Зыгмунт Глогер
Зыгмунт ГЛОГЕР (Zygmunt Gloger; 3 лістапада 1845, в. Камёнка Ломжынскага пав. Аўгустоўскай губ., Польшча — 15 жніўня 1910) — польскі археолаг, этнограф, гісторык, фалькларыст.
Вучыўся ў Варшаўскім універсітэце. Скончыў Кракаўскі ўніверсітэт (1870). 3 1870 у маёнтку Яжэва пад Тыкоцінам. Зрабіў шмат фальклорна-этнаграфічных і краязнаўчых экспедыцый па Польшчы, Беларусі, Літве.
Асноўныя працы: «Вясельныя ўрачыстасці» (1869, пад псеўд. Прускі; змясціў беларускія матэрыялы з Брэсцкага і Трокскага паветаў), «Кніга рэчаў польскіх» (1896), «Польскі год у жыцці, традыцыі і песні» (1900), «Гістарычная геаграфія зямель даўняй Польшчы» (1900, змешчаны матэрыялы пра ВКЛ, Беларусь), «Драўлянае будаўніцтва і вырабы з дрэва ў даўняй Польшчы» (т. 1—2, 1907—09) і інш. Выдаў зборнік фальклору «Старадаўнія думы і песні», «573 кракавякі» (абодва ў 1877), «Гадавыя звычаі» (1882), «Песні люду» (1892) і інш.
Пра жыццё, звычаі, абрады і вераванні бел. народа пісаў у артыкуле «Земляробчыя абрады» (1867), «Звычаі народа з ваколіц Тыкоціна і Бельска» (1868), «Забабоны і ўяўленні наднарвенскага люду пра птушак, паўзуноў і насякомых» (1877) і інш. Беларускія матэрыялы і ў працах пра краязнаўчыя падарожжы (кніга «Далінамі рэк: Апісанні падарожжа ўздоўж Нёмана, Віслы, Буга і Бебжы», 1903; артыкулы «3-над Нёмана», 1872, «Падарожжа Нёманам», 1888, «На хвалях Бута», 1890; «У даліне Бебжы», 1892, і інш.). Даследаваў помнікі археалогіі каменнага і бронзавага вякоў на Гродзеншчыне, Брэстчыне.
Сабраў у Яжэве багатую бібліятэку, вялікую музейную калекцыю археалагічных, этнаграфічных, археаграфічных, нумізматычных і сфрагістычных матэрыялаў. Тут захоўваліся беларускія матэрыялы са збораў М. Федароўскага, А. Кіркора, К. Тышкевіча і Я. Тышкевіча, А. Ельскага і інш. У яго «Старапольскай энцыклапедыі» (т. 1— 4, 1900—0З, 5-е выд. 1985) каля 1000 ілюстрацый, шматлікія беларускія матэрыялы па гісторыі, геаграфіі, драўлянай і мураванай архітэктуры, кнігадрукаванні, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў, якія Зыгмунт Глогер збіраў і даследаваў усё жыццё.
Літаратура [правіць]
- Васілевіч У. А. Збіральнікі: Оскар Кольберг, Зыгмунт Глогер, Іван Берман, Аляксандр Троіцкі, Аляксандр Пшчолка, Эма Яленская-Дмахоўская, Бірута, Уладзіслаў Вярыга, Чэслаў Пяткевіч, Казімір Машынскі / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Навук. рэд. А. С. Фядосік — Мн.: Навука і тэхніка, 1991. ISBN 5-343-00674-4