Карная аперацыя «Dreieck»

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

«Dreieck» («Трохвугольнік») — кодавая назва аперацыі нямецкіх акупацыйных улад падчас Другой сусветнай вайны супраць савецкіх партызан і мясцовага цывільнага насельніцтва на тэрыторыі паміж чыгункамі Брэст — Кобрын і Брэст — Маларыта ў верасні — кастрычніку 1942 года. Частка сумесных планаў паліцыі бяспекі і СД генеральных камісарыятаў Валыні, Падоліі, Беларусі і акругі Беласток для «ўціхамірвання» заходніх і паўднёва-заходніх раёнаў Гродзенскай, Баранавіцкай, Брэсцкай і Пінскай абласцей летам — восенню 1942 года.

Аперацыя праводзілася сіламі 3-га батальёна 15-га нямецкага паліцэйскага палка, трох узводаў (жандарскага, бронеаўтамабіляў, супрацьтанкавых гармат), двух паліцэйскіх палкоў, спецыяльнай роты «Нюрнберг». Пасля няўдалай карнай аперацыі «Міхель» у Косаўскім, Бярозаўскім, Ружанскім, Пружанскім раёнах (30 жніўня — 4 верасня) 3-і паліцэйскі батальён 5 верасня пачаў аперацыю «Трохвугольнік». Спалены вёскі Баравая (загублена 58 жыхароў), Забалацце (289 жыхароў) Маларыцкага, Барысаўка (206 жыхароў), Каменка Стралкоўская (152 жыхары), Рэчыца (64 жыхары) Кобрынскага раёнаў. Пасля вайны не аднавіліся спаленыя вёскі Драмлёва (286 жыхароў) Жабінкаўскага і Зялёная Буда (28 жыхароў) Маларыцкага. Карнікі захапілі некалькі тысяч галоў буйнога рагатага быдла, коней, свіней, авечак, шмат сельскагаспадарчых машын, сотні цэнтнераў збожжа. У вёсцы Ляплёўка Брэсцкага раёна расстралялі 54 дзіця з выхавальніцай Дамачоўскага дзіцячага дома. Паводле справаздач 3-га батальёна, з 6 верасня да 24 лістапада 1942 года ў раёне Брэста, Кобрына, Маларыты і Пінска знішчана 44 837 чалавек.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • «Трохвугольнік» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 6: У 2 кн. Кн. 1: Пузыны — Усая / БелЭн; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 521. — ISBN 985-11-0214-8.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (Т. 15).