Каталіцтва ў Беларусі

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Каталіцызм у Беларусі)
Перайсці да: рух, знайсці

Сёння ў Беларусі каталіцтва з'яўляецца другой па колькасці вернікаў канфесіяй у краіне. У Беларусі існуе 1 рымска-каталіцкая мітраполія, 4 дыяцэзіі, 364 парафіі. Святарства прадстаўленае 6 біскупамі, 450 святарамі. Агульная колькасць каталікоў лацінскага абраду — 1,4 млн[1], візантыйскага — каля 3 тыс., што складае 15% насельніцтва краіны.

Ранняе Сярэднявечча[правіць | правіць зыходнік]

Першае пранікненне хрысціянства даследчыкі звязваюць са з'яўленнем варагаў, якія ўсталявалі гандлёвы «шлях з варагаў у грэкі». Верагодна, напрыканцы ІХ стагоддзя адкрыўся яшчэ адзін шлях для пранікнення хрысціянства на Беларусь — з Вялікае Маравіі. У 992 годзе яно было ўведзена на беларускіх землях у яго ўсходняй форме яшчэ да афіцыйнага падзелу на праваслаўе і каталіцтва. Заходнехрысціянскія ўплывы пранікалі на тэрыторыю Беларусі праз місіянераў, гандлёвыя і эканамічныя стасункі з заходнееўрапейскімі краінамі.

«Крыстнісага» (Сага пра хрышчэнне), падзеі якой адносяцца да часу каля 1000, паведамляе пра падарожжа ў Іерусалім і Канстанцінопаль Торвальда, які абвяшчаў хрысціянства ў Ісландыі. На зваротным шляху Торвальд апынуўся ў Полацкіх землях, дзе неўзабаве памёр і быў пахаваны (пры храме Святога Яна ў Полацку). У іншай скандынаўскай сазе распавядаецца пра тое, што Торвальд заснаваў пры храме манастыр і памёр у ім.

Смерць святога Бруна Кверфурцкага

На захадзе Беларусі хрысціянства абвяшчаў Бруна Кверфурцкі, забіты ў 1009 паганцамі «на мяжы Літвы і Русі». Амаль адначасова з гэтым каля 10101013 у Тураў прыбыла місія калобжэгскага біскупа Рэйнберна, запрошанага мясцовым князем Святаполкам, жанатым з дачкой польскага караля Баляслава. Дыпламатычную падтрымку ў Папы Рыгора VII шукаў зрынуты ў 1068 вялікі князь кіеўскі і князь тураўскі Ізяслаў Яраславіч, а яго сын Яраполк 17 красавіка 1075 атрымаў з Рыгора VII булу на вялікае княжанне ў Кіеве (падзеі 1075 адлюстраваныя ў мініяцюрах Трырскага псалтыру).

Узаемнае адасабленне Рымскай і Канстанцінопальскай Царквы ў ХІХII стст. істотна не адбілася на беларускіх землях. Гэтак, калі ксёндз Мейнард, які прыбыў з Брэменскай дыяцэзіі, у 1186 папрасіў дазволу на абвяшчэнне хрысціянства сярод ліваў ў полацкага князя Уладзіміра, той не толькі даў дазвол, але і адарыў Мейнарда шматлікімі падарункамі.

Заснаваная напачатку ХIII ст. Рыжская дыяцэзія аказвала моцны ўплыў на рэлігійныя адносіны ў рэгіёне. У 12401260-я (ці нават яшчэ раней) у полацкіх уладаннях ужо існавалі дзве дыяцэзіі, падначаленыя мітраполічай з 1255 кафедры ў Рызе: Рускай біскупства ў Полацку і Селонскай — у залежнай з Полацку Селонскай зямлі.

Вялікае Княства Літоўскай[правіць | правіць зыходнік]

У 1250-я адбылося першае прызначэнне рымска-каталіцкага біскупа для беларускіх земляў, калі вялікі князь Міндоўг прыняў хрышчэнне паводле каталіцкага абраду і каралеўскую карону. Разам з ім хрысціліся яго жонка Марта і 600 падданых. Новастворанаму каралеўству надаваўся прывілей на падначаленне біскупства непасрэдна Папе. Межы бікупства адпавядалі дзяржаўным межам ВКЛ, біскупамі ж былі прызначаныя Віт і Хрысціян. Пры Міндоўгу былі створаны і іншыя біскупскія кафедры, быў заснаваны шэраг касцёлаў, распачалі дзейнасць законы дамініканцаў і францысканцаў. Але напачатку 1260-х дыяцэзія спыніла сваё існаванне, а біскуп Хрысціян з'ехаў у Германію. Да 1387 ВКЛ не мела тэрытарыяльнай арганізацыі Рымска-каталіцкага касцёла.

У 1320-я нямецкія дамініканцы і францысканцы мелі ў Вільні і Навагрудку па адным кляштары. Каталіцкія манахі былі пры дварах вялікіх князёў Віценя і Гедзіміна. У 1360-я каталіцтва прыняў сын вялікага князя Кейстута Таўцівіл.

Трывала Каталіцкая Царква замацавалася ў ВКЛ за вялікім князем Ягайлам. У 1386, згодна з дамовай з Польшчай, ён хрысціўся паводле каталіцкага абраду і прыняў імя Уладзіслаў, стаўшы такім чынам каралём Польшчы. Апроч таго ў каталіцтва былі ахрышчаны язычнікі, было заснавана 7 парафій (у тым ліку ў Вільні, Абольцах, Гайне, Крэве). У 1387 была заснавана Віленская дыяцэзія, якая ў 1388 была зацверджана Папам. Тэрыторыя біскупства ахоплівала балцкія і большую частку беларускіх земляў, апроч паўднёва-заходніх з Брэстам і Пінскам, што ўваходзілі ў склад Уладзімірскай дыяцэзіі з цэнтрам ва Уладзіміры-Валынскім. У 1-й чвэрці XV стагоддзе Віленскае і Жамойцкае біскупствы (утворанае ў 1417) былі падпарадкаваны гнезненскаму архібіскупу ў Польшчы, а Уладзімірскай біскупства ў 1425 аб'ядналася з Луцкім. з 1613 на ўсходніх землях існавала Смаленскай біскупства (кананічна ў 16361798). Да 1430 узнікла яшчэ 20 парафій, у 1772 у Віленскай дыяцэзіі іх было 429, філіяльных касцёлаў і публічных капліцаў — 192. Галоўным патронам Віленскага біскупства быў абвешчаны святы княжыч Казімір.

Напрыканцы XVXVI Каталіцкая Царква на тэрыторыі Беларусі перажывала крызіс і часткова страціла свае пазіцыі ў перыяд Рэфармацыі. Для пераадолення крызісу была праведзена царкоўная рэформа, што зарадзілася ў манаскім асяроддзі, была падтрыманая Ватыканам і санкцыянаваная Трыдэнцкім саборам. Галоўная ўвага аддавалася павышэнню адукацыі святарства і дысцыпліны. У парафіях з ксяндзоў патрабавалася весці метрычныя кнігі, здзяйсняць пілігрымкі, ствараць каталіцкія брацтвы, шпіталі, пачатковыя школы, бібліятэкі. У 1596 была заключана Берасцейская унія. На беларускіх землях галоўную ролю ў пашырэнні каталіцтва адыгралі манаскія ордэны. Ордэнскае святарства перавышала дыяцэзіяльнае, прадстаўляла ўсе групы манаскіх арганізацый. У 1772 на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі кляштары 27 ордэнаў (19 мужчынскіх і 8 жаночых), найбольш манахаў было ў жабрацкіх ордэнах (аўгусціны, цыстэрцыяны, дамініканцы, кармеліты, францысканцы). У XVI-XVIII стст. з'явіліся новыя ордэны: баніфраты, езуіты, марыяне, місіянеры, піяры, трынітарыі і іншыя. Большасць кляштараў знаходзілася ў гарадох. Дзейнічала каля 150 уніяцкіх базылянскіх манастыроў і каля 160 каталіцкіх. Значным манаскім асяродкам была Вільня, якая ў 1772 займала 1-е месца ў Рэчы Паспалітай паводле колькасці ордэнскага святарства (774 чалавекі) і 3-е паводле колькасці кляштараў (22). Напрыканцы XVIII ст. каля 80% насельніцтва Беларусі былі ўніятамі і каля 15% — каталікамі.

Дзейнасць Каталіцкай Царквы на тэрыторыі Беларусі прыносіла заходнееўрапейскі ўплыў і пакінула прыкметны след у яе гісторыі і культуры, спрыяла развіццю навучальных устаноў і кнігадрукавання, фарміраванню навуковых кадраў, у галіне мастацтва прынесла культуру барока, культывавала традыцыі школьных тэатраў, грыгарыянскіх спеваў, вакальна-інструментальнай музыкі. З манаскага асяроддзя паходзілі навукоўцы і дзеячы культуры: Францішак Багамолец, Ян Хрызастом Багамолец, Бенедыкт Дабшэвіч, Альберт Каяловіч, Зігмунт Лаўксьмін, Казімір Нарбут, Францішак Міліконт Нарвойш, Марцін Пачобут-Адляніцкі, Мацей Сарбеўскі, Геранім Страйноўскі, Станіслаў Шадурскі, Станіслаў Баніфацый Юндзіл і іншыя.

Расійская імперыя[правіць | правіць зыходнік]

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 да Расійскай імперыі адышла тэрыторыя, на якой жыло каля 100 тысяч рыма-каталікоў. 22 лістапада 1773 расійская імператрыца Кацярына II без узгаднення з Рымам стварыла Беларускую дыяцэзію з цэнтрам у Магілёве, паставіўшы на чале яе біскупа Станіслава Богуша-Сестранцэвіча. Гэтай дыяцэзіі былі падначаленыя ўсе парафіі Расійскай імперыі. У выніку доўгачасовых перамоў ізь Святым Стальцам замест Беларускай дыяцэзіі 17 студзеня 1783 была ўтворана Магілёўская архідыяцэзія (зацверджана булай Папы Пія VI з 15 красавіка 1783).

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 17951798 замест скасаванай Віленскай дыяцэзіі дзейнічала Інфлянцкая дыяцэзія з цэнтрам у Вільні, у 1798 Віленская дыяцэзія была адноўлена, у яе юрысдыкцыю ўваходзілі заходнія беларускія землі. У 17951798 рабілася спроба стварэння Пінскай дыяцэзіі (скасавана папскім нунцыем Л.Літам як некананічна ўтворана). У 1798 была створаная Мінская архідыяцэзія. У агуле на 1798 у Расійскай імперыі было 6 рымска-каталіцкіх дыяцэзій, з іх 3 (Віленская, Магілёўская, Мінская) ахоплівалі тэрыторыю Беларусі.

26 лютага 1797 для кіравання Рымска-Каталіцкай Царквой створаны дэпартамент для каталіцкіх спраў пры Юстыц-калегіі Ліфляндскіх, Эстляндскіх і Фінляндскіх спраў, які 26 студзеня 1798 быў вылучаны асобна. У 1801 замест дэпартаменту заснавана рымска-каталіцкая духоўная калегія — вышэйшая рымска-каталіцкая ўстанова Расійскай імперыі, якой былі падпарадкаваныя ўсе начальнікі, установы і святарства. Супраць паўнамоцтваў калегіі выступалі біскупы і Ватыкан, адзначаючы, што такая ўстанова звужае правы біскупаў і супярэчыць вучэнню касцёла. У 1847 паводле канкардату паміж Расіяй і папствам былі зацверджаныя межы і колькасць дыяцэзій, правы рымска-каталіцкае калегіі звужаліся да ўстановы-пасярэдніцы паміж урадам і біскупамі і кіраўніка маёмаснымі справамі.

Сучасны стан касцёла Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Бабруйску, перароблены за Расіяй у цэйхгаўз

Удзел каталіцкіх святароў у антырасійскіх паўстаннях спрычыніўся да рэпрэсій супраць Каталіцкай Царквы. У перыяд 18301870 былі зачыненыя амаль усе каталіцкія кляштары і навучальныя ўстановы па абвінавачванні манахаў і святароў у неляяльнасці. Кляштары, што заставаліся, былі выведзеныя з падпарадкавання правінцыялаў і непасрэдна падначаленыя мясцовым біскупам (жаночыя) ці візітатарам з белага святарства, якія зацвярджаліся міністрам унутраных спраў паводле прадстаўлення біскупаў (мужчынскія, з 1842). У 1839 была ліквідавана унія. Пачаўся прымусовы перавод насельніцтва ў праваслаўе, усе каталікі былі абвешчаныя «палякамі», а праваслаўныя — «рускімі». Колькасць каталіцкага насельніцтва лацінскага абраду трохі павялічылася (да 20 %) законт пераходу ў яго грэка-каталікоў.

У 1866 расійскі ўрад перастаў выконваць умовы канкардату: правы калегі былі зноў пашыраныя (хоць ранейшае становішча адноўлена не было). У 1869 была ліквідавана Мінская дыяцэзія (яе тэрыторыя была далучаная да Віленскай, а ў 1883 — да Магілёўскай), скасаваная была і Камянецкая дыяцэзія. Беларускія губерні ўвайшлі ў склад 2 дыяцэзій — Віленскай (Віленская і Гродзенская губерні) і Магілёўскай, у якую акрамя Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай і Смаленскай губерняў увайшлі ўсе вялікарасійскія губерні (за выключэннем Саратаўскай, Самарскай і Астраханскай), Вялікае Княства Фінляндскае і Астзэйскі край (за выключэннем Курляндскай губерні).

Рымская курыя не пагадзілася з такім падзелам, лічачы яго незаконным. У 1875 папства прызнала рымска-каталіцкую духоўную калегію, але толькі як установу, што загадвае адміністрацыйна-гаспадарчымі справамі. Яна складалася з 2 членаў (пад кіраўніцтвам магілёўскага архібіскупа) і 12 засядацеляў. У 1883 папеж рымскі заключыў новае пагадненне з расійскім урадам і даручыў кіраванне касцёламі былое Мінскай дыяцэзіі магілёўскаму архібіскупу.

Духоўную адукацыю напрыканцы XVIII-1-й палове XIX стст. рымска-каталіцкае святарства Беларусі атрымлівала ў Рыме, Віленскай рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі, Полацкай езуіцкай акадэміі, семінарыях у Вільні, Беластоку, Магілёве, Мінску. У 2-й палове ХІХ ст. ў Расійскай імперыі дзейнічала 1 вышэйшая навучальная ўстанова — Рымска-каталіцкая Духоўная акадэмія (у Санкт-Пецярбургу) і сярэднія — па адной семінарыі ў кожнай дыяцэзіі. Магілёўская архідыяцэзіяльная семінарыя знаходзілася таксама ў Санкт-Пецярбургу. У 1881 сярод яе выхаванцаў было 48 палякаў, 26 літоўцаў, 10 беларусаў, 1 немец. У 1872 у Мінску ксёндз Ф.Сенчыкоўскі адчыніў вучылішча для касцёльных арганістых. Традыцыйная дзейнасць каталіцкага святарства — выхаванне цывільнай моладзі — паступова выцяснялася са скасаваннем у ХІХ ст. езуіцкіх устаноў, школаў і калегіумаў піяраў і дамініканцаў. 10 снежня 1892 на загад імператара ўсе вучылішчы, што яшчэ засталіся пры касцёлах, былі перададзеныя міністэрству народнай асветы на агульных падставах. Выдавецкая дзейнасць касцёла абмяжоўвалася выданнем казанняў для абвяшчэння ў касцёлах і г. зв. рубрыцеляў на лацінскай мове (ад 1860-х улады рабілі захады, каб зрабіць іх рускамоўнымі).

Пасля 1905 ва ўмовах адноснай лібералізацыі канфесійных адносін наступіла пэўнае ажыўленне ў дзейнасці Каталіцкай Царквы ў Беларусі. Імкліва пачаў узрастаць беларускі нацыянальны рух, якому спрыяла і частка каталіцкага святарства. Многія дзеячы беларускага нацыянальнага адраджэння напачатку ХХ стагоддзя былі каталікамі.

Міжваенны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

БССР[правіць | правіць зыходнік]

Зігмунт Лазінскі

Пасля Кастрычніцкае рэвалюцыі 1917 года Савецкі ўрад прыняў шэраг заканадаўчых актаў пра адмену ўсялякіх нацыянальна-рэлігійных абмежаванняў і прывілеяў, пра пазбаўленне Царквы зямельнай уласнасці, дзяржаўных датацыяў, права кантраляваць школу і сямейнае жыццё. Ва ўмовах неўмяшання дзяржавы ва ўнутрыцаркоўныя справы ў лістападзе 1917 была ўзноўлена Мінская дыяцэзія. Але дзяржава новым заканадаўствам фактычна выключыла рэлігію і Царкву (у тым ліку Каталіцкую Царкву) са сферы грамадcка-палітычнага жыцця і пачала шырокую атэістычную прапаганду. У сваю чаргу Каталіцкая Царква варожа сустрэла новую ўладу, з незадавальненнем успрыняла яе сацыяльныя пераўтварэнні. Ва ўмовах падзелу Беларусі паміж Польшчай і БССР, узмацнення антырэлігійнай палітыкі ў БССР дзейнасць Магілёўскай архідыяцэзіі і Мінскай дыяцэзіі былі амаль цалкам спаралізаваныя.

У 1920-я-1930-я Каталіцкая Царква перажыла шэраг антырэлігійных кампаній. У 1921 быў вымушаны выехаць у Заходнюю Беларусь біскуп Зігмунт Лазінскі, там у 1925 ён узначаліў новаствораную Пінскую дыяцэзію. У 1922 у сувязі з голадам у Паволжы праводзілася канфіскацыя касцёльнага майна, на патрэбы індустрыялізацыі канфіскаваліся званы. Праводзіліся судовыя працэсы над прадстаўнікамі каталіцкага святарства, якім інкрымінаваліся контррэвалюцыйная дзейнасць і шпіянаж на карысць Польшчы. Гэтак, у Мінску адбыўся суд над групай ксяндзоў (Я. Васілеўскі, Адам Лісоўскі, М. Тамашэўскі), якія былі асуджаныя да розных тэрмінаў зняволення. У 1923 у Маскве прайшоў працэс над 14 святарамі, двое з іх былі асуджаныя да расстрэлу — ксёндз Канстанты Рамуальд Будкевіч і архібіскуп Ян Цепляк (апошні быў памілаваны і высланы з СССР). Вялікую ролю ў атэістычнай рабоце адыграў Саюз ваяўнічых бязбожнікаў, унутры якога была антыкаталіцкая польская секцыя. На 1939 у БССР былі зачыненыя амаль усе каталіцкія касцёлы, а ў 10, што фармальна дзейнічалі, не было аніводнага святара. Была фізічна знішчана большасць каталіцкіх святароў.

Заходняя Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

У Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы Каталіцкая Царква знаходзілася ў спрыяльных умовах і займаў прывілеяванае становішча. Канстытуцыі 1921 і 1935 прызнавалі роўнасць рэлігій і права на вольнае выкананне культаў, аднак польскі ўрад разглядаў Каталіцкую Царкву як апірышча ў правядзенні сваёй палітыкі на «крэсах усходніх». Царква не была аддзелена з школы, і яна мела вялікі ўплыў на адукацыю. Касцёлы і кляштары адчынялі школы, апекавалі дзіцячыя дамы, выхоўвалі дзяцей і моладзь у духу каталіцтва і адданасці польскай дзяржаве. Амаль уся тэрыторыя Заходняе Беларусі ўваходзіла ў Віленскую мітраполію, што складалася з Віленскай архідыяцэзіі, Пінскай і Ломжынскай дыяцэзій.

У сярэдзіне 1920-х у Драгічыне і Пінску адчыніліся духоўныя семінарыі, адраджаліся кляштары. Актыўна будаваліся новыя касцёлы, гэтак у 1914 ў Нваградcкім павеце было 9 касцёлаў, а ў 1939 — 37. Нерухомая маёмасць Каталіцкай Царквы ў Беластоцкім, Віленскім, Навагрудскім і Палескім ваяводствах складала 14 565 га ворнай зямлі (бязь земляў, што належылі віленскаму архібіскупу і пінскаму біскупу). Касцёлам належалі і вытворчыя прадпрыемствы — невялікія фабрыкі, заводы, тартакі, млыны і г.д. Пад уплывам касцёла знаходзіўся шэраг масавых арганізацый, створаных з мэтай умацавання каталіцтва, выхавання ў дусе непрымання бальшавізму і камуністычных ідэй, змагання з рэвалюцыйным рухам: «Акцыя каталіцкая», «Зухі», Каталіцкія саюзы жаночай і мужчынскай моладзі, «Стральцы», «Таварыства каталіцкай моладзі», «Харцэры» і г.д. Прыхільнікі беларускага нацынальнага руху сярод каталіцкага святарства і аб'ядноўваліся ў «Беларускую Хрысціянскую Дэмакратыю».

Каталіцкая Царква мела свой масавы друк, для Заходняе Беларусі ў асноўным прызначаліся «Nowo życie», «Słowo», «Gazeta kartuzka». Францысканцы пад кіраўніцтвам Максіміліяна Кольбэ выдавалі ў Гродна часопіс «Rycerz Niepokalanej» і газету «Mały dziennik». Пасля ўваходу Заходняе Беларусі ў склад БССР савецкае заканадаўства пра культы было пашырана на новыя тэрыторыі, уплыў Каталіцкай Царквы рэзка скараціўся, ксяндзы і манахі падвяргаліся рэпрэсіям.

Другая сусветная вайна[правіць | правіць зыходнік]

Блаславёны Юрый Кашыра
Блаславёны Антоній Ляшчэвіч

Падчас Другой сусветнай вайны нямецкія акупацыйныя ўлады (асабліва Вільгельм Кубэ) праводзілі ў дачыненні да Каталіцкай Царквы ў Беларусі палітыку лавіравання. На пачатку яны дазволілі адраджць рэлігійнае жыццё з мэтай выкарытаць антысавецкія настроі вернікаў і каталіцкага святарства ў сваёй прапагандзе, аднак баяліся прапольскіх памкненняў. Беларускія каталікі ў 1942 у лісце да Кубэ прасілі дазволу, каб правесці беларусізацыю Каталіцкай Царквы. Частка беларускіх ксяндзоў (напрыклад, Вінцэнт Гадлеўскі) спрабавала ў гэтым супрацоўнічаць з акупацыйнымі ўладамі, але няўдала. Многія ксяндзы ўдзельнічалі ў антыфашысцскім руху, асабліва актыўным было польскай святарства ў Арміі Краёвай, якая для капеланаў і афіцэраў мела нават падпольны часопіс «Sursum corda». За ўдзел у антыфашысцскім руху (ці паводле абвінавачвання ў гэтым) акупантамі было загублена больш за 100 каталіцкіх святароў (у тым ліку Юрый Кашыра, Антон Ляшчэвіч, сёстры-назарэтанкі). На 1945 у БССР захвалася 325 касцёлаў, 90 былі разбураныя ў вайну.

БССР[правіць | правіць зыходнік]

Пасля вайны пачалася новая хваля скасавання парафій і абмежавання дзейнасці Каталіцкай Царквы, святары масава выяжджалі ў Польшчу, шмат з іх было рэпрасавана. На 1 студзеня 1960 у БССР існавала 191 каталіцкае аб'яданне з 102 святарамі, на 1985 — 96 аб'яднанняў з 52 святарамі. Біскупы ў дыяцэзіі не прызначаліся. Сувязі Каталіцкай Царквы ў Беларусі з Ватыканам былі парушаны (здзяйсняліся нелегальна праз епіскапат Польшчы). Кадры духавенства для Беларусі рыхтаваліся з 1975 у Рыжскай каталіцкай духоўнай семінарыі.

У сувязі з перабудовай у СССР і ўсталяваннем дыпламатычных адносін з Ватыканам палепшылася сітуацыя і на Беларусі. 25 ліпеня 1989 папа Ян Павел II рукапаклаў у біскупы і прызначыў апостальскім адміністратарам Мінска і ўсяе Беларусі Тадэвуша Кандрусевіча. Такім чынам была адроджана Мінская дыяцэзія. У 1990 у Гродна была створана каталіцкая семінарыя. У 1991 была ўтворана Мінска-Магілёўская архідыяцэзія (мітраполія, у межах Мінскай і Магілёўскай абласцей) з падпарадкаваннем апошняй Пінскай дыяцэзіі (у межах Брэстйскай і Гомельскай абласцей). 13 мая 1991 замест Тадэвуша Кандрусевіча, які быў прызначаны апостальскім адміністратарам еўрапейскай часткі Расіі, Мінска-Магілёўскім архібіскупам быў прызначаны Казімір Свёнтак. 13 красавіка 1991 у межах Гродзенскай вобласці была створана Гродзенская дыяцэзія, на чале якой стаў Аляксандр Кашкевіч. 27 ліпеня 1991 была абвешчана незалежнасць Беларусі.

Сучасная Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

Будслаўскі абраз Маці Божай — адна з галоўных святынь Беларусі

У 1994 былі ўсталяваныя дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Ватыканам. Першым нунцыем 18 мая 1994 быў прызначаны архібіскуп Агастына Маркета. 5 ліпеня 1992 створана мітрапалітальная камісія па перакладзе літургічных тэкстаў і рэлігійнай літаратуры на беларускую мову, дзякуючы якой падрыхтаваны да выдання асноўныя літургічныя тэксты і шэраг іншых матэрыялаў. 26 лістапада 1994 Казімір Свёнтак быў названы кардыналам. 15 красавіка 1996 апостальскім нунцыем для Беларусі быў прызначаны архібіскуп Дамінік Грушоўскі.

19981999 Апостальскай Сталіцай былі названы дапаможныя біскупы для Гродзенскай і Пінскай дыяцэзій, а таксама для Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі (Антоній Дзям'янка, Казімір Велікаселец, Кірыл Клімовіч). 25 студзеня 1999 была створаня Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі на чале з Казімірам Свёнткам (ад чэрвеня 2006 яе ўзначальвае біскуп Аляксандр Кашкевіч). 13 кастрычніка 1999 у межах Віцебскай вобласці была ўтворана Віцебская дыяцэзія, першым біскупам якой стаў Уладзіслаў Блін.

30 верасня 2000 завяршыў сваю працу Сінод Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Віцебскай і Пінскай дыяцэзій — першы Сінод за ўсе пасляваенныя гады, які працягваўся чатыры гады. Сінод выпрацаваў Статуты Рымска-Каталіцкай Царквы па ўсіх галоўных накірунках яго дзейнасці. 22 лістапада 2001 Апостольскім нунцыем у Беларусі быў акрэдытаваны архібіскуп Іван Юркавіч, 15 верасня 2004 — Марцін Відавіч. 14 чэрвеня 2006 быў вызвалены са сваіх пасад (апроч пасады пінскага біскупа) кардынал Свёнтак, выканаўцам абавязкаў быў прызначаны Антоній Дзям'янка. 21 верасня 2007 архібіскупам-мітрапалітам Мінска-Магілёўскім быў прызначаны Тадэвуш Кандрусевіч. У 1822 чэрвеня 2008 на Беларусь адбыўся візіт Дзяржаўнага сакратара Ватыкану кардынала Тарчызіа Бертонэ. Архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч 26 лютага 2009 абраны намеснікам старшыні Кансультатыўнага міжканфесійнага савета пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей. У маі 2009 адбыўся першы ў гісторыі візіт прэзідэнта Беларусі ў Ватыкан, дзе ён сустрэўся з Рымскім Папам Бенедыктам XVI.

За апошнія 20 гадоў колькасць парафій Рымска-Каталіцкай Царквы павялічылася ў чатыры разы, па стане на 1 студзеня 2009 у Рэспубліцы Беларусь налічваецца 467 парафій (у тым ліку ў 2008 зарэгістравана 10 парафій, у 2007 — 17). У краіне дзейнічаюць 9 рымска-каталіцкіх місіяў і 9 манаскіх супольнасцей (у тым ліку 1 манаская супольнасць зарэгістравана ў 2009), 451 касцёлы (яшчэ 35 знаходзяцца ў стадыі будаўніцтва). У 2008 завершана будаўніцтва 2 новых касцёлаў. Узровень забяспечанасці рымска-каталіцкіх парафій культавымі будынкамі складае больш за 96% і з'яўляецца самым высокім сярод усіх канфесіяў у краіне. За перыяд з 1988 да 2008 дзяржавай было перададзена Касцёла каля 300 аб'ектаў пад рэлігійныя мэты.

У парафіях краіны працуюць 407 святароў, з якіх 168 — замежныя грамадзяне (у тым ліку 161 з Польшчы). Адной з праблем РКЦ з'яўляецца значны недахоп кадраў святароў. З 1990 гады працуе Вышэйшая духоўная семінарыя Гродзенскай дыяцэзіі, якой падрыхтавана і выпушчана 168 чалавек. З 2001 працуе Пінская духоўная семінарыя, якой у 2007—2008 выпушчана 12 святароў. Таксама для навучання ў духоўных вучэбных установах замежных краін накіроўваюцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Для працы ў парафіях на 2009 запрошана з-за межы на 12 святароў і 4 законнікі, чым у 2008 (у параўнанні з 2007 лік запрошаных паменшыўся на 26 святароў і 15 законнікаў). Навучэнцы духоўных семінарыяў маюць адтэрміноўку з закліку на воінскую службу. У адпаведнасці з Загадам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2008 адтэрміноўка пададзена 56 навучэнцам і святарам, у 2009 — 44.

Падчас свята Найсвяцейшай Дзевы Марыі Будслаўскай у 2008 годзе

Рымска-Каталіцкая Царква шырока ажыццяўляе выдавецкую дзейнасць. Сёння ў Беларусі выдаюцца наступныя каталіцкія перыядычныя выданні: часопісы «Наша вера» (ад 1995; Мінск), «Дыялог» (ад 1994; Баранавічы), «Ave Maria» (ад 1994; часопіс Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі), «Ave Maria. Маленькі рыцар Беззаганнай» (Мінск), «Misericordia» (Гродна), газеты «Слова Жыцця» (Гродна), «Odkupiciel» (Гродна), «Каталіцкія навіны» (ад 1995; Мінск-Магілёў), «Голас Душы» (Мінск), «Любите друг друга» (Мінск). Функцыянуе каталіцкае выдавецтва «Pro Christo», якое выпускае рэлігійную літаратуру на беларускай мове. Беларускае радыё па нядзелях транслюе імшы на беларускай мове з архікафедральнага касцёла імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Мінску, рэспубліканскае тэлебачанне паказвае святочныя калядныя і велікодныя богаслужэнні з касцёлаў краіны, у шэрагу выпадкаў забяспечваецца ўключэнне прамой трансляцыі фрагментаў святочных богаслужэнняў з Ватыкана. Каталіцтва ў Беларусі прыняла ўдзел у правядзенні 1 сакавіка 2008 прысвечанага VI Еўрапейскаму Дню студэнта тэлемосту моладзі з 14 краін свету з удзелам Папы Рымскага Бенедыкта XVI.

Штогод ладзяцца шматлікія пілігрымкі, перш за ўсё ў в. Будслаў Мядзелскага раёна. Арганізуецца штогадовы міжканфесійны фестываль духоўнай музыкі «Магутны Божа» ў Магілёве. У Віцебскай дыяцэзіі з 2005 праводзіцца міжнародны фестываль каталіцкага кіно «Магніфікат», 17 мая 2008 у Віцебску праведзена IV Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Праблемы ўрачэбнай этыкі ў сучасным свеце».

Касцёл актыўна займаецца дабрачыннасцю. У Гомелі створаны прытулак на 50 чалавек, які абслугоўваецца сёстрамі міласэрнасці ордэна Маці Тэрэзы. Пры Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі і ва ўсіх дыяцэзіях дзейнічаюць філіялы дабрачыннай арганізацыі «Карытас», якія аказваюць значную дабрачынную дапамогу людзям у нястачы.

Каталіцкая Царква адыгрывае істотную ролю ў рэлігійным жыцці краіны, з'яўляючыся другой па колькасці вернікаў канфесіяй у Беларусі. Яна падтрымлівае канструктыўныя адносіны з Беларускай праваслаўнай царквой і іншымі канфесіямі і рэлігійнымі кірункамі. Прызнанне духоўнай, культурнай і гістарычнай ролі Каталіцкай Царквы ў Беларусі адзначана ў прэамбуле прынятага ў кастрычніку 2002 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб волі сумлення і рэлігійных арганізацыях». У 2005 прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» была адзначана дзейнасць пробашча парафіі Святой Ганны ў в. Мосар Глыбоцкага раёна ксяндза Юзафа Булькі, у 2007 годзе — дзейнасць біскупа Віцебскай дыяцэзіі Уладзіслава Бліна.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Шаблон:Крыніцы/Каталіцкая энцыклапедыя, дапоўнена.

  • Abraham W. Powstanie organizacji Kościoła łacinskiego na Rusi. Lwów, 1904. T. 1.
  • Stankiewič A. Rodnaja mowa u światyniach. Wilnia, 1929.
  • Długosz I. Dzieje diecezji Smoleńskiej. Lwów, 1937.
  • Гарошка Л. Зара хрысціянства на Беларусі // Божым шляхам. 76 — 81 (1957), 21 — 38.
  • Чубатий М. Історія християнства на Русі-Україні. Рим — Ню-Йорк, 1965. Т. 1.
  • Гребенников Р. В., Таратунский Ф. С. Католицизм в Западной Белоруссии // Католицизм в СССР и современность: материалы научной конференции. Вильнюс, 1971.
  • Мараш Я. Н. Ватикан и католическая церковь в Белоруссии (1569—1795). Минск, 1971.
  • Ochmański J. Biskupstwo Wileńskie w średniowieczu. Poznań, 1972.
  • Мараш Я. Н. Очерки экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII в. Минск, 1974.
  • Рапов О. М., Ткаченко Н. Г. Документы о взаимоотношениях папской курии с великим киевским князем Изяславом Ярославичем и польским князем Болеславом II Смелым в 1075 г. // Вестник Московского ўниверситета. История. 1975. № 5.
  • Kumor B. Ustrój i organizacja Kościoła polskiego w okresie niewoli narodowej (1772—1918). Kraków, 1980.
  • Мараш Я. Н. Политика Ватикана и католической церкви в Западной Белоруссии (1918—1939). Минск, 1983.
  • Куроедов В. А. Религия и церковь в советском обществе. 2 издание. Москва, 1984.
  • Докторов В. Г. Католицизм сегодня: некоторые вопросы идеологии. Минск, 1984.
  • 600 lat (Archi)diecezji Wileńskiej // Studia Teologiczne. 1987—1988. # 5—6.
  • Брайчевский М. Ю. Утверждение христианства на Руси. Киев, 1989.
  • Dzwonkowski R., Pałyga I. Za wschodnią granicą. 1917—1993: O Polakach i kościele w dawnym ZSSR. Warszawa, 1993.
  • Жлутка А. Лацінская літаратура як феномен беларускай культуры // Спадчына. 1993, № 2.
  • Глябовіч А. Касцёл у няволі // Спадчына. 1994. № 1—2.
  • Hlebowicz A. Kościoł odrodzony: Katolicyzm w państwie sowieckim, 1944—1992. Gdańsk, 1994.
  • Жлутка А. Заходняе хрысціянства на Беларусі // Наша вера. 1997. № 1; 1998. № 1; 1999. № 2—3.
  • Канфесіі на Беларусі (канец XVIII-ХХ ст.). Мінск, 1998.
  • Dzwonkowski R. Losy duchowieństwa katolickiego w ZSSR, 1917—1939: Martyrologium. Lublin, 1998.
  • Kościoł w Rosji i na Białorusi w relacjach duszpasterzy (1892—1926). Kraków, 1999.
  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. Мінск, 2001.
  • Маслюкоў Т. В. Пытанні храналогіі касцёла на Ніжняй Бярэзіне // Шацілкаўскія чытанні: матэрыялы II навукова-практычнай канферэнцыі (да 450-годдзя Шацілак) у Светлагорску, 16 красавіка 2010 г. — Светлагорск, 2011, с. 38—50.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]