Звычай цалаваць руку

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Дэніс Тэтчэр цалуе руку жонцы прэзідэнта ЗША Р. Рэйгана Нэнсі Рэйган. 1988 г.
Прэзідэнт Бразіліі (2011–2019) Дылма Русеф і Іспанскі прынц Феліпэ падчас яе інагурацыі 1 студзеня 2011 г.

Звычай цалаваць руку — форма прывітання, альбо выражэння падзякі, шанавання, захаплення ці нават пяшчоты. У розных культурах і сітуацыяй можа мець рознае значэнне і нават быць прычынай культурнага шоку ці неразумення. Гэты звычай каранямі ідзе ў старажытнасць, але пэўную папулярнасць набыў у Сярэднявеччы ў хрысціянскіх і мусульманскіх цывілізацыях.

Цалаванне рукі манарху ці сюзерэну[правіць | правіць зыходнік]

У Сярэднявечнай Еўропе васал выражаў сваю лаяльнасць сюзерэну, а падданы каралю цалаваннем яго рукі. Элемент падабенства адлюстроўваецца ў фільмах пра італьянскую мафію ("Хросны бацька", камедыя "Верхавод мафіі"), дзе дону цалуюць альбо саму руку, альбо пярсцёнак на яго руце ў знак прызнання яго ўлады.

Звычай цалавання рукі манархам захаваўся да пачатку XX ст., калі паступова саступіў месца пацісканню рукі (так віталі, напрыклад расійскага імператара Мікалая II яго міністры). У сучаснай Вялікабрытаніі існуе цырымонія "kissing of hands", калі прэм'ер-міністра надзяляюць уладай (юрыдычна ўлада караля/каралевы ў Вялікабрытаніі нічым не абмежавана і ён/яна фармальна прызначае прэм'ера на яго пасаду), але ў гэтай цырымоніі ад цалавання рукі каралевы засталася толькі назва. Афіцыйныя пратаколы каралеўскага двара Брытаніі не прадугледжваюць цалаванне рукі каралевы, цяпер руку каралеве можна толькі паціснуць.

Сялянка цалуе руку каралю Балгарыі Фердынанду І. 1916 г.

Звычай цалаваць руку даме[правіць | правіць зыходнік]

Гэты звычай узнік у Еўропе ў эпоху Новага часу, калі феадальныя традыцыі яшчэ былі ў сіле. Знатныя дамы давалі пацалаваць руку мужчынам роўнага ці больш нізкага палажэння ў знак дабразычлівасці. Паступова гэты звычай распаўсюдзіўся па-за межамі феадальнай іерархіі, стаў жэстам выражэння шанавання жанчыны мужчынай, і нават мужчыны больш высокага палажэння ў грамадстве сталі цалаваць рукі дамам, якія былі ніжэй па палажэнню ў грамадскай іерархіі. (Аднак, лічылася вульгарным, калі арыстакрат вітаў сялянку цалаваннем яе рукі).

У XX ст. звычай цалаваць руку даме паступова згубіў папулярнасць, захаваўшы найбольшую распаўсюджанасць у Польшчы. Сярод арыстакратаў і інтэлігенцыі гэта традыцыя практыкуецца большай часткай на афіцыйных прыёмах. У многіх іншых сітуацыях такі жэст можа нават выклікаць непаражэннеменне ці абурэнне жанчыны, якой пацалавалі руку. Часткова, гэта звязана і з шматзначнасцю гэтага жэста, нават у межах еўрапейскай культуры, і з тым, што звычай згубіў сваю папулярнасць на карысць эгалітарнаму пацісканню рук.

Асноўныя правілы этыкету, звязаныя з цалаваннем дамскай рукі[1][правіць | правіць зыходнік]

  • Жанчына першая падае руку мужчыне (а не мужчына яе хапае). Пры гэтым рука цягнецца ўперад на ўзроўні пояса, далонь накіравана ўніз да падлогі (накіроваць руку ў твар мужчыне, трымаючы далонь да сябе, вульгарна, бо пазбаўляе яго выбару паціснуць руку, калі ён не хоча яе пацалаваць). Мужчына бярэ жаночую руку за пальцы крыху прыпаднімае яе ўгару (але не цягне да носа, калі толькі здароўе не замінае яму нахіляцца ці калі дама ростам не значна ніжэй за яго), нахіляецца да рукі і альбо дакранаецца губамі да тыльнага боку далоні, альбо проста схіляецца над рукой, трымаючы свае губы на некалькі санціметраў ад рукі. Пацалунак мусіць быць "сухі", без гучных "цмокаў". Няветліва асыпаць пацалункамі руку жанчыны, а цалаваць ёй далонь ці запясце можа быць зразумела як запрашэнне да інтымнай сувязі, альбо як знак наяўнасці такой сувязі з гэтай жанчынай. (Ва ўсялякім разе цалаванне жаночай рукі ў знак пяшчоты, а не шанавання робіцца сам-насам, а не ў прысутнасці іншых)
  • На афіцыйных прыёмах цалуюць руку толькі гаспадыне дома. У астатніх сітуацыях, калі мужчына пацалаваў руку адной даме ў памяшканні, ён мусіць пацалаваць рукі ўсім астатнім жанчынам.
  • Не цалуць руку ў пальчатцы, не цалуюць руку жанчыне на вуліцы альбо за сталом і не цалуюць руку незамужняй дзяўчыне. Негігіенічна цалаваць даме руку, калі яна ці мужчына, якому працягнулі руку, хворыя на рэспіраторныя інфекцыі. У такім выпадку будзе лепей, калі мужчына далікатна пацісне пальцы ці далонь дамы.
  • Жанчына не павінна аддзёргіваць руку, калі яна не жадае, каб пэўны мужчына яе цалаваў (ці дэманстрацыйна яе выціраць пасля пацалунка), але яна можа паспрабаваць далікатна вызваліць сваю руку з рук мужчыны.
  • Жанчына павінна быць гатовай да таго, што ёй могуць пацалаваць руку, што ўключае ў сябе і маральную гатоўнасць працягнуць руку мужчыне і фізічную чысціню і дагледжанасць яе рук.
  • Калі жанчына жадае каб ёй паціснулі руку, а не пацалавалі, яна падае яе па-мужчынску, далонню ўбок, а не ўніз. Пры гэтым, калі ёй усё ж пацалавалі руку, яна не робіць ніякай заўвагі мужчыне (увогуле няветліва вучыць іншых правілам этыкету, а асабістую заўвагу можна ветлівым чынам зрабіць сам-насам). Ветлівая жанчына ўдзячна ўсміхнецца ці зробіць кніксен, нават калі ёй непрыемна, што ей пацалаваў руку пэўны мужчына ці мужчына ўвогуле.
  • Ветлівы мужчына таксама не звяртае ўвагу на парушэнне правілаў этыкету дамай: напрыклад, калі пацалаваць руку дае незамужняя дзяўчына ці калі дама торкае сваю руку яму ў вусны. Мужчына не павінен ігнараваць працягнутую жаночую руку. Калі ён не хоча ці яму сорамна яе пацалаваць, ён можа проста далікатна паціснуць руку, нават паціснуць кончыкі пальцаў дамы.
  • Мужчына не хапае жаночую руку па ўласным жаданні. Цалуюць руку даме толькі тады, калі яна сама яе дае мужчыне. Калі мужчына хапае прысутных жанчын за рукі і цалуе іх, ён можа выглядзець камічна, што можа быць зразумела нават не як праява пачуцця гумару ці здзек над самім звычаям, а як здзек над уласнай годнасцю прысутных жанчын. Таксама хтосьці з жанчын можа засароміцца ці палічыць гэта донжуанствам. Таму тыя жанчыны, якія жадаюць каб мужчыны цалавалі ім рукі, павінны праяўляць ініцыятыву: працягваць руку мужчынам першымі згодна правілам этыкету.

Звычай цалаваць руку даме ў сучаснай Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

У сучаснай Беларусі, як і ў суседняй Расіі, звычай цалаваць руку даме абмяжоўваецца пераважна ўрачыстымі і святочнымі мерапрыемствамі, калі цалуюць рукі зоркам эстрады, кіно, а таксама на некаторых гістарычных рэканструцыях (баль у стылі XIX ст.).

Сярод беларускай моладзі (як і ў іншых краінах свету) здараюцца выпадкі калі хлапец цалуе руку дзяўчыне ў якасці жарта, звычайна з парушэннямі правілаў этыкету. Гэта можа лічыцца дапушчальным, калі мае месца здзек над самім звычаям, а не над асобай дзяўчыны і калі дзяўчына правільна разумее такі жарт.

І, безумоўна, як і ў астатніх краінах Еўропы, у Беларусі існуюць дзве катэгорыі мужчын, якія заўсёды цалуюць дамам рукі: джэтльмены, якія звычайна выхаваны і навучаны вытанчаным манерам з дзяцінства, і "данжуаны", якія карыстаюцца такімі манерамі, каб прывабліваць жанчын (аб апошнім варыянце даволі ўдала выказаўся расійскі гумарыст У. Вінакураў: "Я пацалаваў рукі дзяўчатам, каб іншым разам яны дазволілі сябе яшчэ куды-небудзь пацалаваць").

Звычай цалаваць руку ў араба-ісламскіх цывілізацыях[правіць | правіць зыходнік]

У араба-ісламскіх краінах распаўсюджаны звычай цалаваць руку бацькам ці старшым сваякам у знак пашаны, якога прытрымліваюцца і малыя і пасталеўшыя дзеці[2]. Пры гэтым такога звычая ў гэтых краінах трымаюцца не толькі мусульмане, але і прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій[3]. Па-за межамі сям'і гэты звычай можа прымяняцца да настаўнікаў ці старэйшых асоб незалежна ад полу, але пашану да іх можна праявіць і паціскаючы працягнутую руку дзвюмя рукамі. Менавіта гэта традыцыя магла мець месца ў выпадках, калі мужчыны публічна цалавалі рукі С. Ніязаву[4], С. Хусейну і М. Кадафі.

Звычай цалаваць руку ў знак пакланення[правіць | правіць зыходнік]

Існуюць сітуацыі, калі адзін чалавек цалуе руку другому ў знак пакланення яго адметным здольнасцям, мужным учынкам ці яшчэ чаму-небудзь незвычайнаму. Пры гэтым пол значэння не мае (напрыклад, мужчына цалуе руку мужчыне ці жанчына мужчыне). Гэта можа быць як парыў эмоцый, так і прадуманы ўчынак. Часам той, хто цалуе становіцца пры гэтым на калені ці на адно калена, каб паказаць, што лічыць чалавека, перад якім пакланяецца вышэй за сябе.

Сюды можна аднесці адносна распаўсюджаны звычай, калі мужчына "па-рыцарску" цалуе руку жанчыне на адным калене[5]. Гэты варыянт не сустракаецца сярод сучасных правілаў этыкету, бо з'яўляецца праяўленнем нястрыманасці і нясціпласці, а таксама можа разглядацца як флірт.

Цалаванне рукі ў рэлігійным жыцці[правіць | правіць зыходнік]

Сярод праваслаўных і каталікоў распаўсюджаны звычай цалаваць руку ў знак падзякі і пашаны святарам. Пры гэтым назіраецца такі парадак: вернік цалуе руку святару, а святар таму, хто вышэй за яго ў рэлігійнай іерархіі. Такі звычай можа замяняць пацісканне рукі пры прывітанні і развітанні, а таксама можа быць часткай цырымоніі набажэнства. У асобных выпадках святар таксама можа пацалаваць руку верніка. Таксама сустракаюцца выпадкі калі вернік цалуе руку святара на адным калене (у каталікоў). Цалаванне рукі святара вернікам не лічыцца абавязковым, нярэдка дастатковым праяўленнем адданасці можа быць цалавання крыжа ў святарскай руце, ці пярсцёнка на руце кардынала, а не самой рукі.

Звычай цалаваць руку рэлігійнаму настаўніку мае некаторае распаўсюджанне ў ісламе, а таксама сярод некаторых іўдзеяў. Але сярод пратэстантаў і прадстаўнікоў іншых рэлігійных накірункаў гэты звычай не распаўсюджаны.

Сярод праваслаўных хрысціян таксама ў некаторай ступені распаўсюджаны звычай цалаваць лоб і руку нябожчыка на развітанне перад апусканнем труны ў магілу. Гэты звычай практычна не назіраецца на свецкіх пахаваннях у краінах з перавагай праваслаўнай культуры, але даволі нярэдкі на пахаваннях з выкарыстаннем праваслаўных абрадаў. У асобных выпадках ад сваякоў памерлага лічыцца абавязковым выканаць гэты абрад, а сябры і госці робяць яго па жаданню.

Цалаванне рукі, як выражэнне пяшчоты[правіць | правіць зыходнік]

Цалаванне рукі можа быць не толькі шляхетным ці рэлігійным рытуалам, але і выражэннем пяшчоты. У такім сэнсе яно сустракаецца ў сям'і паміж мужам і жонкай, бацькамі і дзецьмі. Таксама мужчына і жанчына (або хлапец і дзяўчына) могуць цалаваць адзін аднаму рукі, падчас заляцанняў ці калі знаходзяцца ў па-за шлюбнай сувязі (пад такімі сувязямі маюцца на ўвазе не толькі адносіны "жанаты мужчына і яго каханка", але сітуацыі, калі мужчына і жанчына сустракаюцца час ад часу для задавальнення эмацыянальных і сексуальных патрэб, але не збіраюцца ствараць сям'ю ці проста жыць разам). Звычайна правілы этыкету не абмяжоўваць выражэнні пяшчоты паміж членамі сям'і ці блізкімі сябрамі за выключэннем аднаго правіла: не прыгожа выражаць пяшчоту дзецям, жонцы, мужу, нявесце і г.д. у прысутнасці пабочнай асобы, бо гэта можа абразіць яго ці яе пачуцці. Таксама, з пункту гледжання гігіены, непажадана цалаваць рукі немаўлятам (як і паціскаць ім рукі), бо яны інстынктыўна сасуць свае кулачкі і ёсць небяспека перадачы інфекцыі шляхам "рот у рот".

Кур'ёзы, звязаныя з звычаям цалаваць рукі[правіць | правіць зыходнік]

  • Экс-прэзідэнт Францыі Жак Шырак падчас свайго знаходжання на чале дзяржавы амаль ва ўсіх афіцыйных сітуацыях цалаваў рукі дамам і такім чынам нярэдка парушаў дыпламатычны пратакол[6].
  • Падчас свайго афіцыйнага візіта ў Ватыкан каралева Вялікабрытаніі Елізавета II пацалавала руку Папе Рымскаму (як патрабаваў пратакол) і такім чынам склалася кур'ёзная сітуацыя: Глава Англіканскай Царквы схіляе галаву перад духоўным лідарам Рымска-Каталіцкай царквы[7].
  • Адзін хрысціянскі місіянер наведаў племя данакілаў на поўначы Эфіопіі ў 1950-х гг. Калі надыйшоў час развітацца данакілы спачатку паціскалі руку місіянеру і цалавалі яго руку, а потым давалі яму пацалаваць свае рукі, такім чынам паказаўшы сваю прыязнь да яго[8].
  • Падчас таго як прэзідэнт Расіі У. Пуцін быў з візітам у адным праваслаўным манастыры манах Мяфодзій паспрабаваў пацалаваць яму руку, але Пуцін не дазволіў і ў жарт пагразіў кулаком. Аднак У. Пуцін не супраць звычая цалаваць рукі дамам, аб чым сведчыць адпаведнае фота (гл.тут Архівавана 24 мая 2013.)
  • У 2013 г. 6-гадовы хлопчык з Каларада (ЗША) быў часова выключаны з школы за тое, што пацалаваў руку дзяўчыне падчас занятку. Адміністрацыя школы разгледзіла ў гэтым сексуальнае прыставанне [1]

Зноскі

  1. Ніжэй прыведзеныя правілы - гэта вытрымка з найбольш распаўсюджанай у Інтэрнэце і літаратуры па правілам этыкету інфармацыі
  2. гэты патрыярхальны звычай быў таксама распаўсюджаны і ў дарэвалюцыйнай Расіі
  3. Can the Culture Gap Be Bridged?//Awake! August 22, 1988, p.19
  4. "Политический поцелуй" как вид оружия помогает крепить дружбу и обманывать врага рассылка "Боевые говоруны"
  5. Напрыклад, вядомы беларускі тэнісіст Максім Мірны так пацалаваў руку спявачцы Алесі падчас сумеснага выступлення на тэлешоў
  6. Блог Елены Екатериничевой: Поцелуй женской руки или история Жака Ширакa
  7. I Was a Palatine Guard//Awake! May 22, 1975, p.14
  8. Making Friends with the Danakil//The Watchtower September 15, 1954, p. 560

Дадатковая інфармацыя[правіць | правіць зыходнік]