Каларадскі жук

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Каларадскі жук
Leptinotarsa fg03.jpg
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Leptinotarsa decemlineata Say, 1824

Распаўсюджанне
выява

  Раён паходжання жука

  Раён паходжання бульбы

  Сучасны арэал

Wikispecies-logo.svg
Сістэматыка
на Віківідах
Commons-logo.svg
Выявы
на Вікісховішчы
ITIS   720110
NCBI   7539
EOL   1171959

Каларадскі жук (Leptinotarsa decemlineata) — насякомае сямейства лістаедаў. Небяспечны шкоднік бульбы.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Даўжыня да 12 мм. Цела авальнае, пукатае, жоўтае. Крылы ярка-ружовыя, на жоўтых надкрылах 10 чорных падоўжных палос, на галаве чорная трохвугольная пляма. Лічынка (даўжынёй да 15 мм) за перыяд развіцця (15—35 сутак) праходзіць 4 ўзросты. Лічынкі выпуклыя, першага—трэцяга ўзросту карычнева-чырвоныя, чацвёртага ўзросту ружова-аранжавыя, з двума радамі чорных бугаркоў па баках, укрытыя рэдкімі валаскамі. Кукалка жоўта-аранжавая.

Распаўсюджанне[правіць | правіць зыходнік]

Радзіма — Паўночная Амерыка. У Еўропе ўпершыню выяўлены ў Францыі ў 1916, на Беларусі — у 1956; пашырыўся па ўсёй тэрыторыі, дзе вырошчваецца бульба.

Біялагічныя асаблівасці[правіць | правіць зыходнік]

Лічынкі

Самкі адкладваюць яйцы на ніжні бок лістоў бульбы і іншых раслін сямейства паслёнавых (памідоры, баклажаны, перац і г.д.). Яйцы прадаўгавата-авальныя, жоўта-аранжавыя. Лічынкі нараджаюцца праз 5—8 сутак. Найбольш шкаданосныя лічынкі чацвёртага ўзросту, акукліваюцца ў глебе на глыбіні 5—12 см. Праз 15—20 сутак кукалка ператвараецца ў жука. Лічынкі і жукі кормяцца лісцем, чаранкамі і сцёбламі бульбы. Зімуюць жукі ў глебе на рознай глыбіні.

Меры барацьбы[правіць | правіць зыходнік]

Неабходна сістэматычна збіраць і знішчаць жукоў, яйцаклеткі і лічынкі. Пры масавым засяленні раслін лічынкамі першага—другога ўзросту праводзяць апрацоўку раслін інсектыцыдамі. Лепшы тэрмін для хімічных апрацовак — з'яўленне масавай колькасці лічынак другога—трэцяга ўзросту. Рыхленне глебы ў перыяд вегетацыі і глыбокая перакопка яе восенню пасля ўборкі ўраджаю змяншаюць колькасць лічынак і пагаршаюць умовы развіцця кукалак. У барацьбе з каларадскім жуком эфектыўныя біялагічныя прэпараты, якія валодаюць кішачным дзеяннем. Яны трапляюць у кішэчнік насякомага пасля апрацоўкі раслін растворам біяпрэпаратаў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Энцыклапедыя сельскага гаспадара. Мн., 1993. ISBN 5-85700-079-3