Казімір Сваяк

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Казімір Сваяк

Казімір (Казімер) Сваяк, сапр.: Канстанцін СТАПОВІЧ (СТЭПОВІЧ) (12 (24) лютага 1890, в. Барані, Свянцянскі павет, Віленская губерня, цяпер Астравецкі раён, Гродзенская вобласць — 6 мая 1926, Вільня) — беларускі каталіцкі святар, грамадска-нацыянальны дзеяч, паэт.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Раннія гады[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сям'і селяніна-паўвалочніка Мацея Стаповіча, у сям'і было шасцёра дзяцей (у т.л. браты Альбін і Бернард[1] Стаповічы) і яна жыла ў невялікай хатцы пакуль мясцовы пан Сволькен, якому Мацей служыў лесніком, не даў участак зямлі і драўніну на будаўніцтва новага дома. Новы вялікі (па тагачасных мерках) — «на два канцы» — дом стаіць (часткова) у Баранях і сёння (адзін «канец» перавезены).

Скончыў пачатковую і Свянцянскую павятовую школы (1905). У 1906—1907 жыў у Вільні дзе даведаўся пра «Нашу ніву». У 1908 паступіў у Пецярбургскую духоўную семінарыю. У 1912 захварэў на сухоты, у тым жа годзе напісаў першы верш «На імяніны майго пробашча». Зіму 1912—1913 правёў на курорце ў Закапанэ. У 1913 у газеце «Беларус» друкуюцца яго творы. З-за хваробы толькі вясной 1915 быў высвечаны на ксяндза ў Петраградзе з рук біскупа Цеплака і атрымлівае прызначэнне вікарыем у Камайскі касцёл. Неўзабаве, к вялікай радасці К. Стаповіча, яго пераводзяць у Клюшчаны, што побач Баранёў, 19 чэрвеня 1915 газета «Беларус» змясціла віншаванне ксяндзу Стаповічу з нагоды яго прыміцыі ад жыхароў Клюшчан.

Пасля высвячэння на святара[правіць | правіць зыходнік]

У Клюшчанах К. Стаповіч стварыў хор, у якім, паводле звестак Я. Драўніцкага, спявалі хлопцы і дзяўчаты з Вялікай Казаноўшчыны, Будрань, Пятрашышак, Кісялёў, некаторыя нават з Трашчан. У самага К. Стаповіча быў добры слых і лірычны тэнар, ён добра граў на скрыпцы, а смычком дырыжыраваў. З хорам ён развучваў не толькі рэлігійныя, але і народныя беларускія песні: «Чырвона каліначка», «Гусі», «Зялёны дубочак», «Салавейка». Першае казанне на беларускай мове прагучала ў Клюшчанскім касцёле 21 лістапада 1915 года.

У Клюшчанах узнік нелегальны гурток «Хаўрус Сваякоў», галоўнай задачай якога з'яўлялася самаадукацыя на аснове хрысціянскай этыкі. Тут рыхтавалі і чыталі рэфераты, ладзілі канцэртна-дэкламацыйныя сходы, арганізоўвалі прадстаўленні (для пастаноўкі выкарыстоўваліся найчасцей п'есы самага Сваяка), народныя бібліятэкі. У Клюшчанскай акрузе намаганнямі К. Стаповіча было адкрыта сем школ. Адна з іх — бараньская — размяшчалася ў бацькоўскай хаце — займала яе палову, потым, калі стала цесна, перайшла да суседа — Вітаўта Буйкі. Не хапала настаўнікаў — К. Стаповіч адкрыў курсы па іх падрыхтоўцы. Падручнікі, школьныя прылады ён таксама прывозіў з Вільні, часта — набытыя за ўласныя грошы. У канцы 1916 за беларусізацыю касцёла К. Стаповіча пераводзяць на Беласточчыну. Дзе ён таксама спрабаваў увесці беларускую мову ў касцёле, але гэта было адразу забаронена мясцовым пробашчам.

«Голас душы. Набажэнства для беларусаў-каталікоў» (2-е выданне)

У 1917—1919 хварэў, зноў паехаў у Закапанэ дзе адначасова працаваў капеланам кліматычнага шпіталя. У ліпені 1919 сабраўся дадому, у Клюшчаны. Па дарозе заехаў да сябра — ксяндза Я. Германовіча (Вінцук Адважны) у Лапеніцу, што пад Ваўкавыскам. Там К. Стаповіч выступаў з казаннямі па-беларуску, прычыніўся да арганізацыі школ. У выніку з'явіўся пратэст, падпісаны мясцовымі ксяндзамі, супраць ужывання беларускай мовы ў касцёле.

Узімку 1919—1920 — зноў у Закапанэ. З гэтага часу яго творы — вершы, апавяданні, эсэ, філасофскія эцюды, гумарэскі, публіцыстычныя артыкулы рэлігійнага і літаратурна-крытычнага зместу, у т.л. нарыс пра Ф. Багушэвіча, нататку пра аповесць «Дзве душы» М. Гарэцкага, пачынаюць друкаваць у віленскіх беларускіх перыядычных выданнях. З Закапанэ прыехаў у Пабродзе, дзе закончыў пісаць навуковую працу аб уніі на Беларусі для рэдакцыі «Крыніцы». Калі пачалася савецка-польская вайна, К. Стаповіч пераязджае з Пабродзя ў Клюшчаны, дзе падчас прыходу Чырвонай арміі заступае ўцёклага пробашча, а таксама і пробашча ў Буйвідзях.

У кан. 1920 К. Стаповіч атрымлівае размеркаванне ў Засвір, дзе служыў у напаўразбураным кармяліцкім саборы, пераробленым пасля паўстання 1863 года ў праваслаўную царкву. К. Стаповіч стаў першым пробашчам пасля аднаўлення касцёла, тоўстыя і вільготныя сцены будынка былі шкоднымі для яго здароўя. З-за даносу недабразычліўцаў хутка К. Стаповічу было забаронена служыць на беларускай мове, нават уладамі быў учынены вобыск, з мэтай знайсці беларускамоўную літаратуру.

У Засвір К. Стаповіча прыязджаў мастак Ракіцкі, член «Хаўрусу Сваякоў», які намаляваў абраз Св. Іасафата Кунцэвіча для галоўнага алтара. У гонар Св. Іасафата К. Стаповіч устанавіў у парафіі 16 лістапада фестываль. Таксама прыязджаў кс. В. Гадлеўскі з Жодзішак, які рабіў казанні па-беларуску. Бываў мастак і пісьменнік Язэп Драздовіч, яны з К. Стаповічам абмяркоўвалі тэмы беларускага мастацтва, літаратуры, гісторыі, беларускага адраджэння, Драздовіч падарыў Стаповічу некалькі абразоў. Заязджаў Людовік Хамінскі.

Восенню 1922 стан здароўя К. Стаповіча пагаршаецца. Восень 1923 — вясну 1924 зноў правёў у Закапанэ. Вяртаецца ў Засвір, але хварэе. У 1924 у Вільні выходзіць зборнік паэзіі Казіміра Сваяка «Мая Ліра»[2], зборнік аб'яднаў самыя розныя творы Сваяка: вершы-медытацыі, і вершы-звароты да Бога, вершы-імпрэсіі і вершы ў прозе, балады і жартаўлівыя прыпеўкі, вершы на евангельскія сюжэты. Зіма 1924—1925 — зноў Закапанэ, але стан здароўя пагаршаецца, зімой 1926 К. Стаповіч нават думае што памрэ на чужыне, некалькі разоў просіць брата Альбіна і кс. Адама Станкевіча забраць яго з Закапанэ. Урэшце кс. А. Станкевіч паехаў за ім, у К. Стаповіча нават з'явілася надзея што на радзіме ў Клюшчанах ён выздаравее, але з цягніка ў Вільні яго давялося выносіць ужо на руках.

Смерць[правіць | правіць зыходнік]

Паміраў ён у Вільні, у шпіталі, пры смерці быў пры ім ксёндз Адам Станкевіч. Памёр 6 мая, 7 мая цела перавезлі ў касцёл Святога Мікалая. Там сабралася ўсё віленскае беларускае грамадства. Прамову меў ксёндз Адам Станкевіч.

К. Стаповіч прасіў у сяброў, каб яго пахавалі ў Клюшчанах — ён даўно выбраў сабе месца, але пахавалі яго ў Вільні на могілках Роса, непадалёк ад магілы М. Чурлёніса. Хор Віленскай беларускай гімназіі спяваў беларускія рэлігійныя песні. Згодна з жаданнем, выказаным у тастаменце, над магілай прагучалі ўсе тры мовы: кс. Гадлеўскі — па-беларуску, кс. Рэпаць — па-польску, кс. Чыбірас — па-літоўску. На адкрыццё помніка К. Стаповічу ў Вільню за 85 км прыйшла вялікая група моладзі з Клюшчан.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Друкаваўся з 1913 («Беларус»). Аўтар зборніка вершаў «Мая ліра» (Вільня, 1924), вершаванага апавядання «Чарку дай, браце» (Вільня, 1926). Выступаў як публіцыст, пісаў драматычныя творы. Асобнымі выданнямі выйшлі «Янка Канцавы» (Вільня, 1920, 1924), «Купалле» (Вільня, 1930). Напісаў філасофскі дзённік «Дзея маёй мыслі, сэрца і волі» з «Аўтабіяграфіяй»[3].

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

У 1990 А. Мальдзіс падчас візіту ў Ватыкан пры размове з папам унёс прапанову прылічыць Канстанціна Стаповіча да ліку блаславёных.

Зноскі

  1. Нар. 30.8.1907 у вёсцы Барані на Віленшчыне. Вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі. У 1939 скончыў агранамічны факультэт Віленскага ўніверсітэта. У 1945 прыехаў у Сопат, да 1952 працаваў у Аддзеле сельскай гаспадаркі ваяводскай управы ў Гданьску, пасля ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі ў Варшаве. У 1972 выйшаў на пенсію, пісаў артыкулы па аграноміі ў часопіс «Gromada Rolnik Polski». Пакінуў успаміны, у т.л. пра свайго брата Казіміра Сваяка. Пам. 9.8.1982.
  2. Новае выданне: Сваяк К. Мая ліра. Мн., 1992. —39 с.
  3. Новае выданне: Сваяк К. Дзея маей мыслі, сэрца і волі: (з Аўтабіяграфіяй). 4-е выд., — Мн.: 1992.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

ВікіЦытатніку
Матэрыялы па тэме ў
Вікікрыніцах
Commons