Камуны Італіі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
На гэтай карце пазначаны межы адміністрацыйных адзінак Італіі. Чорныя межы — рэгіёны, шэрыя — правінцыі, белыя — камуны

Каму́на ў Італіі — адміністрацыйная адзінка трэцяга ўзроўня. Складаецца звычайна з галоўнага горада, які дае камуне назву, і прылеглых тэрыторый.

На ўзроўні камуны ў Італіі ажыцяўляюцца шматлікія дзяржаўныя функцыі: рэгістрацыя нараджэнняў і смерцяў, месцаў пражывання і спісаў выбаршчыкаў, кіраванне камунальнай уласнасцю, у тым ліку дарогамі.

Главой камуны з'яўляецца мэр (італ.: sindaco), заканадаўчым органам — савет камуны (італ.: consiglio comunale), а выканаўчым — управа камуны (італ.: giunta comunale). Мэр і члены савета выбіраюцца адначасова жыхарамі камуны: кааліцыя абранага мэра (ён павінен атрымаць абсалютную большасць галасоў у першым або другім туры) атрымлівае тры пятых месцаў у савеце. Кіраванне ўзначальваецца мэрам, які прызначае яго астатніх членаў, званых асэсарамі (італ.: assessori). Управа камуны размяшчаецца ў будынку, звычайна званым муніцыпалітэт (італ.: municipio) ці «дом камуны» (італ.: palazzo comunale).

Па стане на 2007 год у Італіі налічваецца 8101 камуна, якія істотна адрозніваюцца па плошчы і насельніцтву. Так, камуна Рым (Лацыё) мае плошчу 1285,30 км² і насельніцтва 2 726 539 чалавек[1], што робіць яе найбольшай у Італіі па абодвух паказчыках; Ф'ера-дзі-Прым'ера ў правінцыі Трэнта — самая маленькая (0,15 км²), а Мартэронэ (правінцыя Лека) — самая маланаселеная, толькі з 38 жыхарамі (2009 г.).

Такія кантрасты прыводзяць да неэфектыўнасці адзінага стылю кіравання камунамі, але планы ўрада па ўзбуйненні або падзелу камун часта натыкаюцца на актыўнае процідзеянне мясцовых жыхароў, бо ў адрозненне ад правінцый і рэгіёнаў камуны маюць вельмі даўнюю гісторыю, якая налічвае сотні, а часам і тысячы гадоў.

Шматлікія камуны маюць сваю паліцыю (італ.: polizia municipale, муніцыпальная паліцыя(італ.) бел.), якая адказвае за парадак у грамадскіх месцах, рух транспарта і сочыць за выкананнем ліцэнзій на гандаль.

Некаторымі дадатковымі правамі і паўнамоцтвамі карыстаюцца горныя супольнасці (comunita montane) — асацыяцыі камун, размешчаных у горнай мясцовасці.

Зноскі