Кастра

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Канапельная кастра

Кастра́, або кастры́ца — адраўнелыя часткі сцёблаў валакністых раслін (льна, канопель, кенафа і інш.), адкіданыя пры іх першаснай апрацоўцы (мякчэнні, трапанні або дэкартыкацыі).

На кастру прыпадае 65-70 % масы лубянага сцябла, складаецца яна ў асноўным з цэлюлозы (45-58 %), лігніна (21-29 %) і пентазанаў (23-26 %).

З кастры вырабляюць будаўнічыя і цеплаізаляцыйныя пліты (напр. кастрабетон), паперу, паліва (напр. кастрабрыкет), канапляную сечку і інш.

Таксама кастра добры субстрат для вырошчвання шампіньёнаў. А кампаставаную ўжываюць і для вырошчвання гародніны ў закрытым грунце. З кастры вылучаюць адсарбенты, якія эфектыўна выводзяць з арганізма таксічныя рэчывы.

Для вырабу кастрабетона па ўласцівасцях каноплі пераважаюць лён. Добрыя трываласныя паказчыкі кастрабетона на партландцэменце з канаплянай кастрой тлумачацца ўжываннем на пяньказаводах для здабывання лубяных валокнаў з канопляў працяглай гідратэрмальнай апрацоўкі (на працягу 20-30 сутак вымочваюць, потым сушаць), што значна зніжае змяшчэнне ў іх лёгкагідралізаваных рэчываў, якія тармозяць цвярдзенне партландцэмента.

Ад кастры паходзіць найменне месяца кастрычнік (сезона апрацоўкі прадзільных раслін) у беларускай, а таксама літоўскай (spalis — кастра) і польскай (październik, ад paździerze — кастра) мовах.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]