Караімы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Храм караімаў (кінаса) у Тракаі
Кінаса ў Вільні

Караі́мы (саманазва карайлар) — народ, які жыве ва Украіне (пераважны ў Рэспубліцы Крым), Літве (Тракай, Вільнюс), Расіі, Польшчы. Іх агульная колькасць у гэтых краінах паводле апошніх перапісаў насельніцтва складае каля 2 тыс. чал.

Былі пашыраны ў Крыме, а з XIV ст. ў ВКЛ. Крымскія караімы з'яўляюцца нашчадкамі цюркскіх плямёнаў, што ўваходзілі ў VIII — X ст. у склад Хазарскага каганата. Частку крымскіх караімаў захапіў у палон Вітаўт і рассяліў па абшарох Вялікага Княства Літоўскага.

Паходжанне караімаў дакладна не высветлена. Першапачаткова караімамі (літар. на іўрыце "якія чытаюць") у 8 ст. ў Багдадзе называлася яўрэйская секта, створаная Ананам бен Давідам. Веравучэнне секты было заснавана на прызнанні адзінай крыніцай веры Бібліі (Стары запавет) і адмаўленні рабінска-талмудысцкай традыцыі. У 9 ст. іх дактрыну распрацаваў Беньямін Нахавендзі, караімскае сектанцтва пашырылася ў Грузіі, Палесціне, Егіпце, Іспаніі і інш. У 12 ст. цэнтр духоўнага жыцця караімаў перамясціўся ў Візантыю, дзе ў 12-16 ст. створаны працы на іўрыце: "Гронка скрыпеню" Іехуды Хадасі (збор багаслоўя караімаў), "Кніга адбору" Ахарона ха-Рофе (каментарый да Бібліі) і інш. У 12 ст. караімы з'явіліся ў Крыме, у 13 ст. ў г. Салхат (сучасны Стары Крым) існавала іх шматлікая абшчына. На думку некаторых даследчыкаў, караімы прыбылі сюды з Візантыі; караімскі ж гісторык 19 ст. Абрам Фірковіч прапанаваў версію, што караімы — нашчадкі старажытных ізраільцян, якія аселі ў Крыме яшчэ ў 6 ст. да н.э. Апошняя версія адвяргаецца сучаснай навукай. Больш верагоднай з'яўляецца думка пра зліццё караімаў-сектантаў з цюркамі-хазарамі, якія вызнавалі іўдаізм і пасля разгрому Хазарскага каганата кіеўскім князем Святаславам (10 ст.) былі выцеснены ў Крым. Тут караімы аформіліся як народнасць з уласнай караімскай мовай, што належыць да кыпчакскай групы цюркскіх моў. Іх галоўным горадам доўгі час была горная крэпасць Чуфут-Кале, караімы называлі яе "Яўрэйская скала" і звязвалі з ёй шмат легенд.

Паводде караімскага падання, у 1392 вялікі князь ВКЛ Вітаўт разбіў крымскіх татараў і захапіў шматлікі палон, у т.л. і караімаў. Палонныя былі паселены ў Троках (сучасны Тракай), Луцку, Галічы, каля Львова; пазней караімы сталі рассяляцца па іншых гарадах Літвы, Валыні, Падолля. Караімская мова падзялілася на 3 дыялекгы: трокскі (паўночны), галіцкі (паўднёвы) і крымскі.

Вялікае Княства Літоўскае станавілася важным культурным цэнтрам караімаў. На караімскую мову была пераведзена літургія. Першы караімскі багаслоў у ВКЛ Іцхак бен Аўрахам Трокі (Трокскі) вядомы як аўтар палемічных антыхрысціянскіх трактатаў "Умацаванне веры", перакладзеных у 1681 на латынь. У сярэднявеччы караімы ўспрымаліся ўладамі і мясцовым насельніцгвам як яўрэі; у 1495 пры выгаанні яўрэяў з ВКЛ караімы таксама падлягалі высяленню, у час войнаў і бунтаў, як і яўрэі падвяргаліся пагромам.

Караімы, малюнак XIX ст.

3 уваходжаннем Крыма і ВКЛ у склад Расійскай імперыі караімы атрымалі шэраг ільгот, якіх не мелі яўрэі: магчымасць набываць зямельную ўласнасць, палёгку ад падаткаў, з 1827-28 — і вызваленне ад воінскай павіннасці. Гэта адбывалася дзякуючы намаганням лідараў караімскіх абшчын (прадпрымальнікаў і землеўласнікаў), якія ў хадайніцтвах да ўрада падкрэслівалі сваё прынцыповае адрозненне ад артадаксальных іўдаістаў. У адрозненне ад яўрэяў Крыма, у асноўным дробных гандляроў і рамеснікаў, караімы былі земляробамі, валодалі тытунёвымі плантацыямі, садамі, салянымі капальнямі. У 1835 караімы дамагліся высялення яўрэяў з Трокаў і змены афіцыйнай назвы супольнасці: замест "яўрэі-караімы" яны сталі называцца "рускія караімы старазапаветнага веравызнання", а пазней — проста караімы У 1837 караімы атрымалі права рэлігійнвага самакіравання: у Таўрычаскай губерні (Крым) выбіраўся галава духавенства — хахам (гахам) з рэзідэнцыяй у Еўпаторыі, яму падначальваліся газаны — кіраўнікі кінас (караімскіх сінагог). Хахам і газаны еўпатарыйскай кінасы складалі Таўрычаскае караімскае духоўнае ўпраўленне, якому ў 1850 былі падначалены і караімы заходніх губерняў. У 1863 караімы поўнасцю ўраўнаваны ў правах з карэнным насельніцтвам Расійскай імперыі. У 1897 агульная колькасць караімаў у Расіі складала 12,9 тыс. чалавек.

У 18-19 ст. вылучыўся шэраг караімскіх багасловаў і гісторыкаў. Сярод апошніх найбольш значнымі былі С. бен М.Луцкі, які ў 1750 пасяліўся ў Чуфут-Кале і выдаў працу "Шлях праведных", дзе выкладзена гісторыя караімаў са спісам усіх караімскіх твораў, і А. Фірковіч (п. у 1874), творы якога былі даволі тэндэнцыйныя. Значны ўклад у распрацоўку гісторыі караімаў зрабіў вядомы расійскі семітолаг А. Гаркаві.

Пасля 1917 частка крымскіх караімаў эмігравала з Расіі ў Польшчу, Францыю, Германію, Турцыю. Колькасць крымскіх і польска-літоўскіх караімаў паменшылася ў выніку асіміляцыі. У 1926 ў СССР (пераважна ў Крыме) пражывала каля 9 тыс. караімаў, а за яго межамі — 5 тыс. Караімы жылі ў Польшчы і Літве, на пачатку 1930-х г. іх невялікія групы былі ў Турцыі (Стамбул), Егіпце (Каір), Іраку.

У 1920-30-я г. цэнтрам культурнага жыцця караімаў была Вільня, дзе выдаваліся часопіс "Mysl Karaimska" ("Караімская думка", 1924), і "Наша думка" (на караімскай мове), літаратурныя творы. Трокскі хахам С. Шапшал сабраў унікальную калекцыю караімскіх старажытнасцей (у 1940 створаны музей караімскай культуры).

У 2-ю сусветную вайну тэарэтыкі германскага расізму не прызналі ў караімах этнічнага сваяцтва з яўрэямі, таму караімы пазбеглі генацыду ў час акупацыі і толькі ў асобных гарадах (напр., Кіеве) падзялілі лёс яўрэяў. Сярод караімаў, якія ў вайну ваявалі ў Чырвонай Арміі, быў генерал Уладзімір Калпакчы.

Пасля вайны караімы ў СССР значна асіміляваліся, іх колькасць скарацілася да некалькіх тысяч чалавек. Паводле перапісу насельніцтва 1989 налічвалася 2,6 тыс. караімаў (з іх 1,4 тыс. у Крыме).

Вядзецца праца па нацыянальна-культурным адраджэнні, развіцці караімскай мовы, якую караімы часткова захавалі да нашага часу. Спецыяльная экспазіцыя па гісторыі і культуры караімаў аформлена ў музеі Тракайскага замка.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Бажэнаў Ю., Басін Я. Караімы // ЭГБ, т.4. - Мн., 1997.
  • Тюркские народы Крыма: Караимы. Крымские татары. Крымчаки — Москва, 2003. — 459 стр. ISBN 5-02-008853-6
Commons