Касцёл Маці Божай Ружанцовай (Пескі)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Каталіцкі храм
Касцёл Маці Божай Ружанцовай
53°21′21″ пн. ш. 24°37′25″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Аграгарадок Пескі
Канфесія Каталіцызм
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Дэканат Мастоўскі
Архітэктурны стыль неаготыка
Архітэктар В. Даніеў
Будаўніцтва 19001918 гады
Стан дзейнічае
Праблемы з <mapframe>:
  • Атрыбут «latitude» мае няслушнае значэнне
  • Атрыбут «longitude» мае няслушнае значэнне
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Касцёл Маці Божай Ружанцовай — рымска-каталіцкі храм, помнік архітэктуры неаготыкі ў в. Пескі (Мастоўскі раён) на Беларусі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Вёска Пяскі вядома з XVII ст. як уладанне Сапегаў, пры якіх у 1682 (або ў 1782 годзе) і быў пабудаваны касцёл. Апошні драўляны касцёл быў пабудаваны тут у 1857 (або ў 1877 годзе) графам Вацлавам Красіцкім і асвечаны пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі.

У 1900—1914 гадах над мястэчкам на месцы збудаванага раней узняўся новы, ужо мураваны касцёл, пабудаваны з бутавага каменю і цэглы ў неагатычным стылі паводле праекта інжынера Даніева. Будаўніцтва вялося на сродкі парафіян. Святыня набыла новы тытул — Маці Божай Ружанцовай. Пры гэтым пад касцёл аддалі новую пляцоўку, метраў на 80 паўднёвей старой, бліжэй да цэнтра мястэчка. На старой пляцоўцы дагэтуль знаходзіцца пустка, абсаджаная дрэвамі.

Перад Другой сусветнай вайной колькасць парафіян у пяскоўскай парафіі дасягала 1500 чалавек.

У 1945 г. касцёл быў зачынены, затым прыстасаваны пад збожжасховішча. Вярнулі святыню ў 1989 годзе. Рэстаўрацыя касцёла была праведзена ў 1991—1997 гады. Перад касцёлам усталявалі высокі драўляны крыж з адзнакамі місій рэдэмптарыстаў (1999) і францысканцаў (2000).

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Бакавы фасад

Касцёл — аднавежавы, трохнефны храм базілікальнага тыпу з трансептам і пяціграннай апсідай, фланкаванай дзвюма невялікімі сакрысціямі і трансептам, тарцы якога завершаны зубчатымі «рыцарскімі» франтонамі і востраканечнымі пінаклямі. У сілуэце пабудовы дамінуе трох’ярусная званіца (верхні ярус у сячэнні васьмігранны), завершаная высокім шатровым купалам (там знаходзіцца звон 1780 года). Асноўны аб’ём аддзелены трансептам ад алтарнай групы. Прэсбітэрый аддзелены ад трансепту стральчатай аркай. Стрыманыя і выразныя па пластыцы фасады трансепту ствараюць кампазіцыйны акцэнт на бакавых фасадах касцёлу, якія падзеленыя пілястрамі (блізкія па форме да контрфорсаў). Шчыты трансептаў завершаныя зубчастымі аттыкамі і фланкіраваныя пінаклямі.

Сцены па перыметры ўмацаваны плоскімі контрфорсамі. Галоўны ўваход пазначаны рызалітам.

Інтэр’ер[правіць | правіць зыходнік]

Інтэр’ер
Кропельніца

Інтэр’ер касцёла, падзелены на тры навы трыма парамі слупоў, перакрыты сістэмай зорчатых скляпенняў на папружных спічастых арках. У святыні знаходзяцца тры разьбяныя неагатычныя алтары, створаныя ў 1993 годзе мастаком Ф. Стрыецкім на сродкі сям’і Пякарскіх з Таронта і Лондана ў памяць сям’і Сухоцкіх. Галоўны алтар — гэта тытульны алтар Маці Божай Ружанцовай, левы бакавы алтар прысвечаны Св. Максімільяну Кольбэ, а правы — Найсвяцейшаму Сэрцу Пана Езуса. Арганныя хоры зроблены ў выглядзе балкона.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мінск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
  • Харэўскі, С. В. Культавае дойлідства Заходняй Беларусі 1915—1940 гг. — Вільня: ЕГУ, 2008. ISBN 978-9955-77-13-9. с. 25-26.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]