Карл Шпітэлер

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Карл Шпітэлер

Карл-Фрыдрых Георг Шпітэлер[1] (ням.: Carl Friedrich Georg Spitteler) вядомы пад псеўданімам Карл-Фелікс Тандэм (ням. Carl Felix Tandem) (24 красавіка 1845, Лісталь — 29 снежня 1924, Люцэрн) — швейцарскі паэт, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1919) "За непараўнальны эпас "Алімпійская вясна"".

Вывучаў права і тэалогію ва ўніверсітэтах Базеля, Цюрыха, Гайдэльберга. У 1871—79 жыў у Расіі.

Пісаў на нямецкай мове. У эпічнай паэме ў прозе «Праметэй і Эпіметэй» (1880—81) назіраецца перапляценне матываў антычнай міфалогіі і новых касмалагічных ідэй. Абстрактна-алегарычны характар мае зборнік эпічна-фантастычных паэм «Экстрамундан» (1883), пасля якога пісьменнік эвалюцыяніраваў у бок рэалістычна-псіхалагічнага метаду (драмы «Парламенцёр», 1889; «Славалюб», 1892; навелы зборніка «Фрыдлі-скандаліст», 1891; аповесці «Густаў. Ідылія», 1892; «Лейтэнант Конрад», 1898). Паэтычным зборнікам «Матылькі» (1889) і «Балады» (1896) уласцівы памяркоўна-эксперыментальны характар. Галоўныя яго творы — вершаваны эпас «Алімпійская вясна» (1900—05, перапрацаванае выданне 1910), у якім узнята тэма ўзаемаадносін мастака і ўлады, і сімвалісцкі раман «Імага» (1906). Аўтар прац па літаратуразнаўстве, эстэтыцы, перапрацовак народных балад, аўтабіяграфічнай прозы і інш.

Развіваючы класічны стыль і ідэалістычны кірунак у нямецкамоўнай літаратуры, прапанаваў арыгінальны варыянт эпічнага апавядання, які меў у перайначаны варыянтах працяг і ў літаратуры XX стагоддзя. Яго творчасць была адзначана крытыкамі, а таксама Фрыдрыхам Ніцшэ, які рэкамендаваў яго на пасаду рэдактара мюнхенскага часопіса «Кунстварт» («Мастацкі агляд»).

Зноскі

  1. Напісанне імя і прозвішча ў адпаведнасці з БЭ ў 18 тамах. Т.17., Мн., 2003, С.459.