Караль Карыцкі
Караль Фларыян КАРЫЦКІ (3 лістапада 1702, маёнт. Дзітрыкі — 10 снежня 1789) — педагог, пісьменнік, царкоўна-палітычны дзеяч. Манах-езуіт, доктар філасофіі (1736).
Нарадзіўся ў шляхецкай сям'і. Сын Аляксандра, брат Міхала Карыцкага. Вучыўся ў езуіцкіх навучальных установах у Вільні, Слуцку, Полацку (1717-23), выкладаў граматыку і паэзію ў Вільні і Варшаве. У 1726-30 вучыўся ў Варшаўскім калегіуме, дзе да 1732 прафесар красамоўства, у 1732-33 выкладаў этыку ў Вільні. Гісторык біскуп Я. Альбертрандзі назваў яго «першым майстрам навук і густу ў езуіцкай літаратуры на Літве». У 1733-36 прафесар педагагічнага семінарыума ў Слуцку, прапаведнік у Радзівілаў. Атрымаў ступень доктара філасофіі ў Віленскай акадэміі, дзе ў 1736-39 прафесар тэалогіі. Узначальваў кафедру філасофіі ў Віленскай акадэміі (1736-1739). У 1739-46 у Варшаве, прапаведнік, прафесар тэалогіі. З 1746 у Рыме — першы сакратар Польскай асістэнцыі езуітаў, якая аб'яднала 4 езуіцкія правінцыі Рэчы Паспалітай. Як кіраўнік Мазавецкай правінцыі ў 1758 пасланы ў ВКЛ для ўрэгулявання памежных і школьных спраў езуітаў. 3 1763 рэктар Нясвіжскага калегіума. У 1765 прызначаны асістэнтам польскім, адначасова намеснік генерала езуітаў па справах Рэчы Паспалітай. Пасля скасавання езуіцкага ордэна (1773) за супрацьдзеянне рымскаму папе зняволены разам з генералам ордэна і іншвмі асістэнтамі ў замку св. Анёла ў Рыме, вызвалены ў 1776. Апошнія гады правёў у Рыме на пенсіёне папы. Падтрымліваў сувязі з езуітамі ў Расійскай імперыі, пераконваў іх у законнасці існавання ордэна. Выступаў супраць падпарадкавання езуітаў біскупу С. Богуш-Сестрашэвічу, за стварэнне іх уласнай адміністрацыйнай арганізацыі. Аўтар панегірыка, шматлікіх казанняў.
Друкаваў на лаціне легенды і панегірыкі.
