Квены

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Квены
(kveeni)
Агульная колькасць 6100
Рэгіёны пражывання Нарвегія
Мова квенская
Рэлігія лютэранства
Блізкія этнічныя групы фіны, лясныя фіны

Кве́ны (саманазва kveeni) — фінамоўныя жыхары поўначы Скандынаўскага паўвострава. У наш час так называюць народ, нашчадкаў выхадцаў з Фінляндыі і поўначы Швецыі, якія перасяліліся на поўнач Нарвегіі ў XVIII — XIX ст.

Агульная колькасць у Нарвегіі (2012 г.) — 6100 чал.[1]

Сярэднявечныя квены[правіць | правіць зыходнік]

Упершыню квены (Qwensae, Cwenas) і іх краіна Квенланд (Cwenland, Kænlandi) узгадваюцца ў англійскіх пісьмовых крыніцах, запісаных са слоў нарвежскіх вандроўнікаў у канцы IX ст. Само паходжанне назвы не вядома. Магчыма, яно з'яўляецца вытворным ад старажытнага скандынаўскага слова hvein («балота»).

Сярэднявечныя квены насялялі пераважна берагі Батнічнага заліва, аднак наведвалі і іншыя тэрыторыі, рабілі ўзаемныя напады на скандынаваў, пры гэтым карысталіся малымі лёгкімі караблямі. У ісландскіх сагах таксама ўзгадваюцца каралі Квенланда. Адзін з апошніх запісаў аб нападзе квенаў і карэлаў на нарвежцаў быў зроблены ісландскім храністам пад 1271 г.

У познім сярэднявеччы землі квенаў вакол Батнічнага заліва былі паступова падпарадкаваны шведамі. У 1607 г. шведскі кароль Карл IX афіцыйна прыняў тытул уладара Квенланда. Самі квены былі ў значнай ступені асіміляваны шведскімі перасяленцамі або далучыліся да саамаў. Магчыма, што невялікая частка квенаў мігрыравала ў Нарвегію, дзе на карце 1539 г. паказана паселішча Беркара-Квенар (Berkara Qvenar).

Сучасныя квены[правіць | правіць зыходнік]

З XVIII ст. у Нарвегію пачалася міграцыя фінаў з сумежных тэрыторый Фінляндыі і Швецыі. Гэта былі сяляне-каланісты, аленегадоўцы, паляўнічыя на футравых звяроў і рыбакі, якія асвойвалі пераважна рэгіён вакол Тромсё. Паколькі нарвежцы традыцыйна называюць фінамі саамаў, то фінскіх перасяленцаў у перапісах Нарвегіі з 1845 г. да 1930 г. фіксавалі як квенаў. Іх нашчадкі ў канцы XX ст. выступілі за прызнанне сваіх правоў як малога народа. У 1996 г. квены атрымалі ад урада Нарвегіі афіцыйны статус нацыянальнай меншасці. У 2005 г. квенская мова ў Нарвегіі была прызнана як асобная. Дзейнічае буйное грамадскае аб'яднанне Асацыяцыя нарвежскіх квенаў (Norske Kveners Forbund). У 2007 г. быў адчынены Квенскі інстытут (Kainun institutti) — галоўны цэнтр вывучэння мовы і культуры квенаў.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]