Зносіны Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Дзяржаўныя зносіны Польшчы і ВКЛ да 1569.

14 стагоддзе[правіць | правіць зыходнік]

Пасля кароткага перыяду супольных з ВКЛ дзеянняў супраць Тэўтонскага ордэна Польшча выйшла з кааліцыі, а з 1340-х гадоў уступіла ў збройную барацьбу з ВКЛ за падзел аслабелага Галіцка-Валынскага княства (гл.далей: вайна Польшчы і ВКЛ, 1349-1356).

У канцы 14 ст. ВКЛ трапіла ў цяжкае ваеннае становішча, а таксама аслаблялася ўнутрыдзяржаўным канфліктам. Ягайла, шукаючы саюзнікаў, адхіліў саюз з Масквой, і зрабіў выбар на карысць Польшчы, што абумовіла падпісанне Крэўскай уніі (1385).

...

16 стагоддзе[правіць | правіць зыходнік]

Польскае Каралеўства і Вялікае княства Літоўскае ў 1561

У 16 ст. феадалы і духавенства Польшчы ўзмацнілі свае намаганні да прававой і культурнай асіміляцыі земляў ВКЛ (Гл. таксама: Паланізацыя).

Пагранічныя канфлікты на заходняй граніцы ВКЛ не аднойчы разбіраліся на соймах Вялікага княства. Так, на соймах 1547, 1551 і 1554 слухаліся скаргі «на кривды несносные, которые мають... от панов поляков и мазовшан». З польскага боку заяўлялася, што набегі спыняцца, калі прыгранічныя землі ВКЛ увойдуць у склад Польшчы. Афіцыйныя асобы слаба процідзейнічалі гэтай напружанасці і нават спрыялі падрыхтоўцы ліквідацыі самастойнасці ВКЛ.

Актыўнымі дзеячамі ў падрыхтоўцы ліквідацыі Вялікага княства былі ўдава Жыгімонта I Бона Сфорца і яе сын Жыгімонт Аўгуст (з 1548 — і польскі кароль). Актыўную прапагандысцкую кампанію за зліццё Вялікага княства з Польшчай вяло і каталіцкае духавенства.

Пагадненне Жыгімонта Аўгуста з Габсбургамі (1549) абяцала яму ўзброеную дапамогу супраць непаслушэнства падданых. Выданы Жыгімонтам Аўгустам прывілей для праваслаўнай шляхты (1563) афіцыйна касаваў дыскрымінацыйныя нормы Гарадзельскага акта (1413), практычнае ж значэнне яго было вельмі малое, бо нічога не мянялася ні ў гаспадарскай Радзе, ні на іншых дзяржаўных пасадах.

У дэкларацыі 13 сакавіка 1564 Жыгімонт Аўгуст абвясціў, што адмаўляецца ад сваіх спадчынных правоў на землі Вялікага Княства Літоўскага, добраахвотна адракаецца і ўступае іх Польшчы. Аднак, дэкларацыя не стала юрыдычнай падставай далучэння Беларусі, Літвы і Украіны да Польшчы, бо супраць яе выступілі феадалы ВКЛ, якія не прызнавалі вотчыннага характару ўлады вялікага князя. Гэта было выказана ў Статуце, зацверджаным 1 ліпеня 1564 і ўведзеным у дзеянне ў 1566. У арт. 2 раздз. 3, які быў, фактычна, адказам на дэкларацыю 13 сакавіка, гаварылася, што вялікі князь абавязваецца захоўваць правы і вольнасці ўсіх людзей у вялікім княстве, «в котором они, яко люде вольные, вольно обираючи из стародавна из вечных своих продков собе панов и господарей великих князей литовских».

Пасля няўдачы дэкларацыі афіцыйная прапаганда пачала тлумачыць, што акт сведчыць толькі пра адмаўленне ад тытула вялікага князя на карысць Польшчы. Наогул, мяркуецца[1], што з пункту гледжання тагачаснага крымінальнага права такая дэкларацыя была актам дзяржаўнай здрады, здзейсненай галавой дзяржавы.

Перад 1569[правіць | правіць зыходнік]

Усё насельніцтва, у тым ліку і шляхта, не хацелі ліквідацыі самастойнасці княства. Феадалы неаднойчы вялі перамовы з прадстаўнікамі Польшчы пра больш цесны саюз абедзвюх дзяржаў, але пры ўмове захавання раўнапраўя і «братэрскай любові». Гэта вельмі выразна выказана і ў пастанове Віленскага сойма 1563 г., які зацвердзіў спецыяльную інструкцыю для перамоў з Польшчай аб уніі, у якой дэлегатам наказвалася строга ахоўваць годнасць Вялікага княства, сачыць, каб правы ўсяго насельніцтва ні ў чым не былі страчаны і не прыніжаліся другім бокам. Дапускалася ўстанаўленне аднаго гасудара і скліканне сумесных соймаў для вырашэння агульных спраў, але пры гэтым у кожнай дзяржаве павінны былі быць самастойныя вышэйшыя органы ўлады і кіравання, адасобленыя ўзброеныя сілы, казна і заканадаўства. Гэтыя ўмовы пацвярджаліся і падтрымліваліся на ўсіх наступных соймах княства. Таму няма дастатковых падстаў лічыць, што шляхта жадала поўнага зліцця з Польшчай, а буйныя феадалы выступалі супраць уніі. Гэтая памылковая думка склалася пад уплывам каталіцкай прапаганды, якая спрабавала пераканаць, што далучэнне Украіны і часткі Беларусі да Польшчы было ажыццёўлена згодна з пажаданнем «шляхецкага народу» княства. Яна сцвярджала таксама, нібыта ў XVI ст. у Вялікім княстве існавала шырокая шляхецкая дэмакратыя і нават самая бедная шляхта мела такія самыя правы, як і буйныя феадалы. 3 аналізу ж тагачасных прававых актаў і іншых гістарычных дакумантаў відаць, што праз усю гісторыю княства шляхта ніколі самастойнага палітычнага значэння не мела. Таму пры вывучэнні актаў аб уніі, у якіх выказваецца «жаданне» шляхты хутчэйшага злучэння з Польшчай, няцяжка разгледзець і арганізатараў гэтага «жадання».

Ідэю уніі з Польшчай на ўмовах раўнапраўя падтрымлівала большасць феадалаў княства – яны бачылі ў ёй магчымасць умацаваць сваё становішча ўнутры краіны і атрымаць ваенную дапамогу ў вайне з Расіяй. Таму разыходжанне паміж феадаламі княства і Польшчы было толькі ва ўмовах уніі, а самую яе ідэю падтрымлівала большасць іх. Калі б феадалы княства былі супраць уніі, яны наогул не паехалі б у Люблін на агульны сойм, нягледзячы на ўсе ўгаворы і абяцанні польскіх феадалаў і караля. Пра такія абяцанні сведчаць перагаворы прадстаўнікоў Польшчы ў Лебедзеве і Маладзечне, а таксама граматы, выдадзеныя Жыгімонтам Аўгустам.

Так, у грамаце, выдадзенай у кастрычніку 1568 г., гаварылася, што саюз абодзвюх дзяржаў будзе заснаваны на «милости, згоды братское, который бы был однако и заровно во всем пожиточный обеюм тым панствам».[2] У інструкцыях, разасланых у паветы, Жыгімонт Аўгуст запэўніваў, што дзякуючы уніі княства атрымае ад Польшчы дапамогу ў Лівонскай вайне. Падробная гісторыя ВКЛ Але прадстаўнікі княства не спяшаліся на агульны сойм, хоць і не супраць былі атрымаць абяцаную дапамогу. Каб рассеяць іх недавер, Жыгімонт у снежні 1568 г. выдаў грамату, дзе клятвенна абяцаў ахоўваць правы і інтарэсы княства і не прымушаць яго прадстаўнікоў да уніі, а ў выпадку, калі не будзе дасягнута ўзаемная згода, гарантаваў, што кожны з іх «мает и мети будет вольное, учтниое, ни от кого инчим не затрудненное и спокойное одъеханне с того сейму». Далей ён абяцаў не выдаваць ніякіх грамат без згоды радных паноў Вялікага ккяства, захоўваць Падляшча ў складзе яго. А.насельнікі Падляшча «не мають быти инак захованы... одно заровно со всими обывателями Великого княства Литовского, яко тубыльцы н родичи здешнего панства... и никоторои рецессы соймовыя ани декреты в той всей справе спольной на сторону Великого княства Литовского не мають быти ани будуть выдаваны под печатью Коруны польское, одно под печатью Великого князства Литовского».[3] Клятвенныя абяцанні і ўгаворы, а таксама надзея атрымаць дапамогу схілілі прадстаўнікоў княства з'явіцца ў Люблін на перагаворы, бо справы на Лівонскай вайне былі вельмі цяжкімі.

1569[правіць | правіць зыходнік]

Пасля таго, як дэлегаты ВКЛ пакінулі, у знак пратэсту, паседжанні Люблінскага сойму, Жыгімонт Аўгуст самадзяржаўна выдаў шэраг актаў аб перадачы земляў ВКЛ Польшчы: 5 сакавіка — Падляшскай зямлі з гарадамі Драгічынам, Мельнікам, Бельскам і інш. (феадалам і службовым асобам Падляшча было загадана пад страхам канфіскацыі маёмасці прысягнуць на вернасць Польшчы), пазней, зважаючы на адсутнасць рэальнага супраціўлення з боку феадалаў ВКЛ, былі пераданыя і ўкраінскія землі – Валынь, Падолле, Кіеўшчыну.

1 ліпеня 1569 Польшчай і ВКЛ быў зацверджаны акт Люблінскай дзяржаўнай уніі.

Пасля 1569[правіць | правіць зыходнік]

Аднак і пасля падпісання акту уніі Вялікае княства працягвала існаванне. Гэтаму спрыяла тое, анексіраваўшы Украіну і частку заходняй Беларусі, польскія феадалы разлічвалі скарыстоўваць княства як шчыт для прыкрыцця ўсходніх граніц Польшчы. У 1572 г. ў вярхах Польшчы нават абмяркоўвалася пытанне аб вяртанні княству Падляшча і далучэнні да яго этнаграфічна польскай вобласці Мазовіі. Пасля смерці караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста (1572) не толькі фактычна, але і юрыдычна было прызнана захаванне адасобленасці Вялікага Княства Літоўскага. Найбольш поўна гэтая адасобленасць была замацавана ў зборы законаў Вялікага княства, які атрымаў назву Статута 1588.

Пасля 1569 дзяржаўна-прававыя сувязі паміж Вялікім княствам і Польшчай фактычна будаваліся не на аснове акта Люблінскай уніі, а на ўмовах, якія прадугледжвалі адасобленасць абедзвюх дзяржаў пры адным гасудары і адным парламенце (сойме). Разам з тым гэтае аб'яднанне спарадзіла і новую дзяржаву – Рэч Паспалітую, у кампетэнцыю якой уваходзілі ў асноўным пытанні сумеснай міжнароднай палітыкі і ўзаемнай абароны. Таму трэба прызнаць, што акт Люблінскай уніі 1569г. фактычна не быў ажыццёўлены. А паколькі ён быў навязаны прадстаўнікам Вялікага княства гвалтоўна, то і з юрыдычнага боку быў несапраўдны.

Аналіз дзяржаўна-прававых сувязяў Вялікага Княства Літоўскага ў XVII–XVIII стст. паказвае, што іх прававы характар за гэты час моцна не змяняўся. Разам з тым працэс гвалтоўнага акаталічвання і апалячвання беларусаў і ўкраінцаў паступова захопліваў усё большыя пласты насельніцтва і пагражаў поўным знішчэннем беларускай народнасці, садзейнічаў усё большай залежнасці Вялікага княства ад Польшчы.

Падводзячы вынік гістарычнага развіцця дзяржаўна-прававых сувязяў Вялікага Княства Літоўскага з Польшчай, можна з усёй пэўнасцю сцвярджаць, што ў XIV–XV стст. гэтыя сувязі, хоць мелі шмат істотных заган, у асноўным былі карысныя ўсім народам Усходняй Еўропы, чаго нельга сказаць пра унію 1569г.

Зноскі

  1. Напрыклад, Юхо.
  2. Любавский М.К. Литовско-Русский сейм. Прил. С.208.
  3. Kutrzeba S., Semkowicz W. Akta unij. Kraków, 1932. N 95.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Юхо Я. А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Вучэб. Дапам. — Мн.: Універсітэцкае, 1992. — 270с.