Камуністычная партыя (бальшавікоў) Літвы і Беларусі

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці

Камуністычная партыя (бальшавікоў) Літвы і Беларусі (КП(б)ЛіБ). Утворана ў выніку аб'яднання Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі і Камуністычнай партыі Літвы і Заходняй Беларусі з прычыны аб'яднання Літвы і Беларусі ў адзінае дзяржаўнае ўтварэнне — Літоўска-Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (Літбел). На аб'яднаўчым з'ездзе 4 — 6 сакавіка 1919 у Вільні выбраны ЦК КП(б) Літвы і Беларусі, які 8 студзеня 1919 г. стварыў Прэзідыум ЦК партыі ў складзе В. С. Міцкявічуса-Капсукаса (старшыня), В. Г. Кнорына, З. І. Ангарэціса, А. Ф. Мяснікова, Я. Г. Далецкага, С. В. Іванова. 24 красавіка 1919 Прэзідыум ЦК КП(б)ЛіБ падзелены на Палітбюро і Аргбюро ЦК КП(б)ЛіБ. З прычыны наступлення польскіх войск Палітбюро ЦК КП(б)БліБ у красавіку 1919 абвясціла рэспубліку на ваенным становішчы і пачало мабілізацыю ў армію камуністаў, камсамольцаў і спачуваючых. Аднак наладзіць актыўнае супраціўленне польскім войскам не ўдалося. 21 красавіка 1919 польскія войскі захапілі сталіцу Літбела Вільню, 8 жніўня — Мінск, да верасня 1919 — усю тэрыторыю рэспублікі. Пасля акупацыі Мінска ЦК КП(б)ЛіБ пераехаў у Бабруйск, потым у Смаленск, адкуль кіраваў падпольным і партызанскім рухам. 3 верасня 1919 створана Бюро па нелегальнай рабоце (старшыня Міцкявічус-Капсукас). На акупіраванай тэрыторыі выдаваліся газеты «Звязда», «Савецкая Беларусь», «Komunistas» («Камуніст», літоўская), «Młot» («Молат», польская). Пасля вызвалення Беларусі ад польскіх інтэрвентаў (ліпень — жнівень 1920) ЦК КП(б)ЛіБ вярнуўся ў Мінск, дзе ўжо дзейнічала Мінская губернская партыйная арганізацыя. 30 ліпеня 1920 створаны Мінскі губернскі камітэт КП(б)ЛіБ. Пасля прыняцця Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь Аргбюро ЦК РКП(б) 9 жніўня прыняло пастанову аб перайменаванні Мінскага губернскага камітэта КП(б)ЛіБ, захаваўшы агульную назву партыі — КП(б)ЛіБ, у Цэнтральнае Бюро КП(б)Б. У пачатку верасня 1920 ЦБ КП(б)Б унесла ў ЦК РКП(б) прапанову аб ліквідацыі КП(б)ЛіБ і стварэнні ў рамках РКП(б) Кампартыі (бальшавікоў) Беларусі і Кампартыі (бальшавікоў) Літвы. 8 лістапада 1920 ЦК КП(б)Б вырашыла наступную партыйную канферэнцыю назваць Трэцім з'ездам КП(б)Б.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • ЭГБ у 6 т. Т. 4. Мн., 1997.