Вінцэнт-Канстанцін Каліноўскі

З пляцоўкі Вікіпедыя.
(Пасля перасылкі з Канстанцін Каліноўскі)
Перайсці да: рух, знайсці
Вінцэнт-Канстанцін Каліноўскі
Kostuś Kalinowski.PNG
 
Дата нараджэння: 2 лютага 1838
Дата смерці: 22 сакавіка 1864(1864-03-22) (26 гадоў)

Вінцэ́нт-Канстанці́н КАЛІНОЎСКІ, Касту́сь КАЛІНОЎСКІ[1] (руск.: Константин Семёнович Калиновский; польск.: Wincenty Konstanty Kalinowski; літ.: Konstantinas Kalinauskas; 2 лютага (21 студзеня) 1838 г. — 22 сакавіка (10 сакавіка) 1864 г.): палітычны дзеяч, публіцыст, паэт. Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гг. на землях Беларусі і Літвы.

Гл. таксама: ацэнкі дзейнасці Каліноўскага.

[правіць] Біяграфія

Герб «Калінова»

[правіць] Дзяцінства і юнацтва

Кастусь Каліноўскі нарадзіўся ў вёсцы Мастаўляны Гарадзенскага павету (зараз у Падляскім ваяводстве Польшчы) у сям'і беззямельнага шляхціца.

У 184752 гг. вучыўся ў Свіслацкім павятовым вучылішчы, пасля заканчэння якога некалькі год пражыў у бацькавым фальварку Якушоўка, дапамагаючы ў гаспадарчых клопатах і, відавочна, займаючыся самаадукацыяй. Вялікі ўплыў на Кастуся Каліноўскага меў старэйшы брат Віктар Каліноўскі, які вучыўся ў Маскоўскім універсітэце і даследваў па даручэнні Віленскай археалагічнай камісіі старадаўнія беларускія рукапісы.

[правіць] Рэвалюцыйная дзейнасць

Змест

У 1856 годзе паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта на камеральныя навукі. На працягу навучання ва ўніверсітэце Каліноўскі прымаў удзел у дзейнасці нелегальных студэнцкіх гурткоў, разам з братам быў сябрам таемнай вайскова-рэвалюцыйнай арганізацыі афіцэраў Генштаба, якую ачольвалі Зігмунт Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі.

Неўзабаве пасля атрымання ўніверсітэцкага дыплому са ступенню кандыдата права, на пачатку вясны 1861 г. Каліноўскі вярнуўся на Радзіму і распачаў стварэнне на Гародзеншчыне рэвалюцыйнай арганізацыі. Кастусь ездзіў па навакольных вёсках і мястэчках, дзе вёў прапаганду сярод сялянаў і агітаваў іх да паўстання.

Паводле сваіх ідэйных перакананняў Каліноўскі быў рэвалюцыйным дэмакратам, выступаў за звяржэнне самадзяржаўя, скасаванне абшарніцкага землеўладання. Ён лічыў, што толькі шырокі ўдзел у будучым паўстанні сялянства можа забяспечыць перамогу. У гэтым рэчышчы і вялася Каліноўскім агітацыйная праца.

Улетку 1862 г. Каліноўскі разам з паплечнікамі з Гарадзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі Феліксам Ражанскім, Станіславам Сангінам і Валерам Урублеўскім распачаў выпуск «Мужыцкай праўды» — першай у гісторыі газеты на беларускай мове. Усяго той газеты выйшла сем нумароў. Яна крытыкавала палітыку імперскіх уладаў, тлумачыла сітуацыю ў краіне, крытыкавала царскі маніфест аб скасаванні прыгону, заклікала сялян да змагання. Кожны нумар «Мужыцкай праўды» быў нязменна падпісаны псеўданімам Каліноўскага «Яська-гаспадар з-пад Вільні».

[правіць] Кіраванне паўстаннем

М. Філіповіч. Эскіз да карціны
Сімвал паўстання 1863—1864 гг.

У 1862 г. Каліноўскі ўжо ўваходзіў у склад Літоўскага правінцыйнага камітэту (ЛПК) — цэнтральнага органа падрыхтоўкі паўстання на тэрыторыі Паўночна-Заходняга края (цяпер — тэрыторыя паўночнай Літвы і Заходняй Беларусі. А ўвосень таго ж году стаў яго старшынём. Кастусь стаяў на чале часткі рэвалюцыянераў, якіх адрозна ад лібералаў («белых») звалі «чырвонымі». Гэты напрамак вызвольнага руху прадугледжваў дэмакратычную рэспубліку, перадачу зямлі сялянам, самавызначэнне народаў былой Рэчы Паспалітай. «Белыя» ж бачылі галоўнай мэтай паўстання толькі аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г.

Аднак старшынстваваў Каліноўскі ў віленскім паўстанцкім камітэце нядоўга. Неўзабаве пасля выбуху паўстання, варшаўскі цэнтр і мясцовыя абшарнікі дамагліся роспуску ЛПК. Каліноўскага накіравалі на родную Гродзеншчыну на пасаду паўстанцкага камісара ваяводства.

Актыўная праца Каліноўскага ва ўмовах паўстання на пасадзе ваяводскага камісара паспрыяла таму, што менавіта на Гродзеншчыне інсургенты мелі найбольш баяздольную, магутную арганізацыю, прыцягнулі да барацьбы шмат сялянаў. Іншыя гісторыкі лічаць, што прычынай гэтага была найбольш высокая доля ў гэтым рэгіёне польскага насельніцтсва. На ўсходзе сялянства ў асноўным не падтрымала паўстання, і нават былі створаны сялянскія атрады для барацьбы з паўстанцамі.

У чэрвені 1863 г. праз поспехі царскіх войскаў і масавыя арышты паўстанцаў Каліноўскі вымушаны вярнуцца ў Вільню, дзе дзейнічаў пад канспірацыйнымі прозвішчамі Макарэвіч, Чарнецкі, Хамовіч, Хамуціус. Там ён зноў бярэ цэнтральнае кіраванне ў свае рукі. Спрабуючы рэанімаваць паўстанне, Кастусь выдаў «Прыказ да народу зямлі літоўскай і беларускай». Аднак было позна. Паўстанне на тэрыторыі Паўночна-Заходняга края ўжо было ў асноўным падаўлена. Асноўныя сілы паўстанцаў былі разбітыя царскімі атрадамі пры дапамозе беларускіх сялян.

[правіць] Арышт і пакаранне

З восені 1863 г. К. Каліноўскі сканцэнтраваў намаганні на назапашванні сіл для новага выступлення ўвесну. Але, выдадзены здраднікам, камісарам Магілёўскай губэрні Вітаўтам Парфяновічам, ён быў у ноч на 29 студзеня 1864 г. схоплены царскімі жандарамі ў Святаянскіх мурах (побач з саборам Св. Яна), дзе хаваўся пад імем Ігната Вітажэнца.

Падчас следства і суду Кастусь Каліноўскі цвёрда стаяў на сваёй пазіцыі і адмаўляўся супрацоўнічаць са следствам. Даўшы паказанні па сваёй уласнай дзейнасці, ён адмовіўся даваць інфармацыю па іншых асобах, якія цікавілі следчую камісію, матывуючы гэта так: «…грамадская адкрытасць з'яўляецца станоўчай рысай асобы, але шпіёнства апаганьвае чалавека… мае паказанні па [іншых] асобах… не могуць спрыяць замірэнню краю… …усведамленне гонару, уласнай годнасці і таго становішча, якое я займаў у грамадстве, не дазваляюць мне ісці па іншым шляху.»[2]

Царскі ваенна-палявы суд вынес пастанову: пакараць Каліноўскага смерцю на шыбеніцы. Кастусь Каліноўскі быў публічна павешаны на гандлёвай плошчы Лукішкі ў Вільні.

[правіць] Запавет

З турмы Каліноўскі перадаў на волю «Лісты з-пад шыбеніцы»:

«
Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і, можа, раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, — но не жаль згінуць за тваю праўду… Няма ш, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек у галаве мае розум і науку… Но як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам наука праўдзіва з няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацтва і ніякай наукі, — адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, но на пагібель нашу… Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжэ не будзе.

Твой слуга
Яська-гаспадар з-пад Вільні»

[правіць] Ацэнкі

Часткай беларускага грамадства Кастусь Каліноўскі лічыцца нацыянальным героем Беларусі. Агулам жа нацыянальная прыналежнасць Каліноўскага аспрэчваецца ў розных гістарыяграфіях (польскай, беларускай, літоўскай).

У польскай гістарыяграфіі паўстанне на беларускіх і літоўскіх землях не прыцягвае такой увагі, як падзеі ў Польшчы і сусветны кантэкст паўстання, а асоба Каліноўскага выдзяляецца за незвычайнасць, але яго перакананні ў нацыянальным пытанні звычайна класіфікуюцца як польскія або «краёвыя».[3]

У беларускай гістарыяграфіі, на момант 2000-х гг., ступень навуковай распрацоўкі тэмы паўстання і асобы Каліноўскага па-ранейшаму характарызуюцца слабой апорай на архіўныя крыніцы і моцнай публіцызаванасцю і палітызаванасцю на шкоду навуковасці.[4]

Рэвалюцыйная дзейнасць Каліноўскага ацэньваецца, між іншым, як звышрадыкальная[5].

Гл.далей: ацэнкі і гістарыяграфія паўстання 1863—1864 гг.

[правіць] Вобраз у мастацтве

К. Каліноўскі на паштовай марцы
  • «Восень пасярод вясны: Аповесць, сатканая з гістарычных матэрыялаў і мясцовых паданняў» — (А. Мальдзіс)
  • «Каласы пад сярпом тваім» — раман (У. Караткевіч)
  • «Кастусь Каліноўскі» — аповесць (А. Якімовіч)
  • «Кастусь Каліноўскі» — п'еса (У. Караткевіч)
  • «Кастусь Каліноўскі» — п'еса (Е. Міровіч) — у пастаноўцы БДТ-3 ролю К.Каліноўскага выканаў Канстанцін Быліч
  • «Кастусь Каліноўскi» — опера (Сл. М. Клімковіча; Муз. Д. Лукаса)
  • «Кастусь Каліноўскі» — рэспубліканская мастацкая выстаўка, прысвечаная 150-годдзю з дня нараджэння і 125-годдзю паўстання 1863?1864 гг. (4?28 лютага 1988 г.): каталог / [складальнікі: Л. Б. Бортнік і інш.]. — Мн.: Беларусь, 1989.
  • «Хамуціус» — паэма (А. Куляшоў)

[правіць] Ушанаванне памяці

У гонар К. Каліноўскага названы вуліцы ў Мінску, Гродна і іншых гарадах Беларусі.

Зноскі

  1. Здрабняльная форма імя, якая часта ўжываецца ў савецкай і беларускай гістарыяграфіях.
  2. Паказанні К. Каліноўскага ў следчай камісіі 26.2.1864 ст.ст.… // К. Калиновский: Из печатного и рукописного наследия/Ин-т истории партии при ЦК КП Белоруссии — фил. Ин-та марксизма-ленинизма при ЦК КПСС. — Мн.: Беларусь, 1988. ISBN 5-338-00024-5. C.77—85.
  3. Смалянчук. Спадчына #2, 1998.
  4. Карев Д. В. Восстания 1830—1831 гг. и 1863—1864 гг. в белорусской историографии конца XIX—XX вв. // Повстанческое движение в Гродненской губернии 1863—1864 гг. / сост. Т. Ю. Афанасьева [и др.]; под ред. Д. В. Карева. — Брест : Академия, 2006. — 404 с. ISBN 985-505-025-8. С.3—16.
  5. Гронский. Кастусь Калиновский: конструирование героя…

[правіць] Бібліяграфія

ВікіЦытатніку
Матэрыялы па тэме ў
Вікікрыніцах
  • Кастусь Каліноўскі. За нашую вольнасць. Творы, дакументы / [Уклад., прадм., паслясл., пер. і камент. Г.Кісялёва. — Мн.: Міжнар. фонд «Бел. кнігазбор», 1999. — 459 с. — (Беларускі кнігазбор). ISBN 985-6318-41-6

[правіць] Літаратура

  • Авакян Г. С. Палітычныя мысліцелі і гуманісты Беларусі / Г. С. Авакян, М. В. Кузняцоў, М. П. Сінькевіч; Бел. дзярж. экан. ун-т. — Мн.: ТАА «Элайда», 2002. — 96 с.
  • Белы А. Я. Вобраз змагара: да 150-годдзя з дня нараджэння К.Каліноўскага / А. Я. Белы. — Мн., 1988.
  • Гронский А. Д. Кастусь Калиновский: конструирование героя // Беларуская думка. № 2. 2008. С. 82-87
  • Дубавік А. А. Асоба і дзейнасць К. Каліноўскага ў беларускай крытыцы (канец ХХ — пачатак ХХІ стст.) // Весці Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук, 2006, № 4. С. 99-104.
  • Жыві ў свабодзе: Кн. пра Каліноўскага / Уклад. і аўт. паслясл. С. С. Панізіка. — Мн.: Юнацтва, 1996. — 398 с. — (Школьная бібліятэка).
  • Кастусь Каліноўскі (1838—1864) Константин Калиновский: Материалы респ. науч. конф., посвящ. 150-летию со дня рождения выдающегося бел. революционера-демократа и мыслителя К.Калиновского / [Сост. Я. И. Мараш. — Гродно, 1988.
  • Кісялёў Г. В. Радаводнае дрэва: Каліноўскі — эпоха — наступнікі / Генадзь Кісялеў. — Мн.: Маст.літ., 1994. — 303 с.
  • Машара М. Смерць Кастуся Каліноўскага. — Чыкага: Ільліноіс, 1961.
  • Паўстанне на Беларусі 1863 года: «Мужыцкая Праўда» і лісты «з-пад шыбеніцы» / тэксты і каментарыі: Я. Запруднік і Т. Э. Бэрд. — Нью-Йорк: Фундацыя імя П. Крэчэўскага, 1980. — 69 с. — (Дакументы беларускай гісторыі).
  • Смірноў А. Ф. Кастусь Каліноўскі ў паўстанні 1863 года / А. П. Смірноў. — Мн.: Дзярж. выд-ва БССР, 1959.
  • Станкевіч А. Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення / Ад. Станкевіч. — Вільня, 1935.
  • Шалькевіч В. Вікенці Канстанцін Каліноўскі (1838—1864) / Вячаслаў Шалькевіч // Славутыя імёны Бацькаўшчыны ? Вып.2. — С.207-218.
  • Шалькевіч В. Кастусь Каліноўскі: Старонкі біягр.. — Мн.: Газ."Голас Радзімы", 1985. — 127 с.
  • Шалькевіч В. «Марыська чарнаброва, галубка мая…» Лёс нявесты К.Каліноўскага М. М. Ямант // Работніца і сялянка ? 1993. N 2. — С. 14-16.

[правіць] У Сеціве


Асабістыя прылады
Прасторы імёнаў

Варыянты
Дзеянні
Навігацыя
Прылады
На іншых мовах