Клецкая беларуская гімназія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Клецкая беларуская гімназія
Заснавана 1924
Закрыта 1931
Тып гімназія
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Настаўнікі Клецкай гімназіі ў 1931 годзе. Другі злева — Мікалай Чарнецкі

Клецкая беларуская гімназія — беларуская сярэдняя навучальная ўстанова, якая існавала ў Клецку ў 1924—1931.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Заснавана ў 1924 па ініцыятыве беларускай грамадскасці Клецка і навакольных вёсак з дазволу польскіх улад. Утрымлівалася дзякуючы ахвяраванням і аплатам за навучанне. Дырэктарам быў Р. Якубёнак.

Прымаліся вучні, якія скончылі 4 класы народнага вучылішча. Выпускныя экзамены навучэнцы здавалі ў Віленскай або Навагрудскай гімназіях. За час існавання гімназія выпусціла 3 патокі абітурыентаў, каля 20 атрымалі пасведчанні аб сярэдняй адукацыі. У 1924/25 навуч. г. займалася 58 юнакоў і дзяўчат у 1—4-м класах і 20 у падрыхтоўчым, у асноўным дзеці местачкоўцаў, сялян з навакольных вёсак Клеччыны і Стаўбцоўскага павета. У 1925/26 — 78 вучняў у 1—5-м класах і 20 у падрыхтоўчым, У 1930/1931 навучальным годзе налічвала 160 вучняў у 1—8-м класах з усёй Заходняй Беларусі. Для маламаёмных сялянскіх дзяцей адкрыты 3 інтэрнаты, іх вызвалялі ад платы за навучанне. Выкладчыкамі працавалі В. Арэнь, Чарнецкі, В. Сініцына, В. Русак, Я. Драчан, М. Рудакевіч. А. Кішкель, Ю. Мушкат, А. Валынчык і інш.[1] Пры гімназіі існаваў лiтаратурны гурток, які пасля пераўтварыўся ў лiтаратурна-мастацкi, а таксама хор i аркестр

У канцы 1920-х г. у гімназію паступова пранікала палітызацыя, якая спачатку мела нацыянальна-адраджэнскі характар. У 1928 створана падпольная камсамольская арганізацыя, гімназісты падтрымлівалі сувязь з Беларускім сялянска-работніцкім клубам «Змаганне». У 1929 гімназію папоўніла група гімназістаў, выключаных за рэвалюцыйную дзейнасць з Віленскай, Навагрудскай і Радашковіцкай гімназій. На тэрыторыі сучаснага Клецкага раёна ў 19 вёсках навучэнцы гімназіі стварылі камуністычныя ячэйкі, у якіх было 88 камсамольцаў. У жніўні 1931 польская дэфензіва выкрыла падпольную дзейнасць навучэнцаў гімназіі і правяла арышты. Гімназія была закрыта польскімі ўладамі. У канцы 1932 адбыліся судовыя працэсы, больш за 20 гімназістаў былі засуджаны на розныя тэрміны турэмнага зняволення.[1]

Зноскі

  1. а б Сокал В. Клецкая гімназія…

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Вабішчэвіч А. М. Беларускія гімназіі ў культурна-асветніцкім і грамадска-палітычным жыцці Заходняй Беларусі (1920-1930-я гг.) // Białoruskie Zeszyty Historyczne. — 2002. — № 18. — С.78 — 90.
  • Вабішчэвіч А. М. Нацыянальная школа ў Заходняй Беларусі (1921—1939) // Беларускі гістарычны часопіс. — 1994. — № 2. — С. 38-46.
  • Вабішчэвіч А. М. Асвета ў Заходняй Беларусі (1921—1939). — Брэст, 2004. — 116 с.
  • Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. — Мн.: Народная асвета, 1968. — 624 с.
  • Загідулін А. М. Дзяржаўная палітыка Польшчы ў галіне беларускай адукацыі // Веснік ГрДУ. Серыя 1. Гуманітарныя навукі. — Гродна: ГрДУ, 2005. — С. 13 — 22.
  • Сокал В. Клецкая гімназія // Беларуская мінуўшчына. — 1994. — № 4. — С. 28-31.