Казацтва

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Казацкае вяселле, карціна Ё.Брандта

Казакі — субэтнічная група пераважна ўсходніх славян.

Казакі ў ВКЛ[правіць | правіць зыходнік]

Казакі — сацыяльная супольнасць, якая існавала ў ВКЛ у XV – XVII стст. Пад казацтвам ВКЛ трэба разумець 2 розныя, але цесна звязаныя паміж сабой з'явы: украінскае (запарожскае) казацтва з канца XV ст. да 1569 г. і сфарміраваныя па-казацку атрады жыхароў Беларусі ў XVII ст.

Запарожскі казак

Казацтва з'явілася ў ХV стагоддзі ў нізавіне Дняпра, на тэрыторыі сенняшняй Украіны — на гэтак званым Дзікім полі. У XV – XVI стст. у паўднёвых раёнах ВКЛ паступова адбываўся працэс фарміравання прынцыпова новай сацыяльнай групы. Паходжанне тэрміну «казак» канчаткова не высветлена, у цюркскіх мовах гэта слова азначае «вольны чалавек». На славянскіх землях у XIV – XV стст. казакі называлі свабодных людзей, аб’яднаных у шайкі, рознага роду авантурыстаў. Калыскай казацтва ВКЛ сталі малазаселеныя паўднёва-ўкраінскія землі, якія былі своеасаблівым буферам паміж Крымскім ханствам і зямельнымі ўладаннямі феадалаў ВКЛ і знаходзіліся толькі пад намінальным палітычным кантролем Вільні. Узмацненне феадальнага прыгнёту ў ВКЛ садзейнічала прытоку на гэтыя землі беглых сялян і пасадскіх людзей з беларускіх і ўкраінскіх паветаў. Патрэба ў самазабеспячэнні і пастаян¬ная пагроза з боку татараў вызначылі ваенны лад жыцця і неабходнасць стварэння моцнай вайсковай арганізацыі. Пастаянныя кантакты з крымскімі татарамі спрыялі ўвабранню казакамі цюркскіх элементаў у назвах, звычаях, побыце. Як сацыяльная з’ява казацтва ВКЛ не было унікальным і мела непасрэдныя аналогіі на землях суседняй Маскоўскай дзяржавы (данское, грэбенскае, церскае і яіцкае казацтва).

Першыя звесткі пра казакоў ВКЛ (у расійскіх крыніцах называліся «чаркасы») адносяцца да канца XV ст. У 1489 г. яны былі выкарыстаны ў выправе супраць татараў, у 1494 г. казакі напалі на турэцкую крэпасць Ачакаў, у 1499 г. зрабілі паход на Крым. Адным з першых ідэю арганізацыі казацкага войска і выкарыстанне яго ў дзяржаўных інтарэсах для аховы дняпроўскіх перапраў ад татараў выказаў вялякі князь Жыгімонт Стары, аднак гэты праект застаўся нерэалізаваны. 3 пачатку XVI ст. магнаты паўднёвых паветаў ВКЛ сталі прыцягваць казацкія атрады для абароны сваіх уладанняў ад знешніх ворагаў і мясцовых праціўнікаў. Вялізную ролю ў арганізацыі казацкага войска адыграў А.І.Дашковіч, які ў 1520-я г. на чале буйнога атрада казакоў ладзіў паходы на Маскоўскую дзяржаву, Крымскае ханства і асманскія ўладанні ў Прычарнамор’і. У сярэдзіне XVI ст. адным з найбольш значных правадыроў шматлікіх казацкіх атрадаў быў чаркаскі і канеўскі стараста князь Дз.І.Вішнявецкі (Байда). У 1556 г. ён пабудаваў крэпасць на адным з астравоў у ніжнім цячэнні Дняпра (традыцыйна лічыцца, што на Хорціцы). Гэта стала пачаткам афармлення першага казацкага прадзяржаўнага ўтварэння – Запарожскай сечы. У 2-й палове XVI ст. паступова аформілася сістэма кіравання сеччу, цалкам заснаваная на выбарнай аснове. Кожны курэнь выбіраў сабе кураннога атамана, агульным сходам казакоў выбіралася казацкая старшына: кашавы атаман, есаул і інш. Рашэнні прымаліся на агульным сходзе казакоў («чорная рада») не большасцю, а агульнай згодай. З пашырэннем радоў казацтва і прыняццем на дзяржаўную службу часткі казакоў у 1572 г. (рэестравыя казакі) пачалі афармляцца гетманская ўлада і рада палкоўнікаў. Пасля заключэння Люблінскай уніі 1569 і перадачы ўкраінскіх паветаў у склад Польскага каралеўства казацтва ў ВКЛ фактычна знікла, аднак запарожскае казацтва бесперапынна папаўнялася выхадцамі з беларускіх зямель ВКЛ . Першая спроба актывізацыі казацкага руху на Беларусі звязана са з’яўленнем у канцы 1595 у ВКЛ атрада ўкраінскіх казакоў пад кіраўніцтвам С.Налівайкі. Узімку 1596 ва ўсходнюю Беларусь уварваўся атрад М.Шавулы. З’яўленне ўкраінскіх казакоў спрыяла паказачванню мясцовага беларускага насельніцтва, г.зн. далучэнню да казацкіх атрадаў часткі сялян, мяшчан і праваслаўнай шляхты. Ня гледзячы на актыўны ўдзел беларускага насельніцтва ў паўстанні Налівайкі, працэс паказачвання на Беларусі не набыў масавага характару і з выцясненнем атрадаў С.Налівайкі і М.Шавулы быў спынены.

3 разгортваннем на Украіне ўвесну 1648 г. нацыянал-вызваленчай вайны пад кіраўніцтвам Б.М.Хмяльніцкага і антыфеадальнай вайны 1648 – 1651 гг. на Беларусі назіраецца другая хваля актывізацыі казацкага руху. Са з’яўленнем атрадаў украінскіх казакоў у паўднёва-ўсходніх паветах ВКЛ пачаўся працэс паказачвання беларускага сялянства, мяшчанства і часткі праваслаўнай шляхты, які набываў масавы характар. Разам з далучэннем мясцовых жыхароў да атрадаў украінскіх казакоў пачалі ўтварацца атрады мясцовых паўстанцаў, блізкія па сваёй структуры да казацкіх. Беларускія паўстанцы выбіралі сабе палкоўнікаў (пад імі разумеліся кіраўнікі больш-менш значных атрадаў). Права на зацвярджэнне палкоўнікаў належала Б.М.Хмяльніцкаму. Атрад паказачаных беларускіх сялян колькасцю каля 400 чалавек на чале з Іванам Столярам быў створаны ў Мазыры. Структурна гэты атрад скла¬даўся з некалькіх харугваў, адна з якіх была набрана з мазырскіх мяшчан на чале з нейкім Седляром, астатнія фарміраваліся з жыхароў мазырскага наваколля. На ўзбраенні паказачаных мазыран знаходзілася каля 200 стрэльбаў і некалькі гармат. Буйны атрад з паказачаных сялян і мяшчан колькасцю ад 700 да 1500 чалавек пад кіраўніцтвам Пакусіна ўтварыўся ў Рэчыцы. Асноўнае ўзбраенне рэчыцкіх паказачаных сялян складалі рагаціны і бердышы, агнястрэльнай зброі амаль не было. Ігуменскія мяшчане ўтварылі харугву колькасцю каля 100 чалавек на чале з сотнікам Грыбовічам. Жыхары Турава стварылі 2-тысячны атрад на чале з Пракопам Цэўкай, які называў сябе «тураўскім палкоўнікам». На Століншчыне паказачаныя сяляне і мяшчане Кажан-Гарадка і Давыд-Гарадка стварылі вялікі атрад і «выбіралі палкоўнікаў, сотнікаў на казацкі манер». Контрнаступленне войска ВКЛ пад кіраўніцтвам Я.Радзівіла ў канцы 1648 – пачатку 1649 гг. прывяло да выцяснення ўкраінскіх казакоў з тэрыторыі Беларусі, да разгрому мясцовых паказачаных паўстанцаў і згортвання казацкага руху ў ВКЛ. Вясной 1650 – зімой 1651 гг. у сувязі са з’яўленнем ва ўсходняй Беларусі ўкраінскіх казакоў пад кіраўніцтвам Шохава адбыўся чарговы ўздым казацкага руху ў Пасожжы. У цэлым у перыяд казацка-сялянскай вайны 1648 – 1651 гг. мясцовыя паказачаныя сяляне не аддзялялі сябе ад украінскіх казакоў і імкнуліся інтэгравацца ў гэтую масу. Перамога шляхецкага войска прывяла да паражэння казацкага руху і на Беларусі.

Дзейную спробу стварыць сапраўды беларускае казацтва зрабіў магілёўскі праваслаўны шляхціц К.В.Паклонскі ў 16541655 гг. у час вайны Расійскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654 – 1667 гг. 3 дазволу цара Алексея Міхайлавіча ён арганізаваў Беларускі полк, прычым не толькі як вайсковае падраздзяленне, але і як адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку ў межах Магілёўскай воласці з цэнтрам у мястэчку Чавусы. У адрозненне ад іншых казацкіх атрадаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі беларускіх паветаў ВКЛ, полк Паклонскага падпарадкоўваўся не Хмяльніцкаму, а непасрэдна Маскве і ўяўляў сабой аўтаномнае казацкае ўтварэнне колькасцю да 6 тысяч чалавек. Сацыяльнай базай палка былі беларускія праваслаўныя шляхціцы, мяшчане, сялянства. Жорсткія сутыкненні казакоў Беларускага палка з казакамі ўкраінскага наказнога гетмана І.Н.Залатарэнкі, які дзейнічаў ад імя Хмяльніцкага на Беларусі, адсутнасць масавай падтрымкі з боку мясцовага насельніцтва, магчымая эвалюцыя поглядаў Паклонскага адносна распаўсюджання ўлады Расійскай дзяржавы на землі Беларусі прывялі да пераходу «беларускага палкоўніка» з часткай казакоў свайго палка на бок Рэчы Паспалітай, пасля чаго Беларукі казацкі полк знік.

Частка беларускага насельніцтва далучылася да ўкраінскага казацкага войска Залатарэнкі, якое ў пэўным сэнсе беларусізавалася, але працягвала дзейнічаць на Беларусі ў інтарэсах Хмяльніцкага. У студзені 1656 г. Хмяльніцкі прызначыў «беларускіх палкоўнікам» выхадца з Беларусі І.Нячая, які замяніў Залатарэнку. Пад кантролем Нячая апынулася частка Аршанскага павета, дзе аформілася казацкая адміністрацыйна-тэрытарыяльная сістэма. Структурна яго полк складаўся з 19 сотняў, якія мелі тэрытарыяльны характар; рэзідэнцыяй палкоўніка стала мястэчка Чавусы (адсюль назва Чавускі полк). Увосень 1658 г. Нячай са сваім войскам перайшоў на бок Рэчы Паспалітай і пачаў баявыя дзеянні супраць расійскага войска. Казацкі полк Нячая дзейнічаў ва ўсходняй Беларусі да снежня 1659 г., пакуль «палкоўнік чавускі і быхаўскі» не трапіў у палон.

Адначасова з Нячаем у цэнтральнай Беларусі дзейнічала казацка-сялянскага войска на чале з наказным беларускім палкоўнікам Д.Мурашкам. 3 восені 1656 рэзідэнцыяй Мурашкі было мястэчка Ігумен, летам 1657 яна была перанесена ў в. Камень. Афіцыйна з’яўляючыся саюзнікам Расійскай дзяржавы, казакі Мурашкі нападалі на беларускую шляхту, якая прысягнула на вернасць расійскаму цару. У 16561658 войска Мурашкі дзейнічала ў Менскім і Ашмянскім паветах, кантралюючы значную тэрыторыю. У верасні 1658 г. Мурашка са сваім войскам адкрыта перайшоў на бок Рэчы Паспалітай і працягваў баявыя дзеянні да заканчэння вайны.

Разам з такімі буйнымі казацкімі ўтварэннямі, як палкі Паклонскага, Нячая і Мурашкі, у час вайны 1654 – 1667 гг. дзейнічала шмат дробных сялянскіх партызанскіх атрадаў, падобных па сваёй структуры да казацкіх. Заканчэнне вайны і ўмацаванне пазіцый дзяржаўнай улады спрыяла заняпаду казацкага руху на Беларусі. Часовыя лакальныя ажыўленні яго назіраюцца ў апошнія дзесяцігоддзі XVII ст., у асноўным пад уплывам падзей на Украіне. У 1684 г. паказачыліся і перайшлі пад кантроль Старадубскага казацкага палка вёскі, якія знаходзіліся на левабярэжжы Сажа ад Рослава да Гомеля. У XVIII ст. казацкі рух на Беларусі фактычна знік.

Як добрых ваяўнікоў казакоў ахвотна наймалі на службу князі і магнаты, для службы ў сваіх гарадах і замках. У часе цяжкой абарончай вайны з Маскоўскім царствам вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст афіцыйна прыняў пэўную колькасць запарожскіх казакоў на дзяржаўную службу. Так з'явіліся рэестравыя казакі, званыя ў дакументах Запарожскім, або Нізавым, войскам.

Казакамі называлі таксама від лёгкай кавалерыі ў войску ВКЛ, блізкі да пяцігорцаў, які прыйшоў на змену гусарам пасля трансфармацыі апошніху цяжка ўзброеную конніцу. Узнікненне казацкай кавалерыі адносіцца да XVI ст., а найбольшага росквіту яна дасягнула ў час войнаў 2-й паловы XVII ст. У XVI ст. казацкі рыштунак складаўся з панцыра, шышака, шаблі, сагайдака і рагаціны або сякеры. У XVII ст. засцерагальны рыштунак казацкай кавалерыі значна скараціўся або адсутнічаў зусім, замест сагайдака распаўсюджанне атрымалі пісталеты, па-ранейшаму на ўзбраенні засталіся шабля і рагаціна. Асноўнай базай для камплектавання казацкай конніцы была дробная шляхта, якая не мела дастаткова сродкаў, каб узброіцца па-гусарску. Паводле рашэння соймікаў з 1654 г. кожны павет ВКЛ павінен быў выстаўляць па 4 харугвы, адна з якіх мусіла быць узброена па-казацку. Казацкая кавалерыя існавала да XVIII ст., саступіўшы месца створаным у 1770-я г. палкам пярэдняй варты, частка якіх на Беларусі атрымала назву пяцігорскіх.

Маскоўская дзяржава[правіць | правіць зыходнік]

У Маскоўскай дзяржаве казацтва з'явілася ў ХVІ стагоддзі пасля скасавання Запарожскай Сечы, частка казакоў была пераселена на Кубань і арганізавалася, праўдападобна, паводле ўзору дняпроўскіх ватагаў (перш данское, потым волжскае, яіцкае, церацкае, сібірскае).

На Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

У адрозненне ад Украіны і Расійскай дзяржавы на Беларусі не было аб’ектыўных умоў для існавання такой этнасацыяльнай групоўкі, як казацтва. Усе спробы стварэння беларускага казацкага войска пацярпелі правал. Побач з добраахвотным паказачваннем адбываўся і прымусовы запіс сялян у казакі, у прыватнасці ў палкі Паклонскага і Нячая, што тлумачыцца жаданнем беларускага насельніцтва не мяняць кардынальна традыцыйны лад жыцця, іншаю ментальнасцю. У ВКЛ у XVII ст. не было такіх аддаленых рэгіёнаў, як Украіна, якія б дрэнна кантраляваліся дзяржавай, а ваенныя функцыі, што выконвалі казакі на Украіне, на беларускіх землях здаўна належалі мясцовай шляхце.

Беларускіх казакоў не было. Існавалі толькі вайсковыя фармаванні казацкага тыпу, якія ўзніклі ва ўзброеных сілах Вялікага Княства Літоўскага ў ХVІ стагоддзі. Гэта былі аддзелы конніцы, узброеныя «па-казацку». Звычайна яны мелі панцыр, прылбіцу, сагайдак (лук з калчанам), шаблю, рагаціну. З ХVІІ стагоддзя, каб не блытаць з украінскімі казакамі, іх часта называлі панцырнымі.

Яшчэ ў 1648-1649 гадах сярод кіраўніцтва казацкай старшыны Запарожскага войска паўстала ідэя інкарпарацыі ўсходняй часткі Беларусі ў склад казацкай дзяржавы. З гэтаю мэтай Багдан Хмяльніцкі засылаў сюды казацкія загоны, каб падбухторваць сялянаў, рабаваць гарады, паступова далучаючы беларускія паветы. Пасля 1654 года, калі на Пераяслаўскай радзе Украіна была задзіночаная з Маскоўскім царствам, гэтая палітыка стала па сутнасці прамаскоўскай.

Сучаснасць[правіць | правіць зыходнік]

На сённяшні дзень казацтва існуе як у выглядзе вайсковых, так і грамадскіх арганізацый. На Беларусі, напрыклад, існуюць арганізацыі Усебеларускае аб'яднанае казацтва і Беларускае казацтва.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Горобець В. М., "Білорусь козацька: Полковник Іван Нечай та українське змагання за Південно-Східну Білорусь (1655–1659)", м. Київ, 1998 р.;
  • Похилевич, Д.Л. Белорусское казачество // Наук. зап. Львівского державного ун-ту ім. Івана Франка: Сер. істор. – 1957. – Tом 43 (XLIII). – С.
  • Сагановіч, Г. Войска Вялікага княства Літоўскага ў XVI – XVII стст. – Мн.: Навука і тэхніка, 1994. – 79 с.
  • Сагановіч, Г. Невядомая вайна: 1654 – 1667. – Мн.: Навука і тэхніка, 1995. – 144 с.: іл.
  • Чаропка, С. Казакі / Станіслаў Чаропка // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя: У 2 тамах / Рэдкалегія: Г.П.Пашкоў (галоўны рэдактар) [і інш.]; Навуковыя кансультанты: Я.К.Анішчанка [і інш.]. Том 2: К – Я. – 2-е выданне. – Мн.: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2007. – С. 9 – 11.

У Сеціве[правіць | правіць зыходнік]