Заходне-Сібірская раўніна

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Заходне-Сібірская раўніна ў Томскай вобласці

Заходне-Сібірская раўніна (нізіна) — раўніна, размешчана ў Азіі, на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, адна з самых вялікіх нізінных акумуляцыйных раўнін на зямным шары.

Знаходзіцца паміж Карскім морам на поўначы, Тургайскім плато, Казахскім драбнасопачнікам і перадгор'ямі Алтая на поўдні, Уральскімі гарамі на захадзе і Сярэднесібірскім пласкагор'ем на ўсходзе. Працягнулася з поўначы на поўдзень на 2500 км, з захаду на ўсход ад 1000 км (на поўначы) да 1900 км (на поўдні). Плошча каля 3 млн. км².

Раўніна прымеркавана да Заходне-Сібірскай пліты эпігерцынскай платформы, якая перакрыта магугнымі (больш за 1000 м) мезазойскімі і кайназойскімі адкладамі (гліны, пясчанікі, мергелі). У тоўшчы антрапагену (магугнасцю да 200 м) пашыраны ледавіковыя і марскія (на поўначы), алювіяльныя і азёрныя (на поўдні) пароды. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ (Заходне-Сібірская нафтагазаносная правінцыя), жалезная руда, торф, будаўнічыя матэрыялы. Рэльеф раўнінны, слабарасчлянёны. Самыя нізкія ўчасткі ў цэнтры і на поўначы (выш. 50-150 м), уздоўж заходніх, паўднёвых і ўсходніх ускраін невялікія (200-250 м) узвышшы. Пераважаюць шырокія плоскія міжрэччы, вельмі забалочаныя, месцамі з марэннымі пагоркамі і градамі (на поўначы) або пясчанымі грывамі (на поўдні). Вылучаюцца Васюганская раўніна, Барабінскі, Ішымскі, Кулундзінскі стэп. У сярэдняй частцы раўніны ад Урала да Енісея цягнуцца Сібірскія Увалы (выш. да 285 м).

Клімат кантынентальны. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -28°С на поўначы да -16°С на поўдні, ліпеня ад 4°С да 22°С. Гадавая сума ападкаў ад 200 мм у тундравай і стэпавай зонах да 600 мм у лясной.

На тэрыторыі раўніны больш за 2000 рэк (агульная даўжыня 250 тыс. км). Галоўныя рэкі — Енісей, Об, Іртыш — суднаходныя і сплаўныя. Шмат азёр рознага паходжання (Чаны, Убінскае, Кулундзінскае возера), у т.л. салёных і горка-салёных (на поўдні).

У глебава-раслінным покрыве выразна праяўляецца занальнасць. Паўночная частка занята тундрай (глеевыя і глеявата-падзолістыя глебы) з арктычнымі, імховымі, лішайнікавымі і хмызняковымі ландшафтамі. Паступова тундра пераходзіць у лесатундру (падзоліста-глеевыя глебы), дзе пашыраны комплексы ландшафтаў хмызняковай тундры, ялова-лістоўнічных рэдкалессяў, сфагнавых і нізінных балот. Большая частка раўніны належыць да лясной зоны (падзолістыя глебы), дзе пераважае забалочаная хвойная тайга (елка, піхта, кедр, хвоя, сібірская лістоўніца). На поўдні лесастэп (чарназёмныя глебы) з асінава-бярозавымі гаямі пераходзіць у стэп (чарназёмныя і каштанавыя глебы), пераважна разараныя. Для ўсіх зон характэрна пашыранасць балотных ландшафтаў (каля 50% тэрыторыі лясной зоны забалочана), якія на поўдні змяняюцца саланцамі і саланчакамі.

Жывёльны свет разнастайны: паўночны алень, пясец, лемінгі, заяц-бяляк, буры мядзведзь, рысь, расамаха, куніца, выдра, собаль, вавёрка, бурундук, андатра, сібірская казуля.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Белэн, 1999. — 608 с.: іл. ISBN 985-11-0279-2