Карагеоргій

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Karađorđe Petrović, by Vladimir Borovikovsky, 1816.jpg

Карагеоргій, Георгій Чорны (сапр. Георгій Петравіч; 14 лістапада 1768, с. Вішавац, Сербія25 ліпеня 1817) — дзеяч сербскага нацыянальна-вызваленчага руху, заснавальнік дынастыі Карагеоргіевічаў.

Удзельнік антытурэцкага паўстання 1787, пасля паражэння якога ўцёк у аўстрыйскія ўладанні; за адмову пайсці з ім забіў бацьку (паводле іншых звестак, айчыма, адсюль мянушка «чорны»). У аўстра-турэцкую вайну 1788—90 узначальваў сербскі добраахвотніцкі атрад, які ваяваў на баку Аўстрыі. На чале атрада гайдукоў далучыўся да Першага сербскага паўстання 1804—13, выбраны яго кіраўніком. У 1808 прызнаны ўрадавым саветам, а ў 1811 і ўсімі паўстанцамі «вярхоўным сербскім правадыром» (фактычна князем). Імкнуўся да цэнтралізацыі дзяржаўнай улады, у знешняй палітыцы арыентаваўся на Расію. Пасля разгрому паўстання ў 1813 уцёк у Аўстрыю, у 1814 — у Бесарабію. У 1817 тайна вярнуўся ў Сербію, дзе забіты паводле загаду Мілаша Абрэнавіча.