Камнямёт

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Асноўныя тыпы іспанскіх гармат, ужываных у канцы 16 ст. у Амерыцы — куляўрына, картауна, камнямёт («педрэра»), марціра. З рукапісу Луіса Калады (1592).
Іспанская камнямётная марціра («педрэра») 16-цалёвага калібру (1788).

Камнямёт (ням. Steinbuechse, фр. perrier, ісп. pedrero, польск. petriera[1], таксама petrary, cannon petro, patterero і інш.): гладкаствольная гармата, прызначаная страляць выключна каменнымі снарадамі на малыя адлегласці[2] (да 150—200 м).

Пачаткова такой назвай магла азначацца ўсякая гармата (напр., бамбарда), якая страляла каменным снарадам. Пазней назначыліся некаторыя асаблівасці канструкцыі, якія сталі і галоўнымі перавагамі камнямётаў — ствол з параўнальна тонкімі сценкамі і, значыць, з меншай масай, а таксама меншы парахавы зарад. Гэта спрычынялася тым, што каменны снарад важыў да 1/3 чыгуннага, роўнага памерам, што дазваляла паменшыць парахавы зарад (каля 1/3 масы снараду) і рабіць сценкі ствала значна танчэйшымі; ствол камнямёта мог важыць напалову меней за ствол блізкай памерам кулеўрыны).

Камнямёты маглі быць доўга- і кароткаствольнымі, або марцірамі. Калібры даўгаствольных камнямётаў даходзілі да 50-фунтавых; існавалі буйнакалібравыя камнямётныя марціры. Снарады — суцэльна-каменныя ядры, а таксама кашы з камянямі (прыблізна з 1750 — і з ручнымі гранатамі).

Тып аформіўся на працягу 14 — 16 ст. і быў выцеснены з ужытку марцірамі, якія маглі страляць выбуховымі снарадамі і карцеччу. У іспанскай крапасной артылерыі камнямёты стаялі на ўзбраенні яшчэ ў канцы 18 ст., у расійскай крапасной і абложнай артылерыі — да 19 ст. У ЗША з 1839 да 1861 стаяла на ўзбраенні 15-цалёвая (38-см) «камянёвая марціра» («stone mortar»), адмыслова прызначаная дзейнічаць кашамі камянёў, гранат або малымі бомбамі супраць асабовага складу праціўніка (знятая з узбраення з-за небяспекі дачаснага выбуху гранат ці бомбаў пры стрэле)[3].

Зноскі

  1. Stanisław Kobielski. Polska broń palna, 1975. — 201 с.: іл. С.183.
  2. Военный энциклопедический словарь / Пред. Гл. ред. комиссии Н. В. Огарков. — М.: Воениздат, 1983. — 863 с. (руск.), С.313.
  3. W. L. Ruffel. The Mortar... .

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Albert Manucy. Artillery through the ages. A Short Illustrated History of Cannon, Emphasizing Types Used in America [1955]. — У Сеціве.