Карная аперацыя «Erntefest»

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

«Erntefest» (бел.: «Свята ўраджаю») — кодавая назва карнай аперацыі нямецкіх акупацыйных улад супраць партызан і насельніцтва на тэрыторыі Грэскага, Капыльскага, Пухавіцкага, Слуцкага, Уздзенскага раёнаў Мінскай вобласці падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Карная аперацыя праводзілася ў студзені — лютым 1943 года 13-м паліцэйскім палком СС, батальёнам СС Дырлевангера, 11 паліцэйскім і ахоўнымі батальёнамі, трыма камандамі СД. Гітлераўцы спрабавалі акружыць і знішчыць партызанскія фарміраванні. Партызаны ўдалым тактычным манеўрам выйшлі з блакіраваных раёнаў.

Падчас аперацыі карнікі расстралялі 4325 чалавек, вывезлі на прымусовыя работы больш за 1300 чалавек. Былі спалены шмат вёсак, у тым ліку Жавулкі (загублена 512 чал.), Калодзезнае (загублена 196 чал.), Масявічы (загублена 130 чал.), Рулёва (загублена 22 чал.) Капыльскага раёна, Адамава (загублена 190 чалавек), Гондарава, Красная Старонка (загублена 75 чал.), Лазараў бор, Руднаўка Слуцкага раёна. Была захоплена вялікая колькасць буйной рагатай жывёлы, авечак, збожжа, насення і іншых матэрыяльных каштоўнасцей.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Пасэ У. С. «Свята ўраджаю» / У. С. Пасэ // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 273. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0238-5 (Т. 14).
  • Пасэ У. С. «Свята ўраджаю» / У. С. Пасэ // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941-1945: Энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1990. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.