Еўропе.

На поўдні абмежавана насоўнымі франтамі складкава-покрыўных горных збудаванняў Альпійска-Гімалайскага рухомага пояса, ад якіх месцамі аддзелена перадавымі прагінамі (Перадпірэнейскім, Перадальпійскім, Перадкарпатскім). Мяжой з Усходне-Еўрапейскай старажытнай платформай на ўсходзе з’яўляецца лінія Тэйсейра—Торнквіста, што працягваецца ад Дабруджанскага плато на паўночны захад паралельна фронту Усходніх Карпат у напрамку ўсходняй часткі польскага Памор’я, затым цераз паўвостраў Ютландыя і акваторыю Паўночнага мора да паўднёва-заходняй падводнай ускраіны Скандынаўскага паўвострава. Заходне-Еўрапейская платформавая вобласць абмежавана акіянскімі плітамі катлавіны Нансена і Баранцава мора на поўначы.

Геалогія[правіць | правіць зыходнік]

Характэрна рэзка акрэсленая блокавая будова: платформа разбіта на высока ўзнятыя масівы, выступы і глыбока апушчаныя ўпадзіны.

Фундамент платформы, за выключэннем дробных раннедакембрыйскіх масіваў, сфарміраваўся ў выніку кадомскай (байкальскай), каледонскай і герцынскай эпох тэктагенезу. У паўночнай частцы платформы (б. ч. тэрыторыі Брытанскіх астравоў, акваторыя Паўночнага мора, шэльф Нарвежскага мора, паўночная частка Паўночна-Германскай нізіны і паласа ўздож лініі Тэйсейра—Торнквіста) фундамент у асноўным каледонскі (час завяршальнай складкавасці — ад ранняга ардовіка да сярэдняга дэвона), выключаюча кадомскі масіў Мідленд на тэрыторыі Вялікабрытаніі.

Фундамент паўднёвай часткі Заходне-Еўрапейскай платформы ўтвараюць герцынскія складкавыя структуры, якія выступаюць на паверхню ў межах Армарыканскага, Цэнтральнафранузскага, Вагезскага, Шварцвальдскага, Чэшскага (Багемскага) масіваў, а таксама ў Ардэнах, Рэйнскіх Сланцавых гарах, Гарцы, Цюрынгенскім Лесе, Рудных гарах, Судэтах, у заходняй і цэнтральнай частках Пірэнейскага паўвострава. Сярод герцынід назіраюцца фрагменты больш старажытнай — кадомскай асновы. У будове герцынскага комплекса выдзяляюць шэраг структурных зон. Узрост заключных дэформацый змяняецца ад канца дэвона — пачатку карбона ў паўднёвых зонах да сярэдзінны ранняга пермскага перыяду — у паўночных.

Глыбока апушчаныя ўпадзіны (Польска-Германская, Паўднёва-Германская, Парыжская, Аквітанская, Цюрынгская, Субгерцынская). У межах платформы развіты рыфтавыя сістэмы: кайназойская рэйнская (Рэйнскі і Ронскі грабены) і мезазойская паўночнаморская.

На ўсёй тэрыторыі Заходне-Еўрапейскай платформы развіта покрыва чацвярцічных адкладаў: ледавіковых і водна-ледавіковых, эолава-дэлювіяльных, алювіяльных, азёрных, марскіх і інш.

Карысныя выкапні[правіць | правіць зыходнік]

3 паўночнаморскай рыфтавай систэмай звязаны буйнейшыя радовішчы нафты і прыроднага газу. Да адкладаў цэхштэйна (верхняя перм) прымеркаваны буйныя радовішчы каменнай і калійных солей, да каменнавугальных адкладаў — каменны вугаль, пермскіх і неагенавых — буры вугаль.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]