Каспійскае мора
| Каспійскае мора руск.: Каспийское море |
|
| Каспійскае мора - выгляд з космасу | |
| Каардынаты 40°0′ пн.ш. 51°0′ у.д. | |
| Упадаюць | Волга, Урал |
| Выцякаюць | замкнёны вадаём |
| Краіны | Расія, Казахстан, Туркменістан, Іран, Азербайджан |
| Плошча | 378 тыс. км² |
| Вышыня | -28 м |
| Глыбіня | 1026 м |
| Вадазбор | 3626 тыс. км² |
| Каспійскае мора з часткай вадазбору (жоўты колер) | |
КАСПІЙСКАЕ МОРА, буйнейшы ў свеце замкнёны вадаём на мяжы Еўропы і Азіі. Плошча каля 378 тыс. км². Максімальная глыбіня 1026 м. Узровень вады нестабільны, у цяперашні час прыкладна 28 м ніжэй за ўзровень Сусветнага акіяна. Абмывае берагі Расіі, Казахстана, Туркменістана, Азербайджана і Ірана.
Пераважаюць глыбіні 180—200 м. Паводле характару рэльефу і асаблівасцей гідралагічнага рэжыму Каспійскае мора падзяляецца на паўночную, сярэднюю і паўднёвую часткі. Паўночны Каспій мелкаводны (глыбіня да 25 м), займае 24,3% плошчы мора і 0,5% аб'ёму. Рэльеф дна — хвалістая акумулятыўная раўніна. У межах Сярэдняга Каспія (36,4% плошчы мора, 33,9% аб'ёму, сярэдняя глыбіня 192 м) вылучаецца Дэрбенцкая ўпадзіна (глыб. да 788 м), шэльф і мацерыковы схіл. Паўднёвы Каспій самы глыбакаводны (да 1025 м, Паўднёва-Каспійская ўпадзіна), займае 39,3% плошчы мора і 65,5% аб'ёму. Дно ўпадзіны — плоская абісальная раўніна, у паўночнай частцы некалькі хрыбтоў.
Даўжыня берагавой лініі Каспійскага мора каля 7 тыс. км. Паўночныя берагі нізінныя, заходнія і паўднёвыя месцамі гарыстыя, да іх падыходзяць адгор'і Каўказа і Эльбурса, усходнія — узвышаныя. Берагавая лінія пераважна мала расчлянёная. Буйныя залівы: Кізлярскі, Мангашлакскі, Казахскі, Краснаводскі, Кара-Багаз-Гол (у 1980 аддзелены глухой дамбай, у 1984 пабудавана водапрапускное збудаванне). Каля 50 тыс. астравоў і некалькі соцень гразевых вулканаў. Найбольшыя астравы: Цюленевы, Чэчэнь, Арцёма, Агурчынскі і інш.
У Каспійскае мора ўпадае рака Волга, а таксама рэкі Урал, Церак і інш. Рачны сцёк дае каля 80% прыбаўлення вады, 18,6% — атмасферныя ападкі, 0,4% — падземны сцёк. 3 1929 па 1977 адзначалася зніжэнне ўзроўню вады з -25,9 м да -29 м (самая нізкая адзнака за 400 гадоў), з 1978 пачаўся пад'ём.
Вядзецца прамысловая здабыча нафты і глаўберавай солі.
[правіць] Літаратура
- Матузка А. Каспійскае мора // БелЭн у 18 т. Т. 8. Мн., 1999.
- Касымов А. Каспийское море. Л., 1987.
- Клиге Р. Каспийское море: проблемы и прогнозы // Земля и Вселенная. 1992. № 2.