Капліца Каралеўскага каледжа

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Капліца
Каралеўскага каледжа
King's College Chapel
52°12′17″ пн. ш. 00°06′59″ у. д.HGЯO
Краіна  Вялікабрытанія
Горад Кембрыдж
Канфесія Англіканства
Епархія Anglican Diocese of Ely[d][1]
Архітэктурны стыль готыка
Дата заснавання 1446
Сайт kings.cam.ac.uk/c… (англ.)
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Капліца Каралеўскага каледжа ў Кембрыджы, Англія — шэдэўр англійскай перпендыкулярнай готыкі[2], які лічыцца візітнай карткай універсітэцкага Кембрыджа[3].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Бакавы выгляд

Кембрыдж і Оксфард, гарады, дзе знаходзіліся найбуйнейшыя ў Англіі ўніверсітэты, заўсёды прыцягвалі асаблівую ўвагу англійскай кароны. Гэта азначала, у тым ліку, цікавасць манархаў да будаўніцтва каледжаў і звязанай з імі інфраструктуры. Будаўніцтва капліцы Каралеўскага каледжа было распачата ў 1444 годзе па загаду англійскага караля Генрыха VI, які сам вызначыў памеры будучага грандыёзнага збудавання. 25 ліпеня 1446 года Генрых VI асабіста заклаў першы камень у падмурак капліцы. Архітэктарамі капліцы завуць Рэджынальда Элі і Нікаласа Клоаса. Да канца валадарання Рычарда III (1485), нягледзячы на Вайну Пунсовай і Белай ружы было завершана і падведзена пад дах пяць пралётаў капліцы. У 1506 годзе Кембрыдж наведаў кароль Генрых VII і прафінансаваў заканчэнне будаўніцтва, прычым пакінуў грошы з такім разлікам, каб будаўніцтва магло працягвацца і пасля яго смерці. У 1515 годзе, пры Генрыху VIII, будаўніцтва капліцы Каралеўскага каледжа ў Кембрыджы было завершана архітэктарам Джонам Уэстэлам.

Падчас Грамадзянскай вайны XVII стагоддзя капліца выкарыстоўвалася ў якасці навучальнага палігона войскамі Олівера Кромвеля. Аднак яна пазбегла сур'ёзных пашкоджанняў, магчыма, таму, што Кромвель сам у свой час быў кембрыджскім студэнтам. Надпісы, пакінутыя салдатамі арміі парламента, да гэтага часу можна знайсці на паўночнай і паўднёвай сценах алтара. Падчас Другой сусветнай вайны большая частка вітражоў была знята, і капліца Каралеўскага каледжа зноў засталася цэлай.

Капліца Каралеўскага каледжа актыўна выкарыстоўваецца як па сваім прамым прызначэнні, так і для правядзення ўрачыстых мерапрыемстваў Каралеўскага каледжа. Так, штогод у маі Каралеўскае музыкальнае таварыства праводзіць тыдзень канцэртаў. Гэта падзея нязменна папулярна сярод студэнтаў, выпускнікоў і гасцей Кембрыджа, не ў апошнюю чаргу дзякуючы бясплатнаму шампанскаму і клубніц са сліўкамі, якімі частуюць пасля канцэрту. Капліца знакамітая сваёй цудоўнай акустыкай, шырока вядомы хор капліцы Каралеўскага каледжа, які складаецца са студэнтаў Кембрыджскага ўніверсітэта.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Інтэр’ер капліцы

Збудаваная пад эгідай каралеўскай улады для Каралеўскага каледжа Кембрыджа, капліца мае сапраўды каралеўскія памеры. Даўжыня будынка — 289 футаў (88 метраў), шырыня нефа 12 метраў, вышыня збораў 29 метраў. Будынак капліцы мае форму прамавугольнага паралелепіпеда, якая добра чытаецца, але яго аб’ём відавочна большы за функцыянальна абгрунтаваныя велічыні.

Чарцёж аконных праёмаў

Капліца Каралеўскага каледжа па праве можа лічыцца эталонам перпендыкулярнага стылю ў готыцы. Яе незвычайная для ранніх гатычных збудаванняў прамавугольная планіроўка ўзнікла як вынік назапашанага раней тэхнічнага досведу ўзвядзення царкоўных збудаванняў. Высокія сцены капліцы запоўнены шырокімі зашклёнымі плоскасцямі аконных праёмаў, якія злучаюцца з дэталёва прапрацаванымі скульптурамі. Гэта чыста англійская архітэктурная традыцыя, якая не мае аналагаў у еўрапейскім дойлідстве. Размяшчэнне на бакавых сценах вялікіх аконных праёмаў стала магчыма дзякуючы сістэме контрфорсаў, якія апяразваюць будынак. Выразны галоўны фасад напалову запоўнены велізарным акном з вітражамі. Дзве вуглавыя вежы адцяняюць зашклёную плоскасць фасада, нагадваючы вежы англійскіх замкаў, што адпавядае архітэктурным канонам XV стагоддзя.

Веерныя скляпенні

Накіраванасць увысь падкрэсліваецца тонкімі вытанчанымі калонамі, якія падтрымліваюць веерныя перакрыцці скляпенняў. Веернае перакрыцце — яскравая асаблівасць англійскай готыкі, раней такое рашэнне ўжывалася толькі для параўнальна невялікіх памяшканняў. Упершыню яно было ўжыта ў архітэктуры Глостэрскага сабора, але толькі ў Кембрыджы веерная канструкцыя скляпенняў атрымала яскравая і суцэльнае мастацкае ўвасабленне. Асаблівае захапленне выклікае той факт, што веернае скляпенне капліцы створана не традыцыйным спосабам, калі спачатку выкладваюцца нервюры, а потым запаўняецца прастора між імі; а сабраны з разных каменных блокаў немалой масы, якія падымаліся і ўсталёўваліся на галавакружнай вышыні[4].

Вітражы капліцы Каралеўскага каледжа ў Кембрыджы лічацца адным з лепшых твораў XVI стагоддзя. Усходняе фасаднае і дваццаць чатыры бакавых акна зашклёны фламандскімі майстрамі ў 1515—1531 гадах. Толькі вялікае акно ў заходняй сцяне атрымала вітражнае шкленне толькі ў 1879 годзе.

Зноскі

  1. https://www.achurchnearyou.com/
  2. Saltmarsh, John King’s College (у зборніку Victoria County History of Cambridgeshire, Частка III, выд. J.P.C. Roach, 1959).
  3. У прыватнасці, выява капліцы Каралеўскага каледжа прысутнічае на лагатыпе гарадскога савета
  4. Франческа Прина, Елена Демартини. 1000 лет мировой архитектуры/Пер. с англ. — М.: Омега, 2008. — С. 126 - 127. — 432 с. — ISBN 978-5-465-01682-7.