З пляцоўкі Вікіпедыя.
Кмен[3] (Cárum) — род шматгадовых або двугадовых раслін сямейства Парасонавыя (Apiaceae), з якіх найбольш вядомы від Кмен звычайны (Carum carvi), які выкарыстоўваецца як спецыі.
Прадстаўнікі роду растуць ва ўмераным клімаце Еўропы і Азіі.
Травяністая расліна. У культуры найбольш пашыраны кмен звычайны — двухгадовая (ёсць і аднагадовыя сарты) эфіраалейная расліна. У першы год утварае мясісты корань з разеткай прыкаранёвага лісця, з якой на другі год развіваецца гладкае галінастае сцябло, што заканчваецца суквеццем — складаным парасонікам. Плады маюць у сабе 3—7% эфірнага і 18—20% тлустага тэхнічнага алею. У ежу спажываюць маладое сцябло і лісце ў салатах або як прыправу да супоў, спажываюць таксама і карані кмену. Насеннем аздабляюць хлебапякарныя, кандытарскія і лікёра-гарэлачныя вырабы, квашаную капусту. Добра расце на сугліністых, угноеных арганікай глебах. Сеюць насеннем з міжрадкоўем 30 см. У першы год у міжрадкоўях вырошчваюць перамежкавыя культуры. Насенне збіраюць на наступны год.
Зноскі
- ↑ Выкарыстоўваецца таксама назва Пакрытанасенныя.
- ↑ Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. раздзел «Сістэмы APG» артыкула «Двухдольныя».
- ↑ Кмен у адпаведнасці з БЭ ў 18 тамах., Т.8. Мн., 1999, С.357-358
- Энцыклапедыя сельскага гаспадара. — Мн.: БелЭн, 1993.