Какандскае ханства

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Какандскае ханства
خانات خوقند

1709 – 1876


Bandera de Kokand.svg
Сцяг
Kokand1850.png
Какандскае ханства ў 1850 г.
Форма кіравання манархія
хан

Кака́ндскае ха́нства (перс.: خانات خوقند, узб.: Qo'qon xonligi) — дзяржава ў Сярэдняй Азіі (17091876 гг.) з цэнтрам у Какандзе.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Какандскае ханства паўстала ў 1709 г. у выніку абвяшчэння незележнасці ад Бухарскай дзяржавы. Першым кіраўніком быў Шахрух-бій (1709 - 1721/1722 гг.), які быў правадыром-аталыкам узбекскага племені мінг. Ён усталяваў кантроль над некалькімі багатымі гарадамі Ферганскай даліны. Цэнтрам яго валоданняў стала крэпасць на месцы сучаснага Каканда. Яго сын Абдурахім-бій (1722 - 1733 гг.) значна пашырыў тэрыторыю дзяржавы. Да 1740 г. мінгам падпарадкоўваўся Самарканд. Яго брат і прымач Абдукарым-бій (1733 - 1751 гг.) заснаваў горад Каканд.

Какандская дзяржава была значна ўмацавана ў час кіравання Эрдона-бія (1751 - 1769 гг.) і Нарбута-бія (1770 - 1798 гг.). Яны спынілі ўнутраныя разлады, пашырылі сетку ірыгацыйных збудаванняў, гандаль, увялі дробныя манеты. Для захавання бяспекі ад Ірана і Бухары яны былі вымушаны прызнаць падначаленасць дынастыі Цын і выплочвалі даніну Кітаю.

У 1800 - 1810 гг. валадаром Каканда быў ваяўнічы палітык Алім-бек, які ў 1805 г. прыняў тытул хана. Ён сфарміраваў наёмную армію і заваяваў значныя тэрыторыі, у тым ліку Ташкент. Яго спадкаемцы падначалілі суседнія землі сучаснага Таджыкістана, Кыргызстана, паўднёва-усходняга Казахстана. Нягледзячы на моцны землятрус 1823 г. і эпідэмію халеры 1828 - 1829 гг., яны працягвалі развіваць ірыгацыю і земляробства, вырошчванне такіх камерцыйных культур як бавоўнік, клешчавіна, пшаніца. Спробы какандскіх ханаў падначаліць казахскія плямёны, залежныя ад Расійскай імперыі, скончылася няўдачай.

У 1840 - 1860-ых гг. Какандскае ханства ахапілі ўнутраныя войны за пасад. У 1842 г. Каканд нават быў часова захоплены бухарцамі. У гэтай сітуацыі ўзвысілася кіргізскае племя кыпчакоў. У 1853 г. адзін з яго правадыроў Мусульманкул быў зрынуты, а 20 тысяч яго супляменнікаў пакараныя смерцю. У далейшым значную ролю адыгрываў яго першасны стаўленік Худаяр-хан, які тройчы займаў прастол. Паслабленне Какандскага ханства ў сваіх мэтах выкарыстала Расія. З 1856 г. яна адкрыта прыцягвала на свой бок правадыроў казахскіх і кіргізскіх плямёнаў, падначаленых Каканду. У 1854 г. расійская армія захапіла землі ўздоўж ракі Ілі, у 1862 г. — Чуйскую даліну, у 1865 г. — Ташкент. У 1868 г. Худаяр-хан быў вымушаны заключыць гандлёвы дагавор, які гарантаваў значныя прывілегіі расійскім купцам.

Спусташальныя войны, страта земляў і гандлёвых мыт вымусілі Худаяр-хана павялічыць падаткі і адпрацоўкі для падтрымання ірыгацыйных збудаванняў і базараў. Гэта, а таксама сталае умяшанне рускіх ва ўнутраныя справы прывяло да некалькіх моцных паўстанняў. У 1875 г. паўстанцы авалодалі Какандам і абвясцілі манархам сына Худаяра, Насрадзіна. Сам Худаяр збёг у Расію, а яго войска перайшло на бок паўстанцаў. Насрадзін заключыў з Расіяй мірнае пагадненне, што абмяжоўвала яго знешнюю палітыку. Аднак у студзені 1876 г. Аляксандр II прыняў рашэнне аб ліквідацыі Какандскага ханства. Расійская армія заняла Каканд. Тэрыторыя ханства была анэксавана.

Кіраванне[правіць | правіць зыходнік]

Какандскае ханства было манархічнай дзяржавай. Манархі мелі розныя тытулы, але з 1805 г. найчасцей прымалі тытул хана. Улада манарха абмяжоўвалася радай, у склад якой уваходзілі буйныя чыноўнікі і глава мусульманскіх святароў. Паліцэйскія функцыі выконвалі вартаўнікі-курбашы. Меліся наглядчыкі за паводзінамі мух-тасіб, што сачылі за захаваннем шарыяту. Сталая армія была невялікай, падпарадкоўвалася мінг-башы (літаральна, правадыром тысячы мінгаў). Падчас ваенных дзеянняў яна пашыралася за лік апалчэнцаў і наёмнікаў.

Адміністрацыю на месцах узначальвалі спадчынныя бекі і прызначаныя ханам хакімы. Асаблівае месца займаў намеснік Ташкента, які меў тытул найвышэйшага бека беклар-бегі. У малых населеных пунктах адміністрацыю складалі старэйшыны-аксакалы. Судовая ўлада належыла прызначаным суддзям казі на чале казі-калон.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Очерки по истории государственности Узбекистана. / Отв. ред. Д. А. Алимова, Э. В. Ртвеладзе. - Ташкент: Шарк, 2001. - С. 104 - 105

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]