Клімент Смаляціч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Клімент Смаляціч

15-ы Мітрапаліт Кіеўскі і Усяе Русі
1147 — 1155
Царква Канстанцінопальская праваслаўная царква
Папярэднік Міхаіл II
Пераемнік Канстанцін I

Дзейнасць святар
Нараджэнне 1110
Смерць пасля 1164

Клімент Смаляціч, Клім Смаляціч (?, Смаленск — пасля 1164) — усходнеславянскі мысліцель, царкоўны дзеяч, пісьменнік.

Біяграфічныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў Смаленску, быў манахам Зарубскага манастыра (напэўна, у Смаленскай зямлі) і ўжо ў маладосці вылучаўся глыбокай эрудыцыяй. Можна меркаваць, што Клімент атрымаў вышэйшую тэалагічную адукацыю ў Канстанцінопалі. Добра ведаў сучасную візантыйскую літаратуру, меў здольнасці прамоўцы, палеміста, экзегета, настаўніка і пісьменніка-багаслова. Быў знаёмы з творчасцю Гамера, Платона, Арыстоцеля, быў кніжнікам і філосафам.

Залежнае становішча Кіеўскай мітраполіі ад Канстанцінопальскай патрыярхіі, засілле грэкаў на галоўных царкоўных пасадах у незалежных княствах выклікала ў тую пару незадаволенасць шырокіх колаў старажытнарускага духавенства. Каля 1146 ўзнік канфлікт, і чарнігаўскі епіскап Ануфрый прапанаваў новаму кіеўскаму князю Ізяславу Мсціславічу паставіць Клімента мітрапалітам, не ўзгадняючы гэтае рашэнне з патрыярхіяй. У ліпені 1147 Клімент атрымаў кафедру, але становішча яго было вельмі хісткім: «грэчаская партыя» на чале з Ніфантам Наўгародскім распачала супраць мітрапаліта сапраўдную вайну, якая ўсхвалявала духавенства і многіх міран.

З 1148 Мітрапаліт Кіеўскі і Усяе Русі. Прыхільнік развіцця ўсходнеславянскай культуры, адзін з першых абаронцаў незалежнасці рускай праваслаўнай царквы ад Візантыі. Вёў шырокую перапіску з праціўнікамі і сябрамі.

У 1154 Ізяслаў Мсціславіч памёр, і Клімент вымушаны быў пакінуць Кіеў. Абапіраючыся на розных князёў, ён неаднаразова рабіў захады, каб вярнуць сабе мітрапалітаву кафедру, хоць у 1156 новы мітрапаліт з грэкаў Канстанцін канчаткова «испроверг Климову службу», абвясціў анафему памерламу Ізяславу і нават забараніў рукапакладзеным пры Смаляцічу святарам выконваць абавязкі.

Літаратурная спадчына[правіць | правіць зыходнік]

Захаваўся адзіны літаратурны твор Клімента Смаляціча — «Пасланне прэсвітэру Фаме» (ў пераробцы XIV ст., здзейсненай нейкім манахам Афанасіем). Падставы для напісання гэтага паслання былі наступныя. Клімент з нейкай нагоды даслаў ліст смаленскаму князю Расціславу Мсціславічу (адносіны з ім былі ў Смаляціча складанымі) і нечым зачапіў Фаму, з якім у юнацтве навучаўся ў смаленскага старца Грыгорыя. Фама напісаў былому аднакашніку адказ і абвінаваціў яго ва ўладалюбстве, ганарлівасці, скнарнасці і, галоўнае, у недапушчальным, на думку смаленскіх кніжнікаў, алегарычным тлумачэнні Святога Пісання з апорай на філасофскія дактрыны язычніцкіх мысліцеляў Гамера, Платона і Арыстоцеля. Клімент вымушаны быў уступіць у палеміку, якая адразу ж выйшла за межы тэалагічнай праблематыкі. Ведучы спрэчку ўмела, палка і пераканаўча, Смаляціч змог паказаць прымітыўнасць меркаванняў Фамы і выкрыць яго як асобу не вельмі адукаваную.

Клімент сапраўды імкнецца да алегарычна-метафарычнага вытлумачэння Бібліі, як рабілі гэта Феадарыт Кірскі і Мікіта Іраклійскі, да разважанняў якіх мітрапаліт часта звяртаўся. Святое Пісанне становіцца ў яго па сутнасці прадметам разумовага аналізу. Гэта значыць, што, хоць Біблія і ўтрымлівае вышэйшую праўду, праўда гэтая павінна быць вытлумачана, раскрыта шляхам паслядоўнага разгляду асобных фрагментаў тэксту. Такім чынам, Клімент у адрозненне ад большасці экзегетаў той пары не тлумачыць законы рэчаіснасці з дапамогай свяшчэннага слова, а інтэрпрэтуе сам святы тэкст, зыходзячы з магчымасцяў уласнага розуму. Адстойваючы права на ўласнае спасціжэнне сэнсу Пісання, Клімент звяртае асноўную ўвагу на асобасна значны сэнс яго алегорый («Что мне дщерию Аира князя?.. Что ми дщерию Ханаоныня? — но ховщу уведати духовне. Что ми кровоточивою… что ми пятью хлебъ…» і г.д.). Сцверджанне права на ўласнае тлумачэнне біблейных эпізодаў з дапамогай кароткіх алегарычных прыпавесцяў адкрывае перад Кліментам новыя магчымасці для пабудовы ўласнай філасофскай канцэпцыі свету (у межах якой зварот да антычных мысліцеляў становіцца лагічным), служыць асновай для стварэння арыгінальных апавяданняў са спецыфічнай паэтыкай, калі персанажы прадстаюць не як аб’екты мастацкага выяўлення, а як суб’екты этычнага выбару, нарэшце, дае магчымасць звязаць Свяшчэнную гісторыю са злабадзённымі праблемамі сучаснасці. Ідучы па гэтым шляху, Смаляціч даказвае Фаме законнасць свайго абрання мітрапалітам, хоць гэтая думка і знаходзіцца ў падтэксце, а не абвяшчаецца прама. Такім чынам, Клімента прыцягвалі не самі па сабе біблейныя факты, а магчымасць скарыстаць іх для ўласнага твора. Таму Клімент — хутчэй не багаслоў у дакладным сэнсе слова, а царкоўны пісьменнік, які стаіць ля вытокаў старабеларускай палемічнай публіцыстыкі XVI—XVII ст.

Асноўныя палажэнні філасофіі Клімента Смаляціча не былі арыгінальнымі і знаходзілі аналогіі ў візантыйскім багаслоўі і філасофіі, але ва Усходняй Еўропе гэтыя ідэі абгрунтоўваліся, напэўна, упершыню і развіваліся ў цэлым незалежна ад іншых тэолагаў. Нягледзячы на тое, што яго пасланне вызначаецца царкоўна-дыдактычным зместам і мае алегарычны характар, аўтарская асоба выяўляецца ў ім надзвычай выразна. Разважанні і самахарактарыстыкі Клімента паказваюць яго як чалавека валявога, рашучага, ганарлівага, як нястомнага палеміста, да канца перакананага ў сваёй праваце.

Клімент Смаляціч разважаў пра межы інтэрпрэтацыі Свяшчэннага Пісання, падкрэсліваў духоўна-маральную прыроду чалавека. Важнае месца ў яго светапоглядзе займалі ідэя няхцівасці, акцэнт на духоўным, вечным, непрыняцці ўсяго часовага, матэрыяльнага. Твор стаў узорам палемічнага паслання і павучальнай пропаведзі.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Гаранін С., Чамярыцкі В. Ранняе Сярэднявечча // Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў. У 2 т. Т. 1. Даўняя літаратура: XI — першая палова XVIII стагоддзя / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы; навук. рэд. тома В. Чамярыцкі. — 3-е выд., выпр. — Мінск: Беларус. навука, 2010. ISBN 978-985-08-1166-0.
  • Клімент Смаляціч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).
  • Оргіш В. Клімент Смаляціч // Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Мн.: БелЭн, 1995. ISBN 985-11-0016-1
  • Успенский Б. Митрополит Климент Смолятич и его послания // Slověne = Словѣне № 1, 2017. -- С. 171-218.