Клайпедскі край

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Карта Мемельланда

Клайпедскі край (літ.: Klaipėdos kraštas) або Мемельскі край, або Мемельланд (ням.: Memelland) — частка Малой Літвы, якая раней уваходзіла ў склад Усходняй Прусіі, размешчаная на поўнач ад ракі Нёман з цэнтрам у Клайпедзе. Паводле сучаснага адміністрацыйнага падзелу Літвы адпавядае паўднёва-заходняй частцы Клайпедскага павета.

У 1919 годзе, улічваючы тое, што большасць жыхароў края складалі літоўцы, Версальскім дагаворам край быў аддзелены ад Германіі і часова падпарадкаваны французскай адміністрацыі. Клайпедскі край разам з Саарам і Данцыгам быў пад кантролем Лігі Нацый. Этнічныя літоўцы (прускія літоўцы) Клайпедскага края, прынялі ўдзел у Клайпедскім паўстанні 1923 года ў выніку якога край быў далучаны да Літвы.

Край уяўляў сабой паласу даўжынёй 140 км і шырынёй 20 км, у 1939 годзе ў ім пражывала 145 000 чалавек. Самым вялікім горадам быў Мемель (Клайпеда) з 40 000 жыхарамі. Асноўнае насельніцтва складалі немцы і прускія літоўцы (летувінінкі), якіх у Клайпедскім краі звалі таксама мемельландэры.

У 1939 годзе край быў анексаваны нацысцкай Германіяй, а пасля заканчэння Другой сусветнай вайны дастаўся ў 1945 годзе СССР, які адпаведна вярнуў яго Літве (тады — Літоўскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы). Мяжа, зацверджаная Версальскім дагаворам, застаецца на і ў наш час мяжой паміж Літвой і Калінінградскай вобласцю Расіі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Пасля заваявання ў 1252 годзе Тэўтонскім ордэнам паўднёвай тэрыторыі племя куршаў і будаўніцтвам тут замка Мемельбург і горада Мемель, тэрыторыя будучага Клайпедскага края стала часткай Дзяржавы Тэўтонскага ордэна. У 1328 годзе Клайпеда была перададзена ў распараджэнне прускай галіны Тэўтонскага ордэна і з тых часоў лічылася часткай Прусіі. Паводле Мельнскага міру ў 1422 годзе была вызначана мяжа з Вялікім Княствам Літоўскім, якая не змянялася на працягу 500 гадоў.

Пасля рэфармацыі Дзяржава Тэўтонскага ордэна стала пратэстанцкім герцагствам Прусія, а ў 1701 годзе каралеўствам Прусія. У той жа час Усходняя Прусія не з'яўлялася часткай Германіі, а была незалежнай дзяржавай. Толькі абвяшчэнне Германскай імперыі ў 1871 годзе змяніла гэты статус. У сваю чаргу ва Усходняй Прусіі вылучалася тэрыторыя Малой Літвы, большасць насельніцтва якой складалі літоўцы, якая ахоплівала і тэрыторыю будучага Клайпедскага края. Суседняя літоўская тэрыторыя была ў складзе незалежнага Вялікага Княства Літоўскага (з 1569 года ва уніі з Польшчай, а ў 1795-1914 гадах пад расійскім кіраваннем).

Падчас Першай сусветнай вайны тэрыторыя Літвы была акупавана Германіяй. Літва была абвешчана незалежнай і ў сакавіку 1918 года прызнана Германіяй.

Паводле Тыльзіцкага акту (лістапад 1918 года) лідары прускіх літоўцаў запатрабавалі аб'яднання Прускай Літвы з Літоўскай Рэспублікай. Большасць жа немцаў і анямечаных літоўцаў не жадала аб'яднання з Літвой.

У 1920 годзе паводле Версальскага дагавора, вобласці Германскай імперыі на поўнач ад Нёмана ўтварылі Клайпедскі край пад мандатам Лігі нацый, а французскія салдаты павінны былі забяспечваць спакой. У перыяд французскай адміністрацыі расла папулярнасці ідэя незалежнай Дзяржавы Мемельланда і сярод мясцовых немцаў. Арганізацыя «Deutsch-Litauischer Heimatbund» (Нямецка-літоўская федэрацыя радзімы) прасоўвала ідэю Freistaat Memelland, паводле якой край пазней павінен быў вярнуцца ў склад Германіі.

Мемельскае паўстанне[правіць | правіць зыходнік]

Сцяг Мемельланда

10 студзеня 1923 года, адначасова з акупацыяй Рура Францыяй і Бельгіяй больш за тысячу ўзброеных літоўцаў занялі Мемельланд і горад Мемель. Афіцыйна яно звалася ўнутрымемельскім паўстаннем, але аперацыя вялася з дапамогай паліцыі, якая ўварвалася з Літвы. Мясцовыя ж літоўцы стварылі Вярхоўны камітэт па выратаванні Малой Літвы і мясцовыя органы кіравання на вызваленых тэрыторыях. Французская адміністрацыя не распачала ніякіх істотных мер процідзеяння мяцежнікам, таму што ў гэты момант на працягу Рурскага крызісу напружанне паміж Германіяй і Францыяй было вельмі высокмі. У сваю чаргу, Германія тайна падтрымлівала дзеянні Літвы, асцерагаючыся росту польскага ўплыву ў Клайпедскім краі (чаму спрыяла французская адміністрацыя) і спадзяючыся, што ў будучыні гэты край будзе лягчэй вярнуць, калі ім будзе кіраваць такая невялікая дзяржава, як Літва.

19 студзеня 1923 года французскія войскі і адміністрацыя пакінулі краіну. 16 лютага 1923 года краіны Антанты прызналі далучэнне Клайпедскага края да Літвы і фармальна перадалі ёй кіраванне рэгіёнам.

Аўтаномны край у складзе Літвы[правіць | правіць зыходнік]

Паводле Мемельскага пагаднення, падпісанага паміж Лігай Нацый і Літвой, у вобласці быў створаны асобны парламент, уведзены дзве дзяржаўныя мовы, права на ўласныя падаткі, змяненне мытных абавязкаў, пададзена самакіраванне яго культурнымі і рэлігійнымі справамі, асобная судовая сістэма, унутраны кантроль сельскай гаспадаркі і лесаводства, а таксама асобная сістэмы сацыяльнага страхавання. Ліга Нацый прыняла гэтыя ўмовы і пацвердзіла аўтаномію рэгіёна ў межах Рэспублікі Літвы. 8 мая 1924 года далейшыя пагадненні аб Клайпедскім краі пацвердзілі яго далучэнне да Літвы, і выніковае пагадненне пра аўтаномію было падпісана ў Парыжы. Тэрыторыя Мемеля была прызнана часткай Літвы і Веймарскай рэспублікай. 29 студзеня 1928 года Літва і Германія падпісалі дагавор аб мяжы.

Анексія дала літоўцам кантроль над незамярзаючым балтыйскім портам. Літва мадэрнізавала і прыстасавала яго галоўным чынам для экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі. Рэканструкцыя порта была адным з найбольш працяглых інвестыцыйных праектаў, зробленым урадам Літвы за міжваенны перыяд.

Уваходжанне ў склад Трэцяга рэйха[правіць | правіць зыходнік]

У канцы 1938 года Літва страціла кантроль над сітуацыяй у краі. 23 сакавіка 1939 года, пасля таго, як вусновы ўльтыматум прымусіў Літоўскую дэлегацыю прыехаць у Берлін і за тыдзень да ўвядзення германскіх войскаў у Прагу, літоўскі Міністр замежных спраў Юозас Урбшыс і яго нямецкі калега Іаахім фон Рыбентроп падпісалі Дагавор аб перадачы Мемельланда Германіі. Літва адклікала свае войскі з рэгіёна. Фармальна за Літвой захоўвалася зона свабоднага гандлю ў Мемелі і права на свабоднае перамяшчэнне на 99 гадоў. На наступны дзень у Клайпеду прыбыў Адольф Гітлер, які выступіў з урачыстай прамовай.

Заняцце Мемеля працягнула серыю бяскроўных анексій тэрыторый, адарваных ад германскай і аўстрыйскай імперыі паводле Версальскага дагавора, умовыя якога немцы ўспрымалі як зневажальныя. Саюзнікі і суседнія краіны не давалі ніякіх саступак дэмакратычным германскім урадам у часы Веймарскай рэспублікі; але калі Гітлер са сваімі прыхільнікамі захапіў уладу, гэтыя краіны распачалі крокі да ўрэгулявання адносін з нацысцкай Германіяй.

Ваенны і паваенны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Калі край быў вернуты Германіі ў 1939 годзе, шматлікія літоўцы пачалі пакідаць Мемель і суседнюю вобласць. Мемель быў хутка пераўтвораны немцамі ва ўмацаваную ваенна-марскую базу.

Пасля няўдачы нямецкага ўварвання ў СССР (Аперацыя Барбароса), лёс Усходняй Прусіі і Мемеля быў прадказальны. У кастрычніку 1944 года жыхарам вобласці, без этнічнага адрознення, прыйшлося прымаць рашэнне: або застацца, або з'ехаць. Большая частка насельніцтва пакінула край пры набліжэнні Чырвонай Арміі. Клайпеда была ўзята савецкімі войскамі 28 студзеня 1945 года. Пасля яе захопу ў горадзе было знойдзена толькі шэсць чалавек.

Паводле вынікаў Патсдамскай канферэнцыі, Усходняя Прусія часткова перайшла пад уладу Савецкага Саюза. 7 красавіка 1946 года, была заснавана Кёнігсбергская вобласць (пазней пераназвана ў Калінінградскую вобласць), якая была далучана да Расійскай СФСР. У той жа час Клайпедскі край, адразу пасля яго заняцця савецкімі войскамі, быў перададзены ў распараджэнне адміністрацыі Літоўскай ССР, з прычыны таго, што захоп яго ў 1939 годзе нацысцкай Германіяй лічыўся незаконным.

Былая тэрыторыя Клайпедскага края працягвае заставацца жыццёва важнай для Літвы, з'яўляючыся важнай гаванню, а таксама прамысловым і сельскагаспадарчым цэнтрам.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]