Земскі сход Эстляндыі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Земскі сход Эстляндыі (эст.: Eestimaa Kubermangu Ajutine Maanõukogu, Eesti Maanõukogu), скарочана Маапяеў (эст.: Maapäev) быў скліканы пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 як нацыянальны сход Эстляндскай губерні  (англ.) Расійскай імперыі.

28 лістапада 1917 года, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, сход самаабвясціўся суверэннай уладай Эстоніі і заклікаў да выбараў у Эстонскі ўстаноўчы сход. Аднак ва ўмовах надыходу нямецкіх войскаў ён прызначыў Камітэт выратавання Эстоніі і 24 лютага 1918 выдаў Дэкларацыю незалежнасці.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

12 красавіка 1917 года Часовы ўрад Расіі выдаў дэкрэт пра часовую аўтаномію Эстляндыі. Эстляндская губерня была аб'яднаная з эстонамоўнай паўночнай часткай Ліфляндскай губерні і пераўтвораная ў аўтаномію. Часовы ўрад Расіі таксама пастанавіў стварыць земскі сход шляхам ускосных выбараў.

Абранне 62 дэпутатаў праходзіла ў некалькі этапаў; прадстаўнікі ад вясковых грамадаў абіраліся двухузроўневымі выбарамі ў траўні-чэрвені, гарадскія прадстаўнікі абіраліся ў ліпені-жніўні 1917. Дзеля ўдзелу ў выбарах ствараліся і рэарганізоўваліся партыі.

У склад сходу трапілі прадстаўнікі шасці партый, тры незалежныя дэпутаты і два прадстаўнікі нямецкай і шведскай меншасцей.

Партыя Ідэалогія дэпутатаў % ад агульнай
Эстонскі краёвы народны саюз  (эст.) (з Эстонскім фермерскім звязам) аграрная, кансерватыўная 13 23,6%
Эстонскае сацыял-дэмакратычнае задзіночанне  (англ.) сацыял-дэмакратычная 9 16,4%
Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў сацыяльна-рэвалюцыйная 8 14,5%
Эстонская дэмакратычная партыя  (эст.) правацэнтрысцкая 7 12,7%
Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя, бальшавікоў  (руск.) камуністычная 5 9,1%
Эстонская радыкальная сацыялістычная партыя  (эст.) левая 4 7,3%
Эстонская радыкальная дэмакратычная партыя  (эст.) ліберальная 4 7,3%
Балтыйскія немцы інтарэсы меншасці 1 1,8%
Эстонскія шведы інтарэсы меншасці 1 1,8%
Незалежныя 3 5,5%

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Петраградзе, калі бальшавіцкі Эстонскі рэвалюцыйны камітэт зладзіў пераварот, Маапяеў адмовіўся прызнаць іх уладу. Бальшавікі здзейснілі спробу распусціць сход. На сваім апошнім пасяджэнні 15 лістапада (28 лістапада) Маапяеў абвясціў сябе найвышэйшай законнай уладай Эстоніі да склікання Устаноўчага сходу. 26 лістапада Земскі сход быў гвалтоўна разагнаны бальшавікамі[1], і яго члены працягнулі дзейнасць у падполлі.

У зладжаных бальшавікамі на пачатку 1918 года выбарах ва Устаноўчы сход дзве траціны выбаршчыкаў падтрымалі партыі, якія дамагаліся нацыянальнай дзяржаўнасці. Пасля гэтага бальшавікі абвясцілі выбары несапраўднымі і анулявалі іх вынікі. 19 лютага Камітэт старэйшынаў Земскага сходу Эстляндыі вырашыў абвясціць незалежнасць. Дзеля гэта мэты быў створаны Камітэт выратавання (у складзе трох членаў, абраных Маапяевам на час, пакуль дзейнасць Устаноўчага сходу немагчымая). 24 лютага, калі бальшавікі пакінулі Талін перад уваходам у яго нямецкіх войскаў, Камітэт выратавання апублікаваў Дэкларацыю незалежнасці Эстонскай рэспублікі.

Пасля сканчэння нямецкай акупацыі Маапяеў працягваў сваю дзейнасць да 1919 года.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Maesalu, Lukas, Lauer, Pajur and Tannberg, History of Estonia, AS BIT 2002, ISBN 9985-2-0606-1
  • Seppo Zetterberg. Historian jännevälit // Viro — Historia, Kansa, Kulttuuri. — Finnish Literature Society, 1995. — ISBN 951-717-806-9.