Карпацкая Украіна

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Карпацкая Украіна
укр.: Карпатська Україна

Непрызнаная дзяржава
Flag of Czechoslovakia.svg
15 – 16 (18) сакавіка
1939


Flag of Hungary (1920–1946).svg
Flag of Ukraine.svg Karptska Ukraina COA.svg
Сцяг Карпацкай Украіны Герб Карпацкай Украіны
Гімн
Ще не вмерла Україна
Подкарпатская Русь (1939).svg
Сталіца Хуст
Мова Украінская
Рэлігія праваслаўе, уніяцтва
Валюта Чэхаславацкая каруна
Прэзідэнт
 - 1939 Аўгусцін Валошын

Карпа́цкая Украі́на (укр.: Карпатська Україна) — аўтаномны рэгіён з канца 1938 па 15 сакавіка 1939 года ў складзе Чэхаславакіі, абвешчаны ў якасці незалежнай дзяржавы 15 сакавіка гэтага ж года. Між 15 і 16 сакавіка 1939 года быў анексаваны Венгрыяй, застаючыся пад кантролем краіны да акупацыі Венгрыі Нацысцкай Германіяй.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У складзе Чэхаславакіі[правіць | правіць зыходнік]

Пасля распаду Аўстра-Венгрыі ўкраінцы Закарпацця выступалі за аб'яднанне з іншымі ўкраінскімі тэрыторыямі. 21 студзеня 1919 года ў Хусце сабралося больш за 400 дэпутатаў з усяго Закарпацця і на адпаведных сходах дэпутатаў было аб'яўлена пра аб'яднанне Закарпацця з Украінай. Тым не менш, гэтыя намеры не атрымалі поспеху праз складаную тагачасную палітычную сітуацыю і цяжкі стан УНР у выніку агрэсіі Расіі.

На аснове Сен-Жэрменскай і Трыянонскай дамоў 19191920 гадоў Закарпацце ўвайшло ў склад Чэхаславакіі з правамі аўтаноміі, але рэальны аўтаномны статус урадам краіны не быў забяспечаны. У 1920—30 гадах мясцовыя ўкраінскія нацыянальныя рухі выступалі за наданне аўтаноміі, утварэнне ўкраінскай дзяржаўнасці і ўваходжанне ў яе склад гэтага рэгіёна, для чаго праводзіліся г.зв. Нарадавецкія з'езды.

Аўтаномія[правіць | правіць зыходнік]

Неўзабаве пасля падпісання Мюнхенскага пагаднення, што адбылося 30 верасня 1938 года, Славакія і Карпацкая Русь заявілі пра сваю аўтаномію ад Чэхаславакіі, якую ўрад краіны мусіў быў прыняць. 8 кастрычніка 1938 года быў утвораны першы ўрад аўтаномнага рэгіёна на чале з Андрэем Бродзіем, зацверджаным чэхаславацкім урадам 11 чысла. 26 кастрычніка Бродзій, які намагаўся праводзіць правенгерскую палітыку, быў адхілены са сваёй пасады на карысць Аўгусціна Валошына.

У лістападзе гэтага ж года Карпацкая Русь, да гэтага афіцыйна вядомая як Падкарпацкая Русь, змяніла сваю афіцыйную назву на Карпацкая Украіна. Адбыўся г.зв. Венскі арбітраж, згодна з якім Германія і Італія вымусілі Чэхаславакію перадаць поўдзень Славакіі і паўднёвы захад Венгрыі — тагачаснай саюзніцы краін Восі, а 22 лістапада парламент Чэхаславакіі ўхваліў канстытуцыйны закон пра аўтаномію Карпацкай Украіны, пасля чаго краіна стала федэрацыяй чэхаў, славакаў і карпацкіх украінцаў.

Абвяшчэнне незалежнасці[правіць | правіць зыходнік]

Сепаратысцкія тэндэнцыі сярод чэхаславацкіх славакаў і ўкраінцаў узраслі пасля згоды ўраду Чэхаславакіі на адмаўленне ад Судэцкага края, што адбылося ў адпаведнасці з Мюнхенскім пагадненнем 29 верасня 1938 года.

Напрыканцы верасня 1938 года Венгрыя падтрымала Нацысцкую Германію, мабілізаваўшы каля 200 000—350 000 дрэнна абсталяваных салдат ля межаў Славакіі і Закарпацця, выказваючы гатоўнасць да ўварвання ў Чэхаславакію ў выпадку чэхаславацка-нямецкай вайны. Стан тагачаснай венгерскай арміі быў ніжэйшым у параўнанні з станам арміі Чэхаславакіі, але пры падтрымцы Германіі Венгрыя дэзынфарміравала іншыя краіны, павялічваючы на словах якасць падрыхтоўкі ўласных узброеных СМІ. Чэхаславацкае камандаванне прыняло рашэнне пра ажыццяўленне абарончых дзеянняў: так, напрыклад, уздоўж мяжы за выняткам мясцін, дзе існавалі натуральныя перашкоды, было адбудавана каля 2000 бетонных агнявых кропак.

На фоне аўтанамісцкіх і сепаратысцкіх тэндэнцый у рэгіёнах 11 кастрычніка 1938 года Падкарпацкай Русі было дазволена аднаўленне самакіравання[1].

Венгерскі міністр унутраных спраў Міклаш Козма, народжаны ў Закарпаці, у сярэдзіне 1938 года ўхваліў узбраенне г.зв. Ірванай Гвардыі (Rongyos Garda), мэтай якой стала пранікненне на тэрыторыі Славакіі і Закарпацця і партызанская дзейнасць у гэтых рэгіёнах. З пункту гледжання нямецкіх і італьянскіх саюзнікаў падобныя меры сталі заўчаснымі, таму абедзве краіны аказвалі ціск на Венгрыю і Чэхаславакію ў пытанні зацвярджэння Венскага арбітражу. 2 лістапада 1938 года гэта знайшло адлюстраванне ў абавязку чэхаславацкаму ўраду перадаць Венгрыі 11 833 км² уласнай тэрыторыі за рахунак поўдня Славакіі і паўднёвага захаду Закарпацця. У выніку гэтага ў складзе Венгрыі апынулася прыкладна 590 000 венграў, але пры гэтым у склад дзяржавы трапіла каля 290 000 славакаў і 37 000 украінцаў; Славакія мусіла перадаць другі горад краіны — Кошыцы, і пакінуць сталіцу Браціславу, якая праз перасоўванне мяжы на поўнач стала патэнцыйна ўразлівай з боку Венгрыі. У выніку гэтага чэхаславацкая армія страціла ўмацаванні і іншую ваенную інфраструктуру на мяжы з Венгрыяй.

12 лютага 1939 года адбыліся выбары ў Сойм Карпацкай Украіны, паводле вынікаў выбараў 92,4% галасоў выбарцаў атрымала Украінскае Нацыянальнае Аб'яднанне.

Тым не менш, Венскі арбітраж не пакінуў ніводны бок задаволеным, з-за чаго ў перыяд між 2 лістапада 1938 і 12 студзеня 1939 года на чэхаславацка-венгерскай мяжы адбылося 22 памежных сутыкненні, у якіх бралі ўдзел, у тым ліку, славацкія апалчэнні Глінкавай гвардыі. У той час неэфектыўнасць дзеянняў чэхаславакаў падштурхоўвала ўкраінскі і славацкі нацыяналізм: пад уплывам славацкіх арганізацый назва краіны была зменена на «Чэха-Славакія», Карпацкая Украіна, як і Славакія, атрымалі статус аўтаноміі. Славацкія арганізацыі ажыццяўлялі маршы і дэманстрацыі на падтрымку незалежнасці ад Чэхаславакіі. У заходніх краінах з'яўляліся падазрэнні па далучэнні Закарпацця да СССР, што, аднак, 10 сакавіка абвергнуў Сталін.

13 сакавіка гэтага ж года славацкія лідары Іозеф Ціса і Фердынанд Дзюрчанскі сустрэліся ў Берліне з Адольфам Гітлерам і іншымі вышэйшымі фігурамі Германіі. Гітлер даў зразумець, што ў выпадку неабвяшчэння незалежнасці Славакіі нямецкае камандаванне дазволіць венграм, якія нібыла сканцэнтраваліся на мяжы з Славакіяй, заняць іншыя часткі краіны. Насамрэч венгры ў значнай ступені засяроджваліся на мяжы Венгрыі з Закарпаццем. 14 сакавіка славацкія незалежніцкія арганізацыі абвясцілі незалежнасць Славакіі, а Гітлер, спаслаўшыся на нібыта пагрозу для этнічных немцаў у сувязі з беспарадкамі ў Чэхаславакіі, аддаў загад аб уваходжанні нямецкай арміі ў Багемію і Маравію, практычна не сустракаючы супраціву. Неўзабаве, 15 сакавіка 1939 года пра сваю незалежнасць абвясціла Карпацкая Украіна, лідарам якой стаў Аўгусцін Валошын.

Атрыбуты дзяржаўнасці[правіць | правіць зыходнік]

15 сакавіка 1939 года ў Карпацкай Украіне быў прыняты «Першы Канстытуцыйны Закон Карпацкай Украіны», які вызначыў незалежны характар дзяржавы і яе рэспубліканскую форму кіравання (узначальвалася прэзідэнтам, які абіраўся скліканым соймам), пытанні моўнай палітыкі (дзяржаўны статус быў нададзены ўкраінскай мове), сімволікі (прыняты сіне-жоўты ўкраінскі нацыянальны сцяг у якасці дзяржаўнага, былы герб Закарпацця ў якасці гербу і нацыянальны ўкраінскі гімн «Ще не вмерла України»). Акт мусіў набыць моц ад часу яго апублікавання.

Дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Для абароны незалежнасці і барацьбы з венгерскімі і польскімі фарміраваннямі была створана арганізацыя абароны «Карпатська Січ», утварэнню якой спрыяла Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў. Праблемы з боку венграў і палякаў спрычыніліся да некалькіх спробаў закрыцця межаў з Венгрыяй і Польшчай; дасылаліся ноты пратэсту ўрадам дзяржаў, якія, аднак, ігнараваліся[2]. Ажыццяўляліся праца прамысловасці, транспарту, гандлю; украінізацыя адукацыі, выдавецтва і справаводства. У краіне адкрываліся новыя навучальныя ўстановы, дзейнічалі мясцовыя і эміграцыйныя ўкраінскія пісьменнікі, адбываліся тэатральныя пастановы і кіназдымкі.

Венгерскае ўварванне[правіць | правіць зыходнік]

Пасля абвяшчэння незалежнасці Аўгусцін Валошын звярнуўся з асабістай тэлеграмай па Гітлера з просьбаю пра прызнанне незалежнасці Карпацкай Украіны і абарону яе Германіяй у мэтах прадухілення ўключэння ў склад Венгрыі. Уранку нямецкі консул у Хусце адмовіў дзеячам Карпацкай Украіны ў прызнанні і параіў не супраціўляцца дзеянням венгерскай арміі. У сваю чаргу, Польшча прэтэндавала на поўнач Закарпацця і дасылала ў рэгіён дыверсійныя групы.

Абвяшчэнне незалежнасці Карпацкай Украіны дала венгерскаму ўраду пачаць патрабаваць ад Чэхіі вывад войскаў і чыноўнікаў з Закарпацця. Урад Чэхіі не адказаў на падобныя заклікі, але загадаў уласным войскам атакаваць 14 сакавіка 1939 года горад Мукачава, які ўваходзіў у лік тэрыторый, перададзеных Венгрыі годам раней.

Венгерскія падраздзяленні ўключалі адзін пяхотны полк, два кавалерыйскія палкі, тры пяхотныя батальёны, адзін матарызаваны батальён, два батальёны памежнай аховы, адзін артылерыйскі батальён і два бронецягнікі. Гэтыя сілы з паветра падтрымліваліся знішчальнікамі Fiat CR.32 у разліку на адзін полк. Пасля напору чэшскіх сіл на Мукачава венгры здолелі адбіць атаку і, у сваю чаргу, прасунуліся крыху далей, узяўшы адно з сучасных прадмесцяў гораду. З іншага боку, Аўгусцін Валошын аддаў загад па ўзбраенні Карпацкай Сечы, якая пасля сутыкненняў з чэшскімі сіламі генерала Перхалы (якія намагаліся раззброіць карпацкія атрады), здолела ўзяць пад свой кантроль амаль усю тэрыторыю дзяржавы (за выключэннем некаторых сёлаў, ужо ўзятых пад кантроль Венгрыяй).

На наступны дзень венгерская рэгулярная армія ўварвалася ў Карпацкую Украіну і да вечару дасягнула Свалявы, Карпацкая Сеч у хуткім часе была разбітая. Былі прэцэдэнты супраціву ля вёскі Краснае Поле, а таксама баі на лініі Ужгарад-Мукачава-Берагава-Сеўлюш.

У сваю чаргу, чэшскі супраціўленне таксама апынуўся слаба арганізаваным. Іншую ролю ў перамозе венграў адыгралі чэхаславацкія ўмацаванні, якія пасля Венскага арбітражу апынуліся на тэрыторыі Венгрыі. 16 сакавіка 1939 года адбылося фармальнае ўключэнне Карпацкай Украіны ў склад Венгрыі, прэм'ер-міністр Карпацкай Украіны Юліян Рэвай не супраціўляўся дзеянням Венгрыі. 17 сакавіка апошнія чэшскія атрады пакінулі Хуст — абвешчаную сталіцу Карпацкай Украіны — і адышлі ў Румынію, разам з імі сышоў прэзідэнт краіны Аўгусцін Валошын. Праз паўтара месяца паўнаважныя прадстаўнікі Карпацкай Украіны пакінулі яе тэрыторыю, да 30 красавіка дзейнічала Украінская эвакуацыйная камісія, якой кіраваў Уладзімір Бірчак[3].

17 сакавіка венгерская армія, працягваючы свой наступ, дасягнула паўночных межаў Закарпацця і выйшла да мяжы з Польшчай. З суседняй Галічыны прыбылі добраахвотнікі, але яны былі захоплены венгерскай арміяй і перададзеныя Польшчы. Супраціўленне на тэрыторыі Карпацкай Украіны быў прыціснуты 18 сакавіка, аднак асобныя баі цягнуліся да канца мая 1939 года. Пры баях з венгерскай арміяй паводле розных ацэнак загінула ад 2000 да 6 500 асоб.

Кампанія па ўварванні ў асноўным атрымала поспех, але, акрамя гэтага, паказала адсутнасць падрыхтоўкі венгерскай арміі да поўнамаштабнай вайны. Узнаўленне межаў Венгрыі ўзору Каралеўства Венгрыя (у якое ўваходзіла ўсё Закарпацце) у некаторай ступені паспрыяла падвышэнню нацыяналістычных настрояў сярод салдат і грамадзянскага насельніцтва.

Наступствы[правіць | правіць зыходнік]

У 1944 годзе Венгрыя была акупавана Германіяй у выніку адмовы тагачаснага венгерскага кіраўніцтва ад нямецкай палітыкі. На тэрыторыі Закарпацця адразу была ажыццёўлена палітыка Халакосту. Увосень 1944 года савецкая армія перасякла мяжу Закарпацця і СССР — мяжу Чэхаславакіі на паўночным усходзе ўзору 1938 года.

Хуст быў наведаны дэлегацыяй чэхаславацкага ўрада ў выгнанні на чале з Францішкам Немецам з мэтай усталявання ранейшай чэхаславацкай адміністрацыі ў адпаведнасці з ранейшымі савецка-чэхаславацкімі пагадненнямі. Тым не менш, праз некалькі тыдняў Чырвоная Армія і органы НКУС сталі перашкаджаць працы чэхаславацкіх чыноўнікаў, праз некаторы час быў створаны «Народны камітэт Закарпацкай Украіны», кіраўніком якога стаў былы чэхаславацкі салдат Іван Тураніца. 26 лістапада 1944 года камітэт абвясціў аддзяленне ад Чэхаславакіі і далучэнне да УССР. 1 лютага 1945 года чэхаславацкая ўрадавая дэлегацыя была вымушана пакінуць рэгіён.

29 чэрвеня гэтага ж года Чэхаславакія афіцыйны саступіла Закарпацце на карысць СССР. У 1946 годзе ў складзе УССР была зацверджана Закарпацкая вобласць, якая дагэтуль захоўвае сваю назву і адміністрацыйныя межы ў складзе незалежнай Украіны.

Дзяржаўны лад[правіць | правіць зыходнік]

12 лютага 1939 года паводле чэхаславацкага канстытуцыйнага акту ад 22 лістапада 1938 года быў створаны Сойм Карпацкай Украіны. Ён меў 32 членаў, 3 мандаты былі зарэзерваваны за прадстаўнікамі нацыянальных меншасцей. Сойм здолеў правесці толькі адну сэсію, якая адбылася 15 сакавіка 1939 года ў Хусце. На гэтым паседжанні Сойм абвясціў незалежнасць рэгіёна і ўстанавіў канстытуцыю, абраў прэзідэнта і ўрад. Старшынёй Сойму стаў Аўгусцін Штэфан, яго намеснікамі — Фёдар Рэвай і Сцяпан Расоха.

Прэзідыум Сойму эміграваў з краіны па ўварванні ў Закарпацце венгерскіх войскаў.

Зноскі

  1. Orest Subtelny. Ukraine: A History, 4th Edition — University of Toronto Press, 2009. — 888 с. — ISBN 978-1-4426-4016-0.
  2. Могаричев. К. До питання про ўчасть польських бойових груп на території Карпатської України у 1938-1939 / від.ред Ю.Зінько — Україна і Польща: історичне сусідство: матеріали міжнародної наукової конференції 17-18 травня 2012 р. — Вінниця: Нілан: Вінницький державний педагогічний університет ім.. М. Коцюбинського, 2012. — С. 479-485.
  3. Михайло Галущак. Роман Офіцинський: «З Карпатської України для нас почалася Друга світова» // Гістарычная праўда, выд. Украінская Праўда. — 2013.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Axworthy, Mark W.A. Axis Slovakia — Hitler's Slavic Wedge, 1938-1945, Bayside, N.Y. : Axis Europa Books, 2002, ISBN 1-891227-41-6
  • Niehorster, Dr. Leo W.G. The Royal Hungarian Army 1920-1945 Volume 1, New York : Axis Europa Books, 1998, ISBN 1-891227-19-X
  • Ganzer, Christian. Die Karpato-Ukraine 1938/39: Spielball im internationalen Interessenkonflikt am Vorabend des Zweiten Weltkrieges. Hamburg 2001 (Die Ostreihe - Neue Folge, Heft 12).
  • Kotowski, Albert S. „Ukrainisches Piemont“? Die Karpartenukraine am Vorabend des Zweiten Weltkrieges, in Jahrbücher für Geschichte Osteuropas 49 (2001), Heft 1. S. 67-95.
  • Magosci, Paul R. The Shaping of a National Identity: Subcarpathian Rus’, 1848-1948, Harvard University Press 1978. ISBN 0-674-80579-8
  • Shandor, Vincent. Carpatho-Ukraine in the Twentieth Century: A Political and Legal History, Cambridge, Mass.: Harvard University Press for the Harvard Ukrainian Research Institute, 1997. ISBN 0-916458-86-5
  • Winch, Michael. Republic for a day: An eye-witness account of the Carpatho-Ukraine incident, London 1939.
  • Уряди України у ХХ ст. К.: Наукова думка. 2001. 608 с.
  • Вегеш Микола. Августин Волошин і Карпатська Україна. -Львів ЗУКЦ, 2004. — 414с. ISBN 966-8445-06-6
  • Вегеш М. Карпатська Україна. Документи і факти. — Ужгород: Карпати, 2004. — 432 с. ISBN 966-671-070-6
  • Бойко О. Д. Історія України: Навч. посіб. 3-тє вид., доп. — К.: Академвидав, 2007. — 683 с.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]